Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/Сымонка-інжынэр

Шукаючы працы Сымонка-інжынэр
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
Бягунец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сымонка-інжынэр.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЫМОНКА-ІНЖЫНЭР

I

Сымонку Кеплю было дзесяць гадоў ад роду; ён быў старшым дзіцём у сваіх бедных бацькоў, гарбара Андрэя і Луцэі Кепляў. Апроч Сымонкі, яны мелі яшчэ дзьвёх дзяўчатак: Параску — старшую і Марыльку — малодшую. Як пяршука, Сымонку любілі і бацька і маці дужа шчыра й крэпка; ды было завошта яго любіць. Сымонка быў хлопчык рэзвы, дасьціпны, заўсёды вясёлы і, галоўнае, паслухмяны да сваіх бацькоў. Ніколі ён не адказваўся выпаўніць бацькава ці матчына даручэньне і ні словам не пярэчыў іх прыказаньням. Ці пашлюць Сымонку ў краму купіць што, ці да суседзяў — што-колечы пазычыць; ці прыкажуць вартаваць хату, пашоўшы самі ў заработкі — Сымонка да дробязі выпаўняў наложаную на яго павіннасьць.

Да ўсіх іншых якасьцяй меў ён і розум ды здольнасьць не па гадох.

За гэта Сымонку бацькі ставілі ў прыклад, калі заходзіла ў іх гутарка аб дзецях. «Наш Сымонка, будзь ён здароў, удаўся хлапчук», казалі яны.

А між сабой у вольны час разважалі Андрэй і Луцэя Кеплі так:

— Ведаеш, Луцэя, мы свайго Сымонку вучыцьмем і вучыцьмем. Аж пакуль сілы нашае хопіць. Скончыць ніжэйшую школу, аддамо вышэй, а там яшчэ вышэй і да канца…

— Вядома, што так было-б вельмі добра, каб выстарчыла нашых сіл. Але тое блага, што гэта гатова стацца нам не пад сілу. Заработкі нашы невялікія — толькі што пражыць сяк-так хапае. Ды то, бачыш во, на зьняпад ідзе тваё рамяство. Умяшалася гэта рэволюцыя і як ёсьць, усё ўверх дном паставіла. Чакалася аднаго, а напаткала другое. Тымчасам сілы твае пакрысе растаюць… Няведама, Андрэй, як яно выйдзе.

Луцэя судзіла пасвойму, як і заўсёды, а ў нутры сваім думала: «будзем старацца з усіх сіл».

— Кінь ты, дурная, сваю няверу, — перабіваў Луцэю Андрэй, — ну, хай пакуль і цяжэй чуецца, але гэта часова так… Гэтая цяжкасьць мінецца, пяройдзе, і нашаму брату-рамесьніку куды лягчэй зажывецца. Мала што бывае… Паглядзі, колькі ўсякіх труднасьцяй прышлося спаткаць рэволюцыі на сваім шляху: тут і немцы, тут і палякі… Апошнія ўжо болей паўгода, як топчуцца і дратуюць нашу зямлю. А прагонам іх — іначай пойдзе. Будзе навука нашай — і сродкаў ня так шмат патрабуецца на Сымонку, каб яго вучыць… Навучым, за інжынэра вывучым…

Калі так казалася пры Сымонку, то ён пільна слухаў бацькоў, здавальняюча ўсьміхаўся і падрастаў на некалькі каргоў. «Буду інжынэрам! Буду інжынэрам!» — пераказваў ён па некалькі разоў сам да сябе, а бацьком хваліўся:

— Мяне, татачка, мяне, мамачка, вельмі любіў настаўнік: заўсёды казаў, што я старэнны і здольны яго вучань, паслухмяны хлопчык, што з мяне могуць выйсьці людзі.

— Ай, ды ты мой разумнік, — гладзіў Андрэй па галоўцы свайга сынка, — выйдуць, выйдуць з цябе людзі! — і цалаваў.

А Луцэя дадавала ўсьлед:

— Трэба, Сымонка, быць чалавекам, трэба. Выйдзеш сам у людзі і сваіх сястрыц выведзеш.

Параска й Марылька згодна й рашуча заключалі бацькаўскія гутаркі па свайму разуменыню і дапаміналі бацьком:

— Як Сымонка паедзе вучыцца за інжынэра, хай нам лялек прышле.


II

Мястэчка Ступа, у якім жыў Сымонка з бацькамі й сестрамі, стаяла пры рэчцы Плаўні. Пачынаючы з пятнаццатага году, яно ўвайшло ў вадакрут вайны і не пазбаўлялася яе ажно да прыходу на Беларусь бальшавікоў. Праз чатыры гады ўсякія страхі абыймалі Ступу і ступаўцаў жалезным колам страляніны, чырвоным полагам пажараў. Забываліся падлічыць, колькі разоў пераходзіла мястэчка з рук у рукі: адны прыходзілі — бралі, выдавалі свае законы, пасьля аднекуль зьяўляліся другія — адбіралі ад першых, адмянялі іх законы й парадкі. І кожны раз у гэткіх выпадках ішла страляніна, валяліся па вуліцах раненыя і забітыя людзі, стаяў шум, траскатня. Міжвольна ступаўцы прымірыліся да гэткай сваёй долі. Найбліжэй зрадніліся з неспакоем дзеці. Іх цікаваму задзёру хапала досыць яды, а на дзіцячую чулую душу было чаму ўплысьці.

Захапіла ваеннае паветра і Сымонку. Ён часта-густа станавіўся правадніком у дзіцячых гульнях у вайну. Гэта да таго падабалася Сымонку, што ён і слухаць не хацеў бацькаўскай гутаркі аб інжынэрстве. «Зрабеце з мяне лепш афіцэра, і я буду з палякамі ваяваць», — адказваў бацьком Сымонка. Тым болей яго падбівала вайсковасьць, калі бацькі, гутарачы аб забраўшых Ступы і ваколіцы палякох, пракліналі іх і чакалі скорага збаўленьня.

Сымонкаў бацька больш сямі месяцаў пры паляках ня меў работы і два разы быў заарыштаваны за лаянку польскіх парадкаў. З вялікімі труднасьцямі прышлося ўсадзіць Сымонку ў школу. «Кепля — «бальшавік», казалі палякі й рабілі яму ўсякія злачынствы. За гэта Сымонкавы бацькі і клялі і лаялі палякоў. Ды не адны бацькі! Сымонка бегаў да таварышаў і чуў, што таварышавы бацькі таксама точаць зубы на «паноў-захопнікаў». Запала і ў яго чулую дзіцячую душу гарачае пачуцьцё крыўды і помсты да агульнага ворага. І з гэтага часу ў сваіх гульнях з дзяцьмі Сымонка перамяніў характар і выразнасьць дзеяў, ахрысьціўшы немцаў — палякамі, а расійцаў — чырвонаармейцамі. Кожны раз ішла бойка ў іх між двумя гэтымі станамі. Сымонка заўсёды быў начальнікам чырвонаармейцаў. Ён чуў, як бацька цішком паведваў мацеры аб хуткім іх прыходзе ў Ступы і сам з нецярплівасьцю чакаў. Абы раніца — выходзіў з хаты на вуліцу, узлазіў на шула і глядзеў на ўсход, за рэчку, ці ня йдуць чырвонаармейцы. Сымонка чакаў, што яны прынясуць яго бацьку работу, а дзеля ўсіх вызваленьне — штосьці вялікае і каштоўнае, бо вельмі ўсімі пажаданае.

— Татачка, ці-ж скора прыдуць чырвонаармейцы? — часта пытаўся Сымонка ў бацькі.

— Скора, скора, сынок. Ты толькі маўчы, нябож, не плявузгай дзе ня трэба, — перасьцерагаў бацька.

Сымонка слухаў бацькі — баяўся каму-кольвечы казаць пачутае ад яго. Але затое сам-на-сам ні на хвілю ня мог звольніцца ад думкі аб чырвонаармейцах; яны здаваліся яму на кожным кроку. А далей сталі сьніцца. Абы лёг на пасьцель, заплюшчыў вочы і сумеўся, як адразу цэлыя грамады людзей перад ім з песьнямі, са сьцягамі, з падарункамі для ступаўцаў. Уваходзяць у Ступы, праганяюць палякоў, надзяляюць імі яго бацькоў, бацькоў Якава, Грышкі і Мікіты і ўсіх-усіх.

Раніца ў раніцу прачынаўся Сымонка вясёлы і здаволены, падбягаў да бацькоў і пераказваў ім свае сны; а скончыўшы расказваць, дадаваў:

— Хай толькі сапраўды прыдуць чырвонаармейцы ў Ступы, дык я разам з імі пайду біць паноў.

Андрэй усьміхаўся, гладзіў Сымонку па галаве і казаў:

— Ваяка мой залаты, рэволюцыянэр мой адважны!

— А вы пойдзеце? — пытаўся Сымонка ў бацькі.


III

Аднэй раніцай, якраз ў сяродку лета, разбудзіў Сымонку гучны стук гармат. Ён сумеўся ад страху і выгукнуў на хату:

— Тата! Мама! Што гэта?

Але ў хаце нікога, апроч сястрыц, ня было. Тады Сымонка хутка начапіў на сябе порткі і кашульку і пабег з хаты. Выбег у двор і жахнуўся: была поўна вуліца войска. Ішлі, ехалі вярхом на конях і на вазох. А дзесь за местам, ля магілак, на адгоне двух-трох вярстоў ад іх хаты, ішла частая страляніна. Па мястэчку стаяў шолам, як у лесе, як у дні вялікіх кірмашоў. Усё гэта ўзьюшыла Сымонку, прыдало яму бадзёрасьці, імпэту, пацягнула з двара на вуліцу.

— Сымонка-а, куды-ы ты прэшся? — супыніла хлапчука маці, запрымеціўшы, куды той бяжыць, — ці ты ашалеў, ці якое ліха? Бачыш, страляніна гэткая, што не давядзі госпад…

— А дзе наш тата? — запытаў Сымонка ў мацеры.

— Тата? Не глядзі на тату… Ён пайшоў з цёмнага, дык і цяпер няма. Можа таксама дзе-кольвечы кулю атрымаў…

Пачуўшы гэта ад мацеры, Сымонка больш нічога не сказаў, а як уюн порстка шмыгануў з двара і захаваўся ў гушчы чырвонаармейцаў, падводаў.

— Куды-і ты, абармоціна-а! Сто-ой! — выгукнула ўсьлед Луцэя і кінулася к вешніцам, каб супыніць хлапчука. Але, выбегшы на вуліцу і акінуўшы ўзрокам шэрагі чырвонаармейцаў, якія неперарыўнаю чарадою выходзілі з аднаго канца вуліцы і накіроўвалі ў другі, яна ня ўгледзела Сымонкі. Маладзіца ажно садрыгнулася ад пярэпалаху, але ня ведала, што зрабіць, і ў нерашучасьці прастаяла хвілін з дзесяць на адным месцы, а пасьля вярнулася зноў у двор.

Сымонка-ж апукаю каціўся ўздоўж вуліцы к рынку. Яму вайшло ў голаў, што яго бацька павінен быць там, дзе адбываецца бойка з палякамі. Ён успомніў бацькавы словы, якія бліснулі яму чырвонымі іскрамі. Дзіцячае нутро, запаленае ад іх помстаю да паноў, да праціўных паноў, якія праз цэлы год так ліхамысна зьдзекваліся над яго бацькамі, сьвідравала Сымонку, пхала яго бегчы на тое месца, дзе чынілася ім адплата.

— Куды ты, пастралёнак? — перапынялі Сымонку чырвонаармейцы, хапаючы яго за руку: — там цябе застрэляць, варочайся.

Сымонка вырываўся і праныраў далей ды далей. Ужо каля рынку ён спыніўся. Страляніна падалася ўлева, за касьцелішча. Каб бегчы да яе, трэба было зьвярнуць з вуліцы, пакіраваць на гароды, а далей — у луг к могілкам. Сымонка задумаўся, памеркаваў і раптам мерзькануў у бліжэйшы двор. Не азірнуўся ні разу на чырвонаармейцаў.


IV

Праз некалькі хвілін ён ужо быў у лагу, у густой мяккай траве, на адгоне вёрст паўтары ад могілак.

Між кустоў і ўзгоркаў, дзе хаваліся крыжы, ня сьціхалі раздавацца то частыя, то аднаразовыя стрэлы. Паміж імі чуліся людзкія выгукі. Сымонку памарылася, што ў агульным голасе «гура» адмецен голас яго бацькі. Ён узорыўся ў адну прагаліну між нізкага густога куста арэшніку і стромага покату ўзгрудку. Прытуліўшыся шчыльна да зямлі, ляжаў там чалавек і мерыўся з стрэльбы наўскасяк. Палкае выабражэньне Сымонкі стварыла з чалавека яго бацьку: рудаватая шапка на галаве, кароткі чорны курцік — акурат. Хлапчук нязьмігутна ўзіраўся і ўсё паўней і выразьней адзначаў бацькавы рысы. Сэрца трапятала вострым жаданьнем хутчэй апынуцца каля яго, хаб хоць раз стрэліць у пана. Жаданьне гнала Сымонку ўбежкі. Адно мігцелі белыя ножкі ў высокай мятліцы, путаючыся ў дзяцельніку і сьвірэпе. Сагнуўшы ручкі на востры вугал і падняўшы іх роўна з плячыма, ён рытмічна, як на гімнастыцы, пасоўваў іх то ўзад, то ўперад. Часта сапучы, Сымонка ціха шаптаў адны й тыя словы: «хутчэй-бы дабегчы! хутчэй-бы дабегчы!»

Праз паўгадзіны ён ужо быў на грудку, за якім ляжалі могілкі. У вочкі кінуліся крыжы, жоўты пясок на могілках, бегатня людзей.

— Тата-а! тата, дзе ты? — гукнуў Сымонка.

Зусім недалечка, як-бы над самым яго вухам, раздаўся гулкі залп: аглушыў Сымонку, ажно зьбіў з ног. Хлапчук упаў, але раптам падняўся і кінуўся ўбок. Знаёмая прагалінка нібы вынікла з зямлі перад яго вачыма і нявызнанаю сілаю пацягнула Сымонку да сябе.

— Та-та-а! — выгукнуў ён, бягучы, і з радасьці разьняў рукі. Той-жа чалавек, якога ён бачыў здалі ў прагаліне, і які выдаваўся Сымонку за бацьку, глядзеў яму насустрэч, выставіўшы вінтоўку.

— Тата-а! — пераказаў выгук Сымонка, прабегшы яшчэ некалькі крокаў. І не пасьпеў адсапнуцца, як штосьці грукнула і адначасна моцна стукнула яму ў пах, паваліўшы яго ніцма на зялёную мураўку. У вушох зазьвінелі кусочкі раструсчанага шкла, а па ўсяму целу расплылася цяплыня і санлівая ўтома. У паясьніцы да таго моцна закалола, што Сымонка хапіўся рукою, думаючы, нібы яго хто рэжа. Вочы заплюшчыліся самі, і як ні тужыўся ён адчыніць іх — ня мог. У вушох стаяў працяжны бразг…


V

Праз нейкі час Сымонка пачуў над сабою чыйсьці голас, які пытаў:

— Хто ты, малы?

— Я… я Андрэяў…

— Чаго ты сюды папаў?

— Тут бацька мой…

Пяцера чалавек з вінтоўкамі — два паўстанцы з мястэчка Ступы, а тры чырвонаармейцы — стаялі над хлапчуком, які ад болю шоргаўся па зямлі, і з бацькаўскаю спагадаю суцяшалі яго. Але Сымонка ўжо ня чуў іх слоў — памяць пакідала яго.

Ня маючы адказу на свае словы, двое стаяўшых каля яго паўстанцаў паднялі Сымонку на рукі і пайшлі з ім да бліжэйшых кусьцікаў, дзе асьцярожна палажылі яго на зялёную мураўку.

— Ты пабудзь з ім, Сідар, а я пабягу к курганом, пазаву Андрэя; павінен быць з левага флангу, — сказаў адзін паўстанец да другога.

Сідар згодліва кіўнуў галавою, узяў на плячо вінтоўку і паціху затупаў каля Сымонкі; другі хутка, бягом кінуўся праз могілкі да курганоў. Сідар чуў, як ён, адбегшыся мо’ на гоні, гукнуў: Андрэ-эй! Андрэй! — і пахіліўся да хлопчыка, каб зазірнуць яму ў вочы.

Сымонка спакойна ляжаў, як-бы бяз дыху, паблядзеўшы, схудаўшы. Чырвоная, запечаная кроў малюнковым нарысам засушаных пацёкаў пярэсьціла радняныя замурзаныя порткі. Правая рука, зложаная ў жменю, як-бы ня пускала скатвацца на траву новым каплям крыві.

— Дарма хлапчук прапаў! — парашыў сам з сабою Сідар. — Каб карысьць якую зрабіў!? Бацьком гора набыў…

Ён адвярнуўся ўбок курганоў і пільна паглядзеў, зрабіўшы пальцамі казырок над вачыма.

— Ня відаць нікога! Дзе ён дзеўся? Пакінуў тут аднаго…

Сідар зрабіў некалькі крокаў узад і ўперад, адцягнуўшыся ў думках зусім на другія рэчы і выпусьціўшы з галавы Сымонку.

— Сідар, га, Сідар! — раптам перабіў яго раздум нейчы вокліч.

Сідар азірнуўся — то аклікаў яго таварыш.

— Няма, брат, і Андрэя! — матнуў той рукою з нейкім азлабленьнем: — ляжыць вунь пад курганом. Кінуўся, кажуць, пярэднім на польскі разьезд і адразу-ж атрымаў кулю. Толькі-толькі я пасьпеў дабегчы. Можа чуў, як стралялі?

— Ды ўвесь час страляюць… Вось скажы, што з малым рабіць?

— Давай панясем да бацькі! — парадзіў Сідар.

Пачапіўшы вінтоўкі цераз плечы, паўстанцы схіліліся над Сымонкам і асьцярожна ўзялі яго на рукі.

— А мо’ ён яшчэ не дайшоў?

Сідар крануў рукою Сымонкавага ілбу, пасьля прылажыў вуха да грудзей.

— Ды ўжо па ўсім. Вечны пакой… Удваіх ляглі за сьвятую справу… Хадзем, брат Сымонка, да бацькі…

Паўстанцы сьпешна панясьлі няжывога Сымонку к курганом.