Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні працы ў прыгоне/Пазыў

Калысная песьня Пазыў
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
На збанок і йдзі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пазыў (У майстэрні гразь, смурод…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЗЫЎ

У майстэрні гразь, смурод,
Духата і грукі;
Залівае вочы пот,
Млеюць з болю рукі.

Маркатлівы сьветазмрок
Ў сэрцы жальбу родзіць,
Рвешся думкамі ў далёк —
К шыры ды свабодзе.

Скрозь зацьмянае вакно
Ўзрок тайком лунае,
Дзе навокала, відно,
Поплаў разьлягае,

І ядвабны небасхіл
Ападае к гаю,
Між якога сьветны пыл
Хвалі калыхае;

Нібы золатам ліе
З высі промень сонца…
Прага ў грудзях устае
Мучыць, тне бясконца.

Адарваўся б хоць на міг
І панёсься-б, здаецца,
Да прастораў палявых,
Дзе жыцьцё ліецца;

Разгарнуў-бы там хоць раз
Як мага пастацу
Й на кароткі які час
Занядбаў-бы працу.

Але штосьці мне з кутку
Потайкам гавора:
„Цябе, браце, к верстаку
Прыкавала гора.

„І ад малых, брат, дзянькоў
Аж да труннай дошкі
Трэба часу каб ня зьвёў
Марна ты ні трошкі“…

У майстэрні гразь, смурод.
Няма й кропкі сонца;
А я мушу год-у-год
Ў ёй карпець бясконца.

Вількамір, 1912