Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні працы ў прыгоне/Касьба

Я ня маю срэбра… Касьба
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Ткачыха
Іншыя публікацыі гэтага твора: Касьба (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАСЬБА

Ня спадлі ‘шчэ раньнія росы
І сонца ня стала сіяць,
Як гострыя ў поплаве косы
Вясёла і зычна зьвіняць.

Бліскаюць рэзва на сонцы,
Сьвішчуць, шумяць у траве.
Думкі жывым валаконцам
Ўюцца ў касцоў ў галаве.

Росная гнецца травіца
Роўна, пракос у пракос.
Радасьць у сэрцы іскрыцца,
Труд нам адплату прынёс.

Гэй, разыдзецеся рукі,
Косы так востра бяруць,
Цела ня ведае мукі,
Ногі спачынку ня ждуць!

Сонца яскрава зіяе,
Ветрык нячутна шуміць;
Роўна трава правядае,
Весела сена сушыць!

Песьнямі спорыць работу, —
Бабы і хлопцы пяюць.
Поўны працоўнай ахвоты
Сэрцы іх радасна б‘юць.

Зыкі сталёвыя клёпу
Песьняй срабрыстай зьвіняць.
Ссохшае сена у копы
Бабы сьпяшаюць складаць.

Тут-жа растуць ў вачавідкі
Тоўстыя копы у рад.
Многа выказвае прыткі
Посьпех рухавых дзяўчат!

Променем смуглыя твары
Ў працы жывой аддаюць.
Многа гадзіны прыпару
Сіл у людзей адбяруць!

Толькі ня дарма ўсе сілы
Людзі сьцяраюць свае,
Праца ўвесь сьвет ускарміла,
Праца нам шчасьце дае.

Працаю сілы прыроды
К людзям у слугі ідуць,
З ёю-ж у сьвеце народы
Лепшае долі прыждуць.

Вількамір, 1912