Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Расьсьвітаньне/Я люблю…

Жаданьне Я люблю…
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Мая стыхія
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я люблю… (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я ЛЮБЛЮ…

Я люблю, калі небны абшар,
Неспадзевана ўсім, нечакана,
Убярэцца ў адзежыну хмар,
Буйным ветрам здалёку нагнаных;

Калі гром над зямлёй прагрыміць,
Аж навокал зямля скалыхнецца,
Ды маланка агнём пачне неба паліць,
Аж яно на кавалачкі рвецца;

Калі вецер свой узьвей завядзе,
Разбураючы ўсё прад сабою,
І вакол, як ні глянь, усё гудзе,
Ў нясустрыманым буйным развою…

Я люблю гэты час! Яго ўздым
Непакорнай свабоднай стыхіі!
Нешта блізкае бачу я ў ім,
Што нутро маё радасьцю мые!

Капыль, 1912