Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць рэволюцыі/Я жыву…

Беларуска Я жыву…
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Годзе!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я жыву… (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УРАЧЫСТАСЬЦЬ РЭВОЛЮЦЫІ

Я жыву…

Я жыву таму, што маю
Веру моцную у тое,
Што загіне доля злая,
Чорнай сілаю якая
Землю вокал аблягае,
Бы жалезнаю рукою.
Я жыву таму, што сэрца
Спадзеў ясных ня губляе,
Як улетку лісьцяў дрэўцы,
І ў надзеях, бы праз дзьверцы,
Наглядае спацар сьмерці,
Што нядолю скрозь зьнішчае.
Я жыву таму, што чую
Душой чулаю адроду,
Тую пору, хвілю тую,
Боганосную, сьвятую,
Што нясе ў сьвет дарагую
Сьветазарную Свабоду.
Я жыву таму, што бачу
Панаваньне лепшай долі,
Дзе ня будзе хутка плачу,
За якую й я даў дачу,
Што адроду прыназначыў
На крывавым збройным полі
Ў барацьбе за шчасьце й волю.

Смаленск, 1920