Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні працы ў прыгоне/Ткачыха

Касьба Ткачыха
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Без работы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ткачыха (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТКАЧЫХА

За вярстатам дні і ночы,
Ў духаце нязноснай,
Я старэнна і ахвоча
Тку — ліцую кросны.

Скрып чалядаў песьню грае,
Рыпаюць вітушкі,
Чаўнакі два з краю к краю
Лётаюць, як птушкі.

Рукі вёрткія мігаюць
Ў нясупынным маху…
Дні гадзінамі мінаюць
Без сьлядоў, бяз знаку…

Прыдзе настрай і даволі…
Што-ж бы разрабіцца:
Локцяў з пару, або болей
Саскладаць па нітцы.

Эх, каб, здацца, дзень той цёгся
Хоць як два, ці далей,
Чалавеку-б удалося
Мець запасу маласьць.

А то дрэнчыш бясьсьціханьня,
Градам пот ліецца,
А ад працы, ад стараньня
Й чуць не астаецца.

Што парадзіць? Трэ‘ гадзіцца,
Пакуль прыдзе зьмена.
Дык шчыльней-жа нітка к нітцы
Цісьніся старэнна.

Не стамляйцеся ў натузе
На падножках ногі,
Супярэч атрутнай тузе
Сэрца з перамогай,

А вось болей напну жылы,
Дык крыху падспору…
Гэй, гартуйся ў працы сіла —
Вочы зорце угору!

Капыль, 1912