Доўга гнулі свае сьпіны,
Доўга пот мы свой лілі
Ля фабрычнае машыны
І ля панскае зямлі.
Паднявольна мы маўчалі
Паслухмянымі ўсягды,
Другіх вечна збагачалі,
Ня вылазячы з бяды.
Доўга-доўга, але потым
Гром свабоды абудзіў
Нас ад цяжарнае слоты
І да бойкі даў прызыў.
Сіла спаўшая паўстала,
Волі промень стаў міргаць
І сям‘я працоўных стала
Жыцьцем краю кіраваць…
Гэй, дарогу! Ўзрокі ўгору!
Сіле творчай вольны ход!
Хто дагэтуль жыў ў пакоры
Хто ля іншых ліў свой пот,
Прышоў жыцьця адбудову
Неадкладную рабіць!
Устрой вольны, устрой новы
Пад хундамант залажыць!
Дзе ліліся пот з крывёю,
Дзе стаяў працоўных стон, Над свабоднаю зямлёю
Пераможны ўдарыў звон.
І зьнямелі злыя сілы,
І заціх іх дзікі рух! —
Сонца вокал засьвяціла,
Творчы пэнт паўстаў наўкруг.
Сьвет адчынен людзям новым,
Будаўнічым маладым, —
Для вялікае будовы
Жыцьце шлях адкрыла ім!
Менск, 1921
|