Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/Бягунец

Сымонка-інжынэр Бягунец
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
Штрэйкбрэхэр
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бегунец (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЯГУНЕЦ

I

Была цёмная-цёмная ноч, хоць вока выкалі. І ціхая пры гэтым. Неба нясьціхана сьлязілася ні то драбнюсенькім дожджыкам, ні то буйнаю вільгацьцю. Было пранозавата-халодна, нібы вецер калоў іголкамі. Выбітыя сотнямі ног сьцяжынкі праз збожжа і між лесу, гладкія і цьвёрдыя нядаўна, зрабіліся гразкімі і сьлізкімі. Мокрае вецьце дрэў і густая зелень травы ды збожжа, нахіліўшыся над сьцяжынкамі, зьлівалі ваду.

Франусь Доўбня, здаравенны, высокага росту чырвонаармеец, адзеты ня блага, у чорны, яшчэ мала пацёрты шынэль, порткі бразэнтавыя з галіфом і цэлыя рыжыя чаравікі, пасьпешна йшоў з лесу між густога, ужо красуючага жыта. Раз-по-разу ён азіраўся назад і ў бакі, хоць нельга было нічагуткі ўгледзець перад сабою, і ўсё прыгінаўся як найніжэй. Азіраючыся, ён спатыкаўся, трапляў у лужыны каля межаў, на межы і хрустаў зламанымі камлямі жыта. Некалькі разоў, яшчэ каля лесу, Франусь хлюпнуў у нейкую канаву, поўную вадою, і захапіў чаравікамі вады, якая, здавалася, ня мела сабе меры. Абы спатыкаўся, дык ногі выціскалі пырскі, якія ляцелі пад порткі й студзілі разгарачанае цела.

Франусь Доўбня злаваўся, ажно скрыгатаў зубамі, праклінаючы то чаравікі, то сьцежку, то жыта, то клунак, што раз-по-разу штоўхаў яго ў плечы, у бок, па руках.

Усяго прайшоў каля трох вёрст, а паганая дарога да таго яго стаміла, што чуўся цяжар на ўсім целе; пад пахамі і ў поясе папрэла, а з ілба цурком каціліся фасоліны поту.

Франусь падымаў казырок шапкі, перакладаў лепі рэвольвэр у кішэні і ў думках лаяўся:

— Каб ты згарэла, каб ты! Замучыць, ды годзе. Гэта-ж за ноч не ўбярэш гэтых пятнаццаць вёрст… Чаго добрага, каб не нагналі адно, а то…

Страх хапіў яго за горла і не даваў дасказаць выразу. З дрыгатам, які ахопліваў усю яго постаць, Франусь азіраўся назад, у бакі, угору.

Посьвіст ветру здаваўся гутаркаю многіх галасоў, якія нясьліся да яго, к яму навыперадкі.

Франусь падбягаў, сьціскаючы зубы і сэрца.

— Няўжо-такі ўспадуць на сьлед? Ці ліха ім! — суцяшаў ён сябе, нібы расьціскаючы жалезныя абручы сполаху і даючы целу выпрастацца, разгарнуцца.

— Ня трапяць, дарэмна! — разгортваў ён самаўцеху далей. — Не на таго напалі. Тут мне кожная мясьціна знаёма; кожны кусьцік свой — ня выдадуць… Мы згавораны з маленства… Ваяваць!.. Ваюйце, калі ахвоту маеце, а я…

Пасьля гэтакіх думак Франусю рабілася весялей; браў вадзёр пасьмяяцца з дурнога камрота, з політрука, з цэлае роты чырвонаармейцаў, з савецкае ўлады… Сполах, які пхнуў яго на ўцёкі, падпраўляўся нялюбасьцю да новага ладу; зашавельваў гаспадарка-шляхецкім пачуцьцём.

— Удалося, як лепш ня трэба! Шыта-крыта! Канец усім мукам. Хай іх пярун спаліць!.. Вось прыду дамоў, спачыну крыху, а там, глядзі, праз дзень-другі й палякі прыдуць — і жыві спакойна.

Франусь патрошку забываўся, як і што з ім, адкуль і куды йдзе, з якою мэтаю. У цемры ночы малявалася хата, абставіны дому, сям’я, спакой… і ногі зацішалі хаду, прыліпалі да глейкае зямлі ды прытрымліваліся ёю…

Пасьля пацягло прысесьці, перасапціся. Франусь Доўбня напружыў пагляд і пачаў мацаць нагамі ці камень, ці грудок — ня пытаючыся, ёсьць ён тут ці няма.

Пад нагамі хлюпала вада, трашчэла жыта.

— Ня буду садзіцца… Гой, што я?.. Гэта спакуса, — парашыў Франусь Доўбня, пратаптаўшыся з паўгадзіны. — Пайду, а то наляціць дзень і тады…

З посьвістам ветру рассыпаліся знаёмыя галасы; прабеглі сьпінаю мурашкі, сьціснулася сэрца. Зачасьцілі самі ногі.

Раптам — каўдобіна. З разгону апынуўся ў вадзе па пояс.

— Што за трасца! — вылаяўся Франусь Доўбня і хутчэй выскачыў на дарожку…

Яшчэ праз гадзіну нясўпыннай хады і ён прымеціў у цемры ночы якіясьці будынкі. «Нарэшце і Драбінкі», мігнула думка ў галаве, і прыемная цёплата разьбеглася па ўсім целе.

Франусь Доўбня, прыпамінаючы плян вёскі, падаўся ўправа і вышаў да платоў гародаў. Прыгледзеўся — то быў Вінцэнтаў капусьнік.

— Дзякуй госпаду, — прашаптаў ён, — я дома!

Цішком, між платоў, дайшоў да гумна.

У суседнім двары забрахала сабака. Франусь Доўбня прысеў збоку кастра дроў.

Сабака ня ўнімаўся брахаць. Паўзком, стараючыся ня шамаць, Франусь Доўбня мінуў два другія гумны і апынуўся пры сваім двары.

Густы садок усьцяж пляцу калыхаўся над дваром, дзяручы галінамі дрэўцаў салому на страсе.

— Не чакаюць! Пэўна старыя й надзею ўсякую згубілі мяне дачакацца. Вось ім — неўспадзеўкі, прымхаю. Як з мёртвых…

Франусь Доўбня з загуменьня пералез у двор, паўз сьцену падыйшоў да дзьвярэй і паспрабаваў адчыніць. Дзьверы былі замкнуты. Тады ён падыйшоў к вакну і дробным ціхім стукам прайшоў па шыбе.

— Хто там? — пачулася з-за вакна.

— Я, Франусь… адчынеце-э… — зычным шэптам падаў ён з двара.


II

Украдкаю, перашэптваючыся з бацькам, Франусь увайшоў у хату. Панясло цяплом і спакоем. Захацелася сесьці.

— Як-жа ты, сынок, умудрыўся так? Цёмнаю ночкай! — пытаў бацька.

З ляжанкі зьлезла маці. Старэйшы брат, Платон, зашавяліўся на лаве. Пайшлі запытаньні.

Франусь прысеў на лаве між двух вакон, і, седзячы, расказваў, як і што ён рабіў, каб уцячы з палка. «Падгаварыў камандзіра ўзводу, каб той дазволіў мне адлучыцца на нейкі час, а ўсё ўжо было раней сабрана. Камандзір даў дазвол, і я паціху, як-бы за справаю, пакіраваў у лес. Клунак-жа, гэты вось, яшчэ заўчасу прыхаваў у надзейным месцы. Пайшоў і — пайшоў»… што слова, то гучней, выказваў Франусь.

Бацька прыняў ад яго клунак, шынэль і боты і ўсё гэта разлажыў кожнае паасобку, што на лаве, што на ляжанцы. Маці пільна ўглядалася ў твар сына, хочучы выглядзець яго рысы ў цёмным хатнім змроку.

— Я захапіў нават з адзежы што-кольвек, — казаў далей Франусь, — і пару чаравік для бацькі. Прадаваў таварыш, а я пераняў. Цяжка да таго, што хлопцы апошняе прадаюць… Нямерна цягло ўцячы, і цяпер я так здаволен, што…

— Цішэй вы троха, — пераняў Платон, не паднімаючыся з лавы, — можа ў двары хто, слухае…

Франуся запалохала братняя перасьцярога. Раптам вярнулася нядаўнае пачуцьцё страху. Ён павярнуўся да вакна, каб паглядзець у двор, але тут-жа апамятваўся і адхіліўся назад. Чаго добрага — угледзяць знадворку і тады… Раптам цяпло, хатняя гасьціннасьць — адыйшлі дзесьці назад. У вачох, у гушчы змроку замігалі цудоўныя нарысы нейкіх падазроных вобразаў. З вокан, якія стаялі супроць вачэй, нібыта хтось падглядаў. Брат не падымаўся з лавы, дзе спаў, і гэта непакоіла Франуся. А мо’ Платон асьцерагаецца?

— Што-ж у Драбінках чуваць? — запытаў ён цішком. — Чакаюць палякоў ці не?

— Пэўна скора прыдуць — бо бальшавікі вывозяцца. Усё-ўсё пазабіралі з рэўкому ды з маёнтку. Некалькі падводаў выправілі, растлумачыў бацька.

— І яшчэ ўсё зьбіраюцца браць, — дадала маці.

— А самі як? Выехалі, ці засталіся яшчэ? — дапаўняўся Франусь.

— Не, дзеткі, — яшчэ процьма іх тут. Нядаўна найшло, што ў маёнтку памясьціцца ня могуць. Каравулаў — поўна вёска…

— Лажэцеся ўжо вы, — недавольным голасам падаў Платон, — найшлі час гэткую гутарку вясьці.

Якраз на вуліцы пачуўся сьвіст. У адказ забрахала некалькі сабак. Франусь мігам прылёг на лаве, дрыжучы ўсім целам. Бацька адыйшоў к печы, а маці прыгнулася к зямлі.

— Вось кожны раз нешта бунтуюць ды бунтуюць, — шэптам выказалася яна, — няма ім зводу, гэтым паганым бальшавіком. Хай-бы ўжо хутчэй яны ўцякалі…

Між хаты прабегла некалькі чалавек. Дзесьці, ля рэўкому, два разы стрэльнулі. Як быццам-бы нехта крычаў; стукалі калёсы фурманак.

Франусь калаціўся, як у трасцы. Колькі было мажлівасьці, ён туліўся да сьцяны. Бегатню каля хаты ён прыняў за самую страшную адзнаку. Хаця-б не пагоня за ім? Уцячы-б з хаты? І хацелася і баяўся. А калі хто стаіць каля хаты? Што тады? Не, лепш заставацца ў хаце.

Жадалася мець раду ад бацькоў, ды нешта трымала язык. Нельга гутарыць ні ў якім разе.

У хаце стаяла ціш, нібы нікога ня было ў жывых. Можна было бзынканьне мух прыняць за посьвіст ветру.

Так працягнулася каля гадзіны. На вуліцы даўно заціхла трывога. Вёска мэрам замерла ў спакоі, а ў хаце Доўбняў ніхто не падаваў жыцьця.


III

Золкам на вёсцы трывога аднавілася. Часты стрэл абняў яе жалезным паясом з усіх канцоў. Стукатня й крыкі напоўнілі паветра.

Нельга было спакойліва сядзець у хаце. Трэба было шукаць якое рады.

Уся сям’я Доўбняў узварушылася й зарухала па хаце. Ніхто ня ведаў, што пачаць, хоць чулі аднакава ўсе, якая прыгода напаткала іх вёску.

Старая Доўбніха намерылася выскачыць на двор, але гаспадар, хапіўшы яе за рукаў, супыніў.

— Куды ты, саматугам на ражон?! — вылаяўся ён. — Кладзіся лепш на землю ды моўчкі чакай канца.

Гэта рада падала знак усім: сталі хавацца хто куды. Франусь, не даючы сабе адчоту ад спалоху, кінуўся к падпечку, але нешта затрымаўся і падлез пад пол. Старэйшы брат схаваўся ў куце пад сталом; дзеці асталіся на печы.

— Сьвяты божа, перагані ты гэту навалу хутчэй! — малілася ў шэпт старая Доўбніха.

Гаспадар яе спыняў:

— Маўчы ты ўжо… ша-а… Ці ня чуеш, што бегаюць паўз хату.

Старая змоўкла, але нейкая балючая цікавасьць заставіла яе падняць вочы і паглядзець у вакно.

Чырвоны пук сьвятла кінуўся ёй у вочы і тут-жа як прыбіў на месцы. Старое цела ахапіў паралюш.

— Гарымо-о! — адзічэлым піскам, сабраўшы ўсе сілы, выгукнула Доўбніха.

Зразу ўсё ачуліся ў вокнах.

Вуліцаю вёскі йшла купа польскіх салдат, як-бы вядучы за сабою адзнак свайго нападу — шырокую палатніну агню, які зьядаў будынак рэўкому.

Дзесь, у процілежным ад іх канцы, чуваць было па зыку, што за алешнікам адбывалася частая ажыўленая перастрэлка.

У Доўбняў закоўзала па тварах здавальняючая ўхмылка. У нядаўна дрыготных нагах пачуўся ўстой, нібы хтось падлажыў пад іх знарочыстыя падстаўкі.

— Глядзі, Франусь, як добра ты трапіў! Цяпер будзь сьмелым! — пацешыў сына стары Доўбня.

Франусь маўчліва парадаваўся.

— Перабыў… так…

— Ото-ж, дзякаваць богу, добра. Як-бы спрыязна нябесная падышла.

З многіх хат, асьмеліўшыся, вышлі на вуліцу кабеты й дзеці. За імі паказалася некалькі старых.

— Хаця парадак які будзе! — паважна выказаўся стары Доўбня.


IV

К паўдню, калі страх крыху прайшоў, у хаце Доўбняў канчаткова супакоіліся. Пасьля перажытага ня верылася, што ўсё добра абыйшлося. Тым болей цешыла ўсіх за Франуся, што ён вылузаўся ад бальшавікоў і не астаўся адрэзаным ад бацькоў. Цяпер, калі прыйшлі палякі, яны разьлічвалі на поўны спакой. Водлуг гэтага разьлічэньня Доўбні строілі пляны на будучае, радзячыся ўсёю сям’ёю. Франусь меў першую скрыпку і ў сямейнай радзе настайваў рабіць па ягонаму разуменьню.

— Ты ўжо не спрачайся, Даніла, — перабівала гаспадара Франусёва маці, — Франусь не абмыляецца, калі так кажа.

Бацька згаджаўся, згаджаўся й Платон.

— Франусь сьвецкі чалавек!

Па гутарцы, у якой не прамінулі ніводнага хатняга пытаньня, нацешыўшыся ўволю нечаканым прыбыцьцем Франуся, Доўбні прыбраліся да полудню.

Зарухалі па хаце, заклапаціліся.

Франусь з аблягчэньнем на сэрцы, разважным тонам у другі раз пачаў апавядаць аб сваім «паходзе на пабыўку», як ён ахрысьціў свае ўцёкі з Чырвонае арміі.

Хітрасьць і сьмікалка, чаго не шкадаваў для сябе Франусь, цешылі бацькоў да сьмеху.

— Ды ты ў нас ведамы, — прыгаварвала маці, — абы з якім розумам не ашукаць цэлае роты бальшавікоў. Сядайце-ж за полудзень, — звала яна ўсіх.

Але ня ўсьпелі засесьці за стол, як на двары за вакном пачулася польская гутарка. Чуваць было, што палякі робяць нейкі абход па хатах.

— Пэўна рэгістрацыю вядуць, — заспакоена сказаў Франусь, прымаючыся за міску. — Так скора? Мо’ хіба на пастой? — недаверна дадаў Франусёў брат.

Ніхто не паглядзеў у вакно.

А Доўбніха пайшла к дзьвярам, каб адчыніць і сустрэць палякаў.

— Тут чыя кватэра будзе? — пераступаючы парог, запытаў адзін з траіх палякоў.

— Гэта хата Данілы Доўбні, проша пану, — адказала старая.

Трое ўвайшоўшых аглядзелі хату і раптам спыніліся на Франусю.

— А то што за салдат? — робячы крок да стала, запытаў адзін.

Франусь міжвольна ўстаў з-за лавы і, не знайшоўшыся што адказаць, палахліва запыкаў:

— Я… учора я вярнуўся-а… з чырвонае…

— Як, як, як!!! — падхапілі ўсе трое палякоў і, абураныя да злосьці, кінуліся на Франуся, крычучы:

— Бяры да офэнзывы!

— Страляй яго!

— Бальшэвік паганы!

— Шпег!

Запалоханыя Доўбні згрудзіліся ў кучу і наперабой путаючы словы і іх сэнс, пачалі разважаць абураных палякоў.

— Паночкі-ы, — казала Доўбніха, — Франуська мой толькі ўчора ноччу прыбег ад бальшавікоў… Ён іх ненавідзіць сам… Не чапайце яго, паночкі-ы…

— Ён будзе вам служыць… ён… — прасіў бацька.

Але палякі не ўважалі на нічога: схапіўшы Франуся, яны моцнымі таўхачамі папхнулі яго да дзьвярэй.

Старыя бацькі кінуліся цалаваць рукі палякам — тыя іх сярдзіта адпіхнулі, зачыніўшы дзьверы.

— Страляй яго! Да офэнзывы! — ня сьціхалі крычаць яны ў сенцах і вывеўшы Франуся на двор.

К хаце Доўбняў зьбеглася грамада вяскоўцаў. Многія пачалі закідаць за Франуся словы. Але яны былі гарохам у сьцену: палякі, не зварачаючы ні на кога ўвагі, павялі Франуся на расправу.