Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/Трэскі на хвалях

„Больш за ўсіх“ Трэскі на хвалях
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
Чырвонаармеец Панкел Ліпа
Іншыя публікацыі гэтага твора: Трэскі на хвалях (Гартны, апавяданне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТРЭСКІ НА ХВАЛЯХ

I

У канцылярыі Вікурскага іспалкому, падзеленай на дзьве палавінкі, таўклося процьма людзей. Адны забеглі выясьніць справу з падаткам, другія зашлі папрасіць у прадсядацеля дроў, трэція наведваліся за дапамогаю, а некаторыя так, проста сабе, зашлі. Гамонка дзелавітая, просьбы са сьлязамі на вачох, спрэчкі, выкрыкі ўмольныя, ласкавыя словы знарочыста «прыніжаных» напаўнялі дзьве невялікія каморкі, брудныя, з разьбітымі вокнамі, неапаленыя, з пашарпанымі, замурзанымі абоямі. Некаторыя з прышоўшых выказвалі сябе сьмелымі і вялі гутаркі са служачымі іспалкому разьвязна, за панібрата, другія-ж, па старому звычаю, чулі сябе ў іспалкоме, як-бы ў якой канцылярыі царскае воласьці або станавога, і падыходзілі да сталоў дзелавода ці загадчыка аддзелу з нейкай палахліваю асьцярогаю, з аглядкамі навакол і назад, з падазронасьцю.

У дзьвёх каморках, якія складалі канцылярыю іспалкому і разам чуць ня ўсе аддзелы, за вылучэньнем «габінэту» прадсядацеля і «габінэту» ваянкому, стаяла па куткох каля шасьці сталоў. На кожным стале ляжала па некалькі «спраў» у сініх і жоўтых вокладках, вылупленых у памёршых канцылярыях старога ладу. У суседзтве з справамі стаялі разнаколерныя чарнільніцы з невялічкім запасам вадзяністага чарніла. Добрая колькасьць гэтага чарніла апынулася напаверсе сталоў, размаляваўшы іх большымі й меншымі плямкамі. Але й таго запасу, які меўся ў бутэльках, для дзелавода й для загадчыкаў аддзеламі было даволі. Яны спакойна раз-по-разу мачалі асадкамі ў пляшачкі, прыгінаючы іх на бок, каб больш насыціць пёрка, і з перабоямі між гаворкаю выводзілі нямудрыя запісы на кавалачках рознага сорту й гатунку паперы. Часта, абмачыўшы пёрка, яны й не дакраналіся да паперы, а, гаворачы з просьбітамі, хвілінамі трымалі асадкі напагатове да пісаньня, а потым мачалі іх зноў у чарнілы.

Ды, запраўды, куды там было да спакойлівае пісаніны, калі нельга было вольна ўздыхнуць ад людзей, якія ўсё прасілі й пыталі. Здавалася, з нецярплівасьцю можна было многіх вылаяць за назойлівасьць і ачамернае прыставаньне, можна было са многімі пасварыцца. Але гэта ня было навіною для іспалкомцаў. Штодня, праз паўтара гады ад часу палякоў, у іспалкоме панаваў настаяшчы кірмаш. На ўсю воласьць трэ’ было раздаваць прыказы, кіраваць зямельнаю, лясною, працоўнаю справамі, судзіць, радзіць, памагаць, уладаваць, наводзіць парадак і ўмацоўваць савецкую ўладу. І з усіх канцоў воласьці, з яе мядзьведжых куткоў накіроўвалі за разьясьненьнем кожнага пытаньня ў іспалком.

Як толькі пачыналася раніца, ужо не зачыняліся дзьверы; мэрам на станцыі — яны хадуном хадзілі ўзад і наперад, з прычыны чаго бясконца стаяў стук і бразганіна. У іспалком ехалі ахвотна і сьмела, а таму кожная маленькая, зусім нязначная справа адводзілася ў яго на абгавор. Чаго-ж! Свае людзі, бяз крыку, пасуседзку могуць усё абсудзіць і вырашыць. Ды ня толькі заяжджалі з простымі пытаньнямі, а нават так, бяздай-рацыі, заходзілі ў іспалком штодня шмат людзей, найбольш мяшчан-вікураўцаў, якія любілі парадзіцца аб розных пытаньнях свайго куту і аб навінах у сьвеце. Іспалкомцы, хоць і комуністыя ў большасьці, але свае людзі, выгадаваныя на вачох, — чаго-ж іх сароміцца ці баяцца? Ня выжануць. І кожнага дню паміж дзелавымі заежджымі было шмат проста зайшоўшых. Іх ужо можна было адмеціць па нядбайнаму, спакойліваму выгляду твару, па шырока выказванай суседзкасьці. Многа з гэткіх праз частае наведваньне пазналіся з унутранымі распарадкамі іспалкому і часта падавалі тую ці іншую раду незнаёмым з нічым, рэдка ці ўпяршыню прыяжджаўшым.

Сідор Браварка, адчыніўшы дзьверы, зразу трапіў на аднаго з гэткіх дарадчыкаў і запытаў:

— Скажэце, дзе тут займаецца Андрэй Камель?

— А? Гэта загадчык асьветы? Вунь у тым куце. Прайдзеце. Каля яго, здаецца, менш усяго людзей, ён вас выслухае.

Сідор Браварка павёў носам у дымным згушчаным і зьлёгка смуродным паветры, кіўнуў нездаволена галавою і павярнуў к паказанаму кутку. Гурток сялян, што перагароджваў дарогу, расступіўся, і ён вольна падышоў да стала, за якім сядзеў загадчык асьветы, Андрэй Камель.

— Здароў, колега! — прывітаў Сідор Браварка зьнянацку.

Андрэй Камель хутка адняў вочы ад папераў, зьдзіўлена паглядзеў у твар Браваркі і адказаў:

— Якім гэта чынам? Вось дык не чакаў, брат! Калі прыехаў? Як надоўга? Што ў цябе новага чуваць? Як здароў? — засыпаў Камель прыяцеля шэрагам запытаньняў. І, не чакаючы, пакуль той пачне адказваць, абгледзеў навакол стала, мэрам-бы чаго шукаючы. Пасьля, спыніўшыся вачмі на паламаным зэдліку, праказаў да Сідора:

— Сядай і расказвай.

— Што, брат, расказваць! Ці варта, наогул, гаварыць?

— Чаму?

— Ды таму! Аб чым цяпер будзеш гаварыць? Ласьне можна найсьці што-кольвечы цікавае… — Сідор матнуў недаверна рукою і яхідным возіркам абвёў канцылярыю іспалкому. — Вось так, як гэта — усюды. Што ты будзеш казаць… Гніль, смурод, чад… Эх, ня тое, брат, аб чым мы калісьці марылі! Помніце, колега?

Сідор дастаў з кішэні сярэбраны партабак, спрытным замахам пальцаў адчыніў яго і працягнуў да Андрэя. Гэты міжвольна падаўся да партабака ўсім целам і нясьмела двума пальцамі выняў пахучую надушаную папяросу.

— Бач, яшчэ маеш… Ня тое, як мы тут… Самасейку глумім.

— Да гэтага пакуль яшчэ не дайшло. І думаю, ня дойдзе. Трэба меркаваць, дарагі, каб не апынуцца пад абсацам гэтага тыпу… Вось трымаюся сяк-так. І не скажу, каб давялося цярпець, як другім…

— А цікава, бок, ты дзе цяперака ўстрэмлен? — пацікавіўся Андрэй.

— У прадкоме ў Проўску.

— Даўно ўжо?

— Ды вось амаль не паўтары гады… Ці-ж ты не атрымаў майго ліста? Я-ж паведамляў цябе аб гэтым… Як вышаў з асьветы, дык зразу й паступіў у прадком… І, знаеш, павязло: устроіўся добра. Ну, а ты тут?

— Як бачыш, усё тут. Важдаюся, брат, са шкрабамі ды з мяшчанамі. Па вушы працы. І, прызнацца, цікавай працы.

— Ай, кінь ужо ты з яе цікавасцю: я ведаю яе! Перанёс на сабе і трудавыя школы, і двух-ступянёўку, і… беларусізацыю… Пачуў увесь смак…

— Таварыш Камель, — перабіў Браварку якісь мешчанін, не падыходзячы блізка да стала.

— А што, дзядзька?

— Вы там, таварыш, наказвалі, каб я зашоў да вас наконт майго хлопца. Вось я й прышоў. Вы, калі ласка, дазвольце вам усё разьясьніць…

— Нічога, дзядзька… Я ўжо ўсё ўладзіў: я зазываў да сябе настаўніка й наказаў яму, каб другі раз ён без саюзу так не рабіў. Нічога, будзьце супакойны — справа залатвена.

— Дзякую, таварыш. Вельмі дзякую, а то мне столькі клопату паддаў ён, што…

Андрэй матнуў рукою і селянін замоўк, схінуўся перад ім і завярнуўся ад стала.

— Вось гэта табе цікава? — пасьмяяўся Сідор. — Ня ведаю, хіба ты зьмяніўся, а як судзіць паранейшаму — то наўрад ці могуць цябе зацікаўляць гэткія справы… Трэба, наогул, напалову адрачыся ад самога, каб з цікавасьцю аддацца гэткім справам… Я ня ведаю, як ты, ну, а я ўсё яшчэ не магу згадзіцца з усім гэтым.

— Што ты, Сідор, узапраўды? Здаецца ж ты ня горай мяне жывеш, а… — вымавіў Андрэй і супыніўся, угледзеўшы, што ў канцылярыю ўвайшлі настаўнік і настаўніца вікурскае школы.

— Я табе скажу: гэта ня тое, каб даводзілася дрэнна з матар’яльнага боку. Не! Галоўнае…

Настаўнік з настаўніцаю, пасьмейваючыся над чымсьці, падышлі да стала і запанібрацкі павіталіся з Андрэем. Настаўнік абгледзеў навокал стала, каб найсьці на чым-колечы прысесьці, і, ня ўгледзеўшы нічога, пасьмяяўся:

— Хоць на падлозе… Патурэцкаму…

Сідор пахіліўся да настаўніка і, пазнаўшы ў ім знаёмага — нават калісьці таварыша, уставіў ад сябе:

— Цяпер не навіна: альбо пад сталом, або на стале.

Настаўнік, пакуль не зважаўшы Сідора, цяпер глянуў яму ў твар і весела-зьдзіўлена завёў:

— Га-а! А вы-ж, Сідор Гарасімыч, якім чынам да нас? — і працягнуў яму руку.

Сідор патрымаў працягнутую яму руку і адказаў:

— А вось у госьці заехаў. Няма бацькоў — пачастуюся ў сястры. Захацелася наведаць родны кут.

— Пазнайцеся: Марыля Слой, настаўніца вікураўскага вучылішча, — паказваючы рукою на настаўніцу, запрапанаваў Сідору настаўнік.

Сідор далікатна прыўстаў з зэдля, схінуўся крыху й паціснуў ужо працягнутую яму руку настаўніцы.

— Паўлюк, а ці-ж Марылі таварыш Сідор ня ведае, што ты іх знаёміш? — зьдзіўлена запытаў Андрэй, паглядаючы пазьменна на кожнага з іх.

— Штосьці я ня помню, — адказаў Сідор.

Настаўніца ні то ганорна, ні то сарамяжа прапусьціла тварам лёгкую ўхмылку.

— Дзе там іх прыпомніш! — уставіў Паўлюк, — іх тут за час адсутнасьці Сідора Гарасімыча з Вікур нарасло, як грыбоў. Дзявочае семя ўрадлівае.

— Ах, каб цябе, каб цябе… — настаўніца замахнулася на настаўніка рукою, але той спрытна ўхіліўся і ўголас зарагатаў.

Яго рогат зьвярнуў на сябе ўвагу многіх прысутных у іспалкоме, якія павярнулі голавы ў іх бок. Андрэй з прычыны гэтага нездаволена кіўнуў галавою й хутка азірнуўся ў бок «габінэту» прадсядацеля. Сідор падмеціў асьцярожлівасьць таварыша і прамовіў:

— Чаго азіраешся?

— Нічога… Так сабе… — уверыў Андрэй і тут-жа пачаў зьбіраць свае паперы. — Трэба зьбірацца да хаты. Заўтра будзе дзень. Усё роўна сёньня ўжо ня будзе работы.

— А начальства не баішся? — пажартаваў Паўлюк.

— Трэба на гэты раз адважыцца.

— На гэты раз можа ўважыць. Ня так многа часу засталося да канца, — дадала Марыля.

— Ах, менш-бы яго яшчэ засталося, — яхідна праказаў Сідор і паглядзеў на загарак.

— Ну, пойдзем, колегі, — пазваў Андрэй.

— А куды? — запытаў Паўлюк.

— Падумаем…

Яны вышлі з іспалкому на двор і пашлі праз пляц напрамкам да вуліцы.

— Што-ж, Андрэй, трэба будзе адмеціць прыезд Сідора Гарасімыча, — запрапанаваў Паўлюк.

— Так, добра-б было… Але дзе і як?

— Калі ласка, да нас заходзьце, — пазвала настаўніца.

— Вось добра, — сказаў Паўлюк, — згодны, Сідор Гарасімыч? У Марылі Палікараўны зацішна й добра. Мы там заўсёды зьбіраемся. Можна й пагаварыць аб усім…

— Давайце, мне цікава разьведаць, як у вас тут жывецца, што чутно, які ваш настрой, — адказаў Сідор. Як толькі яны вышлі на вуліцу, іх нагнаў настаўнік Плаха.

— А-а! Я дык ледзьве вас знайшоў, — выгукнуў ён, забягаючы ўсім наперад і па чарзе вітаючыся. — Мне цікава пабачыць Сідора… — Здароў, брат! Як і што ў цябе? Ці надоўга да нас?

— А вось, пагляджу, як спадабаецца… Спадабаецца больш — прабуду даўжэй, а не спадабаецца — хутка ўцяку, — адказаў Сідор.

— Гэ-э! У нас ня горай, як усюды, — падаў Плаха.

— Да горай ужо нідзе ня бывае. Усюды роўна — усюды горай. Адны парадкі — адны законы… Чаго тут лепшага шукаць.

— Пэўна! Праўду кажаш, браток, — згадзіўся Плаха, ня думаючы, да чаго кажа.

У гутарцы прыняла ўдзел уся кампанія. Але меней усіх выказваўся Андрэй. Таксама рэдка закідала словы й Марыля, якая больш слухала Сідора. Апошні, скора яна яго ўгледзела, паказаўся ёй дужа прыемным і прыгожым, і яго словы здаваліся ёй ад пачатку да канца праўдзівымі. Калючкі і ўпінкі ў Сідоравай гутарцы, накіраваныя на савецкі лад і яго парадкі, падабаліся Марылі яшчэ й таму, што яна таксама не спагадала бальшавіком… На кожны выказ Сідора Марыля адказвала ўхмылкаю і лісьлівым зазіраньнем яму ў твар. Гэта з свайго боку заахвочвала Сідора на большую адкрытасьць у сваёй гутарцы.

Гэтак гутарачы, яны прайшлі ў канец усю вуліцу й павярнулі назад.

— Ну, хіба цяпер разыдземся, а пасьля сыдземся зноў… калі не прагоняць, то ў Марылі Палікараўны, — парадзіў Сідор.

— Што вы, аброць вам на язык, — перапыніла Марыля.

— Добра, добра, — згадзіўся Паўлюк.

Параўняўшыся з перавулкам, яны разышліся, хто куды.


II

Сідор Браварка прышоў да сястры на кватэру і, не застаўшы нікога ў хаце, прысеў каля стала й пачаў выяўляць і пераверваць сам-на-сам першыя свае ўражаньні. Выгляд мястэчка, іспалком, яго таўкатня, спатканьне з таварышамі, іх настрой сьціслым шэрагам панясьліся перад яго ваччу адно за другім. Пранясьліся перш нясустрымна, хутка, а пасьля, мэрам-бы зрабілі паўкруг ублізку ад яго, павярнулі назад і зноў кранулі яго думкі. Затым, раптам зьніклі, даўшы месца мінулым адчуваньням. Перад Сідорам усталі вобразы яго студэнцкага жыцьця, гульні з паповымі і станавога дочкамі, пачосткі, балі, вечарыны. Прамігнулі палкія лятуценьні, жаданьні і мары, якія выглядалі перад ім якімсьці раем. Тады, прыпомніў Сідор, многае што абгаварвалі яны з Андрэем і Плахаю, будавалі шмат сьмелых плянаў. Вікуры ня мелі месца ў іх жыцьці, Пецярбург — вось дзе луналі іх думкі… Яны лічылі сябе вялікімі людзьмі, перад якімі ўсіх-бы вікурцаў спадалі шапкі. «Колькі часу таму? Многа, многа! Здаецца, цэлыя вякі! Ды страшнага якога часу, каторы пераламаў усе мае пляны, усе задумы перастроіў. Якія зьмены зрабіліся! Цяжка выабразіць! На ўсім і на ўсіх, як ні паглядзі», — прашаптаў Сідор сам пра сябе.

Сідор прыўстаў з месца, паглядзеў у вакно, ці ня йдзе хто, каб не памяшаў соладкасьці і заўзятасьці яго думак, і зноў адвярнуўся ад вакна, але ўжо ня прысеў, а пачаў тупаць па хаце.

«Перамена на ўсім, адно толькі я астаюся тым самым, якім і быў. Я адзін краплюся і стаю на сваім. І выстаю… Ды мала таго, што выстаю, а мушу і другіх прытрымаць на тым-жа месцы. Бо што з таго, калі мне аднаму давядзецца займаць сваю позыцыю? У гэтым мала радасьці і мала карысьці… Важная карысьць — другіх утрымаць… Так, важная, але ці-ж хопіць сілы?.. Штосьці задалёка ўсё адышло… Дзіўлюся. Ці то мне здаецца, ці запраўды яно так: мэрам-бы і Андрэй зусім другім стаў. Відаць па-ўсяму: патайны стаў, малагаворкі, падазроны… Няўжо і яго пераламала ўжо? За гэтыя два з лішнім гады ц-ж мог ён адцурацца сваіх поглядаў — гэткіх цьвёрдых, здавалася, і пераконаных?.. Цікава!.. Што ён выкажа далей? Трэба пацягнуць яго на адкрытую… Бо штосьці ня верыцца, каб ён са шчырасьці казаў, што «работа цікавая»… Забачым… А шкода будзе, калі Андрэй паламаў погляды, шкода… А гэта можа стацца, бо жыцьцё ломіць… Ломіць упарта і крэпка. Паглядзець — падзівіцца! Узяць-бы і ў мяне на службе — ліха іх ведае: кожны стаў нейкім асобным і незразумелым. І чым далей, тым кожная душа становіцца нявыразьнейшай… Але там — горад. Горад — то іншае: шум, рух, кіпятня… Дзіўней тое, што вось і ў гэткія куткі, як гэтыя Віхуры, так шырока ўсё пралазіць. Чаго-б, здаецца, тут уважваць бальшавіцтва, а потым паглядзець — прывыкаюць. Повен іспалком мужыкоў; згодна ды спакойліва гутараць… як дома, як у суседа… А Андрэй кажа, што «работа цікавая».

Сідор не зварачаў увагі на тое, што ў хаце было цёмна; ён разьмеранымі крокамі, пакіўваючы галавою, тупаў па хаце, малюючы розныя выкрутасы: то крыжы, то петлі, то ўкосныя фігуры. З вокан супроцьлежнага дому выпадалі пукі праменьняў і прабіваліся ў хату, кладучы адбітак вокан на печы. Вуліцаю праходзілі людзі, скрыпячы па сьнягу нагамі. Сідор, калі хто праходзіў, на хвілю прыпыняўся й міжвольна прыслухоўваўся, пакуль праходжы ня мінаў хаты. Пасьля ізноў пачынаў хадзіць.

Гэтак ён пратупаў каля гадзіны. Нарэшце, спыніўся, падышоў да стала і намерыўся прысесьці, але ў гэты момант пачуў стук дзьвярэй.

Праз хвілін пяць у хату ўвайшла гаспадыня, яго сястра Юста.

— Ці ёсьць хто ў хаце? — запытала яна ў пацёмку.

— Я, Юста, я ў хаце! — адказаў Сідор.

— Чаму-ж ты ўпацёмку сядзіш? Ласьне ня ведаеш, дзе запалкі?

— А хто іх ведае… яж яшчэ не агледзеўся…

Юста запаліла газьніцу.

— Ну, а дзе ты хаця сёньня быў? — пацікавілася Юста.

— Дзе… Вось у іспалком схадзіў да Андрэя; пасядзеў там трохі, пасьля прышлі настаўнікі і мы прайшліся крыху па вуліцы… Так дзень і мінуў.

— А мой Юрка часамі ня прыходзіў?

— Як я ў хаце — то не.

— Ах на яго ліха, бадзяецца цалюткі дзень. Няўжо ён яшчэ справункаў сваіх на скончыў? І ведае, што госьць дома, а сам, як цюцька, лётае дзесь… пэўна, таксама, забраўся дзе ў іспалком і сядзіць, — нездаволілася Юста.

— А ён у цябе наведвае іспалком? — зьдзіўлена запытаў Сідор.

— Так! кожны дзень сядзіць там. Назьбіраецца іх мо’ з дваццаць чалавек, набяруць паўнюткія капшукі тытуну і дурацца да поўначы. Ушалопаў, ведаеш, і не адвучыць…

— Няўжо яму так падабаецца іспалком?

— Ліха яго ведае! Бачыш, што так.

— І бальшавікоў ён любіць? — пацікавіўся Сідор.

— Ня кажа выразна, але, гутарачы, заўсёды іх хваліць, — адкрылася Юста. — Я ўжо яму кажу: «Што ты людзкае ў іх бачыш — пакінуў-бы іх хваліць», а ён мне: «Як-ні-як, а нам пры бальшавіках лепей. Усё можна сьмела сказаць, можна зямлі браць дарам, лесу дастаць можна… З ўсімі проста за «панібрата».

Сідор яхідна засьмяяўся й сказаў да сястры:

— Бач, зусім нечакана і ты для сябе бальшавіка знайшла.

— Тота-ж, але! Ліха яго ведае! Некалі як быццам-бы й ня любіў іх, а цяпер вось перамяніўся. Ды ня толькі ён адзін… Амаль не палова нашай вуліцы так… З другіх вуліц — дык ёсьць колькі чалавек, што й слухаць ня хочуць аб саветах, а гэта за бальшавікоў…

— Гм! — выказаў сабе пад нос Сідор і прайшоў раз па хаце.

— Мяняецца час і мяняюцца людзі… Што-ж, бязвольныя, слабыя… — нявыразна выказаўся ён.

Юста нічога не адказала, думаючы, што брат будзе гаварыць далей. Але, пачакаўшы хвілін колькі, яна загаварыла а другім.

— Мо’ ты есьці хочаш, Сідор? Мо’ зьбіраешся пайсьці куды, дык кажы. Павячэраем удваіх. Юркі чакаць ня будзем, горліца яго бяры…

— Так, я ўмовіўся быць у Марылі Слоевай… Там у яе зборня, ці што!

— Так, гэта-ж там зьбіраюцца ўсе вікураўскія інтэлігенты, як на іх кажуць, — паясьніла Юста і тут-жа дабавіла:

— Ну, дык я табе выму вячэраць ды йдзі.

— Ня варта, не клапаціся, — паспробаваў адгаварыцца Сідор, але Юста не далася далей спрачацца, а пасьпешна прыгатавала вячэру і ўбрала стол.

— Садзіся! Навошта тыя цэрамоніі!

Сідор усеўся за стол і прыняўся вячэраць.


III

Павячэраўшы, Сідор зразу адзеўся і сабраўся йсьці.

— Ты ўжо, Юста, не засоўвай дзьвярэй, хоць я спазьнюся, — папрасіў ён сястры, выходзячы з хаты.

— Ня бойся, не астанешся начаваць на дварэ, — пажартавала Юста. — Вось калі й засунуты будуць дзьверы, дык ты працягні ў ваконца руку, абмацай вяроўку й адчыніш.

— Добра… Адно была-б вяроўка.

Юста правяла брата ў двор і паказала яму ўсю сьмікалку з засаўкаю дзьвярэй.

— Ідзі гуляй з богам, — пажычыла яна Сідору.

Адказаўшы «дзякуй», Сідор пайшоў з двара. Да Слояў дарогу ён ведаў добра, як наогул добра ведаў амаль ня кожную мясьціну Вікураў. Але, пусьціўшыся йсьці, ён сьпярша не выясьніў перад сабою яскравага жаданьня няйначай рабіць гэта. Штосьці — ён пакуль ня цяміў — трохі астудзіла яго тыя спадзевы, з якімі ён уяжджаў у роднае мястэчка. Чакалася ў ім знайсьці часовы адпачынак пасьля скрутнага, вакол варожага яму жыцьця; чакалася адкапаць памятныя старыя моманты і супакоіцца на аднаўленьні іх з сваімі, як ён чакаў, незачэпленымі бегамі часу, таварышамі. А тут вось! Толькі сустрэўся з лепшымі з іх, як зразу ўбачыў, што Андрэй — ня той. Ня той Андрэй і ня той Плаха. І чаго крыўдней — гэта тое, што і ў хаце сястры, як выявілася, таксама няжданае. Жарты, Юрка таксама абальшавічыўся!..

Пайсьці да Марылі Слоевай мела-б рацыю для Сідора тады, каб яму сустрэць там блізкую і мілую кампанію. Але ці ўдасца гэта — брала Сідора вялікае сумненьне. Гэтае-ж сумненьне і сьцішала яго хаду, застаўляючы праз кожныя пяць крокаў прыпыняцца і азірацца назад.

Ужо прайшоўшы ў канец усю вуліцу, Сідор, пры павароце ў завулак, супыніўся на месцы і пачаў канчаткова вырашаць сам сабе — ісьці ці не? У яго нутры вынікла роўнавага доказаў за патрэбу пайсьці і супроціў гэтага, і ён ажно злаваўся на сябе, неспакоячыся.

Нарэшце, штосьці яго падтаўхнула на тое, каб ісьці, і Сідор маладзецка, ганорна замахнуў уперад левую нагу, пачуўшы, мэрам-бы з плеч спала колькі пудоў. «Пайду і паспрабую, у выпадку чаго, пазмагацца», — парашыў ён і прыняўся, ідучы, пасьпешна абдумваць, як і што яму трымацца. Але не пасьпеў ён якраз абдумаць і адзін манэўр, як ззаду пачуў вогук:

— Сідор Гарасімыч?

— Я самы! — зьдзіўлена адгукнуўся Сідор і прыпыніўся. А я ўжо бегаў па вас да вашае сястры, — падыходзячы да Сідора, паясьніў Плаха (то быў ён).

— Ласьне так? Ці-ж ужо позна?

— А ўжо дзесятая гадзіна. Я думаў, што вы ня трапіце да Слояў.

— Нічога, не заблуджу.

Далей яны дайшлі да Слояў моўчкі.

— Вось куды мы вас завабілі, — пажартаваў Плаха, заварочваючы ў двор.

— Праўда, што завабілі!

Яны прайшлі ў хату.

Звычайная мяшчанская хата Слояў выглядала чыста і акуратна прыбранай. На покуце вісела блішчастая ікона, убраная белымі фіранкамі, а перад ёю лямпадка. На дваровай сьцяне вісела вялікая люстра, а на вулічнай — гадзіньнік.

У мыцельніку на лаўцы, склаўшы на прыпол рукі, сядзела Слоіха Агнэса, маці Марылі, і ўмільна пазірала на покуць, дзе наўкол стала сядзелі Андрэй, Паўлюк, Мірон — быўшы валасны пісар, а цяпер дзелавод у лясьніцтве, і Габрусь — коопэратар, а перад люстрай вярцелася Марыля з таварышкаю, таксама настаўніцаю, Варвараю Касач.

Сідор, пераступіўшы парог, павітаўся перш нізкім уклонам з Агнэсаю, пасьля весела паціснуўся рукамі з Паўлюком і Андрэем.

— А вось і мая таварышка — Варвара Касач і таварышы — Мірон Бізун і Габрусь Пуга, — паказала Марыля на Варвару, Мірона й Габруся.

Марыля першая з прыскокам працягнула Сідору руку, сарамяжа ўхіліла голаў і расплылася ў адкрытую ўсьмешку… Далей Сідор пазнаўся з Міронам і Габрусём.

— Тут у вас цэлая зборня. Больш нічога й ня трэба, — падаў Сідор комплімэнт.

— А такі й гэтак, — пасьпяшыла згадзіцца Варвара.

— Сядайце, вось, Сідор Гарасімыч, — папрасіла Марыля.

Сідор прысеў пры ражку стала, выняў партабак і закурыў цыгарку.

— А ўсё-ж, скажу вам, — пускаючы рызыкоўна дым убок ад стала, пачаў казаць Сідор, — мне падабаецца вось гэткая кампанія. Сабе зьбярэшся сваёю хэўраю, шчыра пагутарыш пра што захочаш, павесялішся ўспамінамі — і часу шмат адшвырнуў. Усё менш жыць у гэтым пекле, якім цяпер стала наша жыцьцё… Ці-ж ня праўду кажу?

— Вось чыстая праўда, Сідор Гарасімыч, — падмацавала з мыцельніку Агнэса, — шчырая праўда, сынок. Я таксама часта спрачаюся і з Андрэем і з Макарам Плахаю, што цяпер куды горай ранейшага. А яны — гаварыцца не даюць.

Сідор пры апошніх словах зірнуў у бок Андрэя і яму стала ніякавата, калі яны стрэліся сухімі сур’ёзнымі поглядамі.

— Я ня ведаю, як хто, а мне дык нудна цяпер стала жыць… І ўстроен я на добрай службе, не цярплю холаду ні голаду, маю мажлівасьць адзецца — а вось чагось не хапае. Як прыпомню старыя думкі, пляны ды жаданьні, дык сэрца дратуецца… А там, у нашым горадзе, скрозь чужыя людзі, якія з усім згадзіліся і, церпячы недастачы, у запой абараняюць сучаснае становішча. Слова аб іншым сказаць нельга. І я адным-адзін, як струц, увесь астатні час прабадзяўся. Чуць нуда не зарэзала… Страшэнна пацягнула сюды, у Вікуры, да старых таварышоў, далёка ад недаедлых мне сходаў і дэмонстрацый… Мне думалася, што тут, у вашым кутку, жыцьцё не пачэпана так, як у горадзе.

Сідор сказаў гэта з нейкім запоем, гарда і ўважліва, гледзячы толькі на Агнэсу. Тая-ж з цікавасьцю нязьмігутна выслухала яго і мэрам-бы зачаравалася яго словамі, бо, калі ён кончыў, яна засталася сядзець моўчкі й нярухома.

Марыля з таварышкаю таксама ўважліва выслухалі Сідора. Спакойна выслухалі яго і Паўлюк з Міронам.

Зусім іначай паглядзелі на яго словы Андрэй, Плаха і Габрусь. У асобку Андрэй, які ня мог сустрымацца ад сьмеху, і толькі Сідор скончыў, як ён падняўся з месца і сказаў:

— Дарэмна ты, Сідор, наракаеш на сучасны лад, зусім дарэмна. Мяне й дзівіць, чаму ты так кажаш. Паглядзець на цябе — нельга падумаць, што ты пакрыўджаны. Сам нават сазнаешся. У чым-жа рэч? Ня вышла так, як колісь мы разьлічвалі? Ня ходзім мы панамі, а перад намі шапак ня скідаюць? Ня блішчаць у нас на грудзёх масяндзовыя гузікі? Гэта — праўда. Але, падумай сам, ці-ж у гэтым сэнс жыцьця? Ці гэта — устоі для яго? Мне думаецца, Сідор, што мы ашукваем сябе, калі марым аб нашых былых плянах і намерах. Запраўды — то былі толькі пустыя мары! І той, хто грунтуецца на іх, грунтуецца на пяску, на саломінцы… Памойму, пакуль вецер ня выдзьмуў канчаткова з-пад ног гэтага пяску — трэба сыйсьці з яго, каб не праваліцца ў бяздоньне…

— Паглядзі, паглядзі, Сідарка, — перабіла з нецярплівасьці Агнэса, — паглядзі, што пяе Андрэй! Ці-ж можна было падумаць на тое?

Сідор прынагнуў голаў, штосьці напісаў пальцамі па стале, пасьля сказаў:

— Што-ж, усякае бывае. Ёсьць людзі з рознаю воляю… Памойму, зусім іначай малююцца здарэньні бягучага жыцьця. І я, — ён падняў голаў, — у толк сабе не вазьму, чаму людзі таго ня бачаць! Чаму яно іх асьляпляе… Проста — губляюся разумець… Не магу згадзіцца ні за што — штосьці не дапускае мяне.

— А я скажу вам, Сідор Гарасімыч, — уставіў Плаха, — і вы згодзіцеся… Нельга не згадзіцца. Толькі падумаць трэ’, разабрацца дасканала ўва ўсім — і тады згодзіцеся… Нас выхоўвалі на буржуазнай моралі — таму й атруцілі нам ясны сэнс жыцьця… Запраўды — ці-ж мы не з таго дрэва, якое цяпер разраслося й пакрыла ўвесь край? Кроў у нас — кроў быўшых рабоў, але атручаная зьменаю да іх… Ведаеце, Сідор Гарасімыч, я нядаўна сам трымаўся вашых поглядаў, але пасьля, калі разабраўся ў іх, разгледзеў іх па часьціне, дык пазнаў, што яны зусім неправіловыя погляды… І я з імі расстаўся назаўсёды. Расстаўся з імі і пачуў сябе новым, здаровым і сьвежым. Сьвежым, бо мяне асьвяжаюць тыя дзіўныя здарэньні, якія ўскалыхнулі наша цёмнае, прыгоннае жыцьцё, зрушылі яго з мёртвае ўстойнасьці і паставілі на шлях…

— Слухай, Плаха, ты, як я бачу, таксама абмануты, — перабіў Плаху ўважліва слухаўшы іх гутарку Мірон, — каб ужо так можна было зацягацца сучаснымі здарэньнямі, дык я не магу сказаць… Табе — ня відно… Сядзіш сабе ў школе, калупаешся ў кніжках — і толькі! Пэўна — кніга ня скажа таго, што ёсьць… Хоць і вакола кнігі ня вельмі надзейна… Але ты паспрабаваў-бы шчыльна стыкнуцца з жыцьцём — іншае запеў-бы… Ты паглядзі, што робіцца навокал! Сялянства голае і яшчэ абіраюць… інтэлігенцыя загнана. Яе самотнасьць — ані-што… Так і топчацца… Усе яе лятуцецьні зьнішчаны… Мэрам-бы знарок пастаўлена мэта — зацямніць народ…

— Вось з гэтага боку — я цалкам з Міронам, — уступіў у гутарку Паўлюк, — хай сабе іншае, ну з боку-ж няўвагі да інтэлігенцыі, то неправілова. Яна-ж — сок краю. А тут мэрам-бы вайну ёй абвясьцілі. Што-б яна ні падала ў думках — нічога ня варта. Хоць-бы з гэтай надаедлай школьнай справай. На табе і працоўную школу, на табе і беларускую мову, на табе і зьнішчэньне няграматнасьці… Усё разам і засаб. А паспрабуй паспрачацца? Вось хоць-бы ў нас: паперка за паперкай — прыказ перайсьці да беларускае мовы… Каму й нашто яна патрэбна? Які ў ёй толк? Што яна дасьць?.. Дык не! Паспрабавалі мы протэставаць — ні ўвагі…

— Ха-ха-ха-а! — разьліліся сьмехам Марыля з Варвараю, — далася яна нам узнак — гэта беларуская мова… Папаваявалі мы супроць яе…

— А зьмірыліся-ж, — уставіў Мірон.

— Улада гэткая — гэткая і яе мова, — падала з мыцельніку Агнэса, — мужыкі… мужыкі — больш нічога… Ласьне ім што далікатнае трэба?

Сідор уважліва выслухаў кожнага й відаць было, як хвіля ў хвілю мянялася міна на яго твары, робячыся то вясёлай, то няўверанай, то падазронай — адпаведна выказваным думкам. Казаў Мірон — Сідор здаволена ўхмыляўся, загутарыў Паўлюк — ён супыніў ухмылку, а настарожана лавіў кожнае яго слова, прагна жадаючы пачуць большых скаргаў і нараканьняў на сучасны лад.

На сьмех дзяўчат і выказ Агнэсы Сідор ізноў адказаў лёгкаю ўхмылкаю. Аднак, уцалку — яго настрой падаў, брала раздум’е, ацягаў цяжар. Той дух, ад якога ён тужыўся ўцячы, вітаў вакол яго, дзе-б ён ні супыніўся. Лятаў і труіў паветра. Сідору рабілася злосна; нянавісьць забірала яго. А разам з гэтым уставаў нейкі ні то задзёр, ні то ўпартасьць — настаяць на сваім. Абураны гэтым, ён вылез з-за стала і, не перастаючы курыць, затупаў па хаце.

— Я бачу, што ў нас не хапае ўстойнасьці, і мы скрозь пальцаў глядзімо на ўсё. Глумяць школу — няхай, не ўважаюць інтэлігенцыі — няхай. Праз гэтыя «няхай» мы й робімся слугамі мужыкоў ды розных там… «з бору па сосенке». І, пэўна, замест настаяшчага, атрымоўваем падробленае. Замест вялікае расійскае мовы, падсоўваюць брахню нейкую… А маўчацьмем — сабакамі завыем… Запамятайце…

— Саба-акамі… Вось папаў, брат, пальцам у неба, — абураны Сідоравай размовай, падняўся з месца Андрэй. — Гаворачы так, як ты — даруй ужо мне — запраўды, раўняецца да сабачага брэху. Я так і бачу перад сабою вобраз, як быццам… ну, брэшам мы на месяц. Брэшам, каб брахаць. Няма на вошта — дык на месяц. Я вось чую тваё нездаваленьне, а скажы, што ты радзіш ад сябе? Нашы былыя мары? Балі ў станавога ды папа? Кончана, згніло, брат! Згніло вакол і ўсюды. І дарэмна ты думаў — калі толькі думаў! — што ў Вікурах знойдзеш ня ўзьнятую цаліну… Кончана… Адно цяпер на чарзе — гэта засеяць узьнятае і атруціць дармаедаў, каб не патравілі засеянага…

Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў вакно. Сідор, якога ён ня бачыў два гады і які абрадаваў яго сёньня сваім прыходам у іспалком, цяпер выглядаў у яго ваччу зусім іншым, чужым чалавекам. Бывалашнія таварыскасьць, сумеснае плянаваньне будучыны, цесная блізасьць, падзел самымі таемнымі перажыткамі — усё гэта, выбліснуўшы на момант, раптам заглухла, зьнябылося, і іх месца заняло новае пачуцьцё. Гэтае новае пачуцьцё дыктавала Андрэю настойныя думкі, якія шапталі яму на вуха: «Закаранелы монархісты… непапраўны. Горай ранейшага. Не! Болей ён мне не таварыш… не магу цярпець — варочае»…

— Сідор Гарасімыч, вы ашукваецеся, падкрэсьліваю я, — каб згладзіць гострасьць Андрэевых слоў, мякка кззаў Плаха. — Пэўна, мне ўжо вас не разуверыць, але мне здаецца, што ролю сабак насілі-б мы тады, каб ішлі супроціў цяпеграшняга ладу. Нас выхоўвалі для гэтае ролі і ў гарадзкіх школах, і ў сэмінар’ях, і ў інстытутах. Загналі ў нас зьвярынае пачуцьцё, і мы пад яго ўплывам знаходзімся дагэтуль. Нас пакалечылі змалку так моцна, што ажно й цяпер не апамятацца, нявыраўняцца… Скалечылі нашу душу, зглумілі нашу самотнасьць. Ня дзіва, што кожная рэч, блізкая й зразумелая нам, цяпер не даспадобны. Трэба лячыцца, трэба лячыцца, а то без пары загінем…

— Я адно хачу дадаць, — умяшаўся ўвесь час маўчаўшы Габрусь, — гэта з пытаньнем аб школе, якое чапаў Паўлюк. Я — не настаўнік. Я — коопэратар і мо’ менш Паўлюка сьвядомы, ну толькі-ж, памойму, у школе нельга абыйсьціся бяз нашае, мужычае, простае мовы. Тут ніякім чынам ня выкруцішся… Я гэта ведаю са свае даўнейшае практыкі ў воласьці… Нашаму селяніну патрэбна даставаць адукацыю самым лёгкім парадкам; а гэты парадак ёсьць яго мова. Ня можна пераскокваць там, дзе ёсьць магчымасьць перайсьці…

— Ну, брат, ты ўжо пакінь… Твае тэорыі нам усім вядомы… Ты, я табе скажу, просты фанатык — ня больш! — суха пераняў Габруся Паўлюк.

Пакуль ішла гэта гутарка, Марыля адышлася ад стала ў мыцельнік і колькі часу шапталіся з мацераю. Пасьля Агнэса выбегла ў сені, пабыла там нейкі час і вярнулася ў хату з поўнымі талеркамі сыру й каўбасы. У гэты час Марыля штосьці бразгала пасудаю і ўвіхалася з самаварам. Хлопцы не зьвярталі на іх нікае ўвагі і былі зьдзіўлены, калі раптам Марыля прынесла на стол талерку з каўбасою й бутэльку чарнаватае наліўкі.

— Годзе сварыцца — дайце гадзіцца, — жартліва падсказала яна да ўсіх.

І, бачачы, што хлопцы зарухалі з-за стала, дадала:

— Не палохайцеся, ша! Як сядзелі, так і заставайцеся сядзець.

Па чарзе — Андрэя, Плаху і Сідора, яна вярнула за стол.

— Навошта-а гэта, цётка? — сумеўся Андрэй, калі Агнэса прынесла на стол яшчэ адну пасудзіну з закускаю.

— Вось маўчы. Я захацела пагадзіць вас. Навошта вам спрачацца? Усе — таварышы, — адказала рэзвая Агнэса.

— Го, цётачка, нас ужо цяжка пагадзіць, — нясур’ёзна завёў Габрусь.

А каб цябе халера ўзяла!.. Беларус ты заядлы… Няўжо такі ты не адкараскаешся ад свае беларушчыны няшчаснай?

— Тады, калі Сідор кіне быць яе ворагам…

Сідор пусьціў па твары лёгкую ўсьмешку і нічога не адказаў.

— Ну, расьселіся… Вось цяпер — за наша здароўе вып’ем па кілішку, — наліваючы з бутэлькі наліўку, выказала Агнэса. — Як-бы й ведала, што госьці будуць. Захавала яшчэ з восені.

— Умееце хаваць! — пажартаваў Паўлюк, — то-б то на мяне — ня выстаяла-б столькі!

— Ды ўжо ты вядомы чалавек! — уставіла Варвара.

— Не чакайце, не чакайце, сынкі. Вазьмеце, калі ласка, — упрашвала Агнэса.

Паўлюк першым узяў чарку, падняў яе і сказаў да ўсіх:

— Гэта-ж цяпер — золата. Гэта — Эвіна яблычка. Чаго тут пазіраць на яе?

І выпіў.

За ім апаражнілі свае чаркі і ўсе прысутныя. Агнэса, не даючы адгону, наліла па другой, а сьледам і па трэцяй. Наліўшы, яна над кожным настойвала выпіць, то ўгаварваючы, то пужаючы.

Гэткім чынам пляшка амаль без пярэдыху была апарожнена. Агнэса яе прыняла са стала й частавала госьцяў закускаю.

Наліўка падвесяліла ўсіх. Але больш другіх выглядала гэта на Сідору. Ён раптам перайначыўся, адагнаў ад сябе задумлівасць, сум і стаў непазнана рэзвым і храбрым.

— А ведаеце, — перабіваючы ўсіх, пачаў ён казаць уголас, — я ніколі ня думаў, што так выйдзе. Я не спадзяваўся, прызнаюся адкрыта, што ўсё так перайначылася тут, у Вікурах… Дзіўна! Глуш, яма, — а глядзі ты! Не пазнаць… Не пазнаць нікога… нікога… Як быццам-бы я сяджу ў тым-жа Менску ці Гомлі…

Сідор адхіліўся да сьцяны і ня сьціхаючы курыў, старэнна размахваў рукамі, кажучы да Андрэя:

— Найбольш усяго, я не чакаў таго ад цябе, Андрэй. Не чакаў, што ты станеш тым, чым я цябе сёньня сустрэў… Ехаў і думаў: сустрэнуся з таварышамі й хоцькі душу адвяду… Пагутарым, успомнім мінулае, пацешымся і… адпачнем душою… Прызнацца, пераступаючы іспалком, тое думаў… Чаму-ж не? Ласьне нельга быць іспалкомцам і ненавідзець гэтую ўстанову, працу ў ёй і… усё!.. Думаў, а яно — на табе… Цяпер… выбачайце, можа я кажу гэта, а заўтра вось Андрэй ці Плаха, ці Габрусь возьмуць і прыдуць па мяне з міліцэйскім? Га? Ня можа таго стацца?..

Сідор пакорна пазіраў у бок Андрэя, мэрам-бы выспрабоўваючы яго. Але Андрэй стрымна чакаў, пакуль Сідор выкажацца і змоўкне. Чакаў і чуць прыкметна ўсьміхаўся, укладаючы ў гэты сьмех усё яскравей абураўшую ім халоднасьць і чэрствасьць да Сідора.

— Ды што ты, Сідор Гарасімыч, што ты! Гаспод з табою! — суцешыла Сідора Агнэса. — Няўжо ты думаеш, што Андрэй зусім ворагам тваім зрабіўся? Што ты!

— Ворагам? Такі й ворагам! — зацяжна вымавіў Андрэй і колькі хвілін памаўчаў. Так, Сідор, я ўжо не вялікі яго прыяцель!.. Ня вораг, але й ня прыяцель… Сідор зусім неправілова судзіць, скажу я вам. Сідор астаўся тым, які й восем гадоў таму назад пяяў на клірасе «Спасі госпадзі», а ў станавога — «Божа, цара храні!» — і матыў гэтых пратухлых песьняў дагэтуль шуміць у яго вушох… Ён, пэўна, думаў, што гэты матыў шуміць і над усімі Вікурамі. Дзеля таго і трапіў сюды, але амыліўся. Мы выйшлі з-пад гэтага матыву. Нам зьвіняць новыя песьні. І паміж намі, як паміж гэтымі песьнямі, нічога агульнага няма.

Выказаўшы гэта, Андрэй змоўк. Маўчалі і ўсе. Дзяўчаты, Мгрыля і Варвара, незьясьнёна-ўкрадчыва перакідаліся між сабою мігамі броў, чуючы нейкую нацягнутасьць у паветры. Агнэса перш хацела штосьці папярэчыць Андрэю, але разам загразла ў яе горле тое, што яна мелася выказаць, і яна засталася маўчаць. Сідор як-бы ня сумеўся зразу ад калючых слоў Андрэя і толькі ў адказ на іх часьцей пачаў зацягацца цыгаркаю. Усе астатнія таксама ня ведалі, куды павярнуць далейшую гутарку, і хто задумана, а хто абурана чагосьці чакалі.

Гэтак прайшло каля пяцёх хвілін, якія паказаліся для ўсіх чуць ня годам. Далей нельга было маўчаць, бо то-б урэшту разнэрвавала кожнага, і Плаха перарваў маўклівасьць.

— Мне здаецца, што тут ня час і ня месца вясьці нашу спрэчку. Тым болей, што мы ня вырашым адразу гэтага пытаньня. Я раджу перайсьці да іншай тэмы.

— Вось праўду кажа Макар, — пахваліла раптам знайшоўшая сябе Агнэса, — памойму, запяялі-б песьню якую. Давайце! Запраўды, хлопцы! — рачавіта падцяла мацеры Марыля. — Варвара, — зьвярнулася яна да таварышкі, — заводзь што-кольвечы. Ну, хутчэй!

— Хай без мяне хто пачне, — аднеквалася Варвара, — я не ведаю, якую пачаць.

— «За ўладу саветаў» — дужа пекны напеў, — парадзіў Плаха.

— Памойму, лепей «Не осенний мелкий дождичек», — падаў ад сябе Паўлюк.

Варвара сарамяжа кашлянула разы два, абацёрла хустачкаю губы й нясьмела, папярхаючыся, зацягнула «Не осенний мелкий дождичек». Ёй сталі падцінаць Агнэса, Марыля й Паўлюк. Сідор, Андрэй і іншыя сядзелі моўчкі, кожны думаючы сваё.

— А вы-ж, чаго маўчыцё? — пяючы запытала Агнэса, — пасабляйце пяяць.

Сідор як-бы гэтага й чакаў, падняўся й вышаў з-за стала. Пасьля паглядзеў праз фіранку ў вакно на вуліцу і прайшоў па хаце.

— Цікава, як позна? — абярнуўся да яго Плаха.

Сідор выняў загарак, паглядзеў і адказаў:

— Другая гадзіна.

— Го-о-о! Чуў, Андрэй? Ці не пара зьбірацца дахаты? — абярнуўся Плаха да Андрэя.

Той таксама выйшаў з-за стала на хату.

Гэты іх рух зьвярнуў на сябе ўвагу Агнэсы й дзяўчат, і тыя кінулі пяяць ды зьвярнуліся да хлопцаў.

— Куды вам сьпяшыць? Яшчэ рана. Ночы вялікія. Гуляйце! Андрэй, Макар, Сідор!

— Не, я ўжо не магу, — запэўніваў Андрэй, — трэ’ яшчэ сёньня даклад напісаць. Дзякую, цётачка, за ўсё, прабачайце! Ужо ў суботу нагонім за гэта… Абрыдаем вам.

— Ды чакай, не разладжвай кампаніі, — хапіла гаспадыня Андрэя за рукаў.

— Не, не, цётачка, я мушу пайсьці… — адказаўся Андрэй.

— Ну, дык хай сабе ён ідзе, — абярнулася Агнэса да ўсіх, — а вы, хлопцы, астанецеся пакуль… Яму — што-ж, як міністру асьветы, больш клопатаў, а вы…

— І я пайду, — падаў Плаха.

— І я, — далучыўся Габрусь.

— Што вы, чаго гэта!? — накінулася на іх Агнэса.

— А мы, Сідор, давай астанемся яшчэ!? Цётка, хай сабе яны йдуць! Можа хопіць і нас? — пажартаваў Паўлюк.

Андрэй, Плаха й Габрусь разьвіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыню за пачостку й выйшлі з-хаты.

Марыля іх правяла ажно да вешніц.


IV

Пасьля таго, як Андрэй, Плаха й Габрусь выйшлі з хаты, тыя, што засталіся, з паўгадзіны маўчалі. Сідор пахаджваў па хаце, заснуўшы рукі ў кішэні; Мірон сьцягнуў з паліцы «Ніву» і разглядаў у ёй малюнкі. Паўлюк штосьці запісваў у кніжку; Агнэса з Марыляю прыбіралі са стала. Варвара-ж узіралася ў люстэрка. Ці ніхто ня меў жаднае гаворкі, ці мо’ кожны меў, а чамусьці ня мог ці не хацеў першым адкрываць рот — няведама. У кожным разе ўсе былі мэрам згавораны і гэту паўгадзіну маўчалі, пакуль не перарвала іх маўклівасьці Агнэса.

— Што-ж вы бяз іх і гутаркі ня знойдзеце? Можна абыйсьціся і бяз іх. Ня вельмі яны пажаданы.

— Вось, бачыце, Сідор Гарасімыч, як водзіцца ў нас! Скажы што-кольвечы супроць савецкага, дык як накінуцца… І свае лічацца, а глядзеце — ужо за бальшавікамі. Ліха ведае, што робіцца. Увачавідкі… Хоць-бы гэты Плаха: яшчэ нядаўначка выступаў і супроціў працоўнае школы і супроціў беларускае мовы і… а гэта ўжо — цягне за Андрэем. Куды — і гаварыць не дае! — заспавядалася Марыля.

— Так, праўда, перайначыўся Плаха крута і, галоўнае, на вачох. Габрусь таксама шчыльна падышоў да бальшавікоў. Цягне, меле на вачох, — падмацаваў Марылін выказ Паўлюк.

— Ну, а калі гэта з Андрэем сталася? — пацікавіўся Сідор.

— Ды ўжо даўно… З год таму ці болей…

— З год?! І ня мог выстаяць… цікава! А я не пасьпеў у Вікуры ўехаць, як зразу да яго! Вось дык штука-а-а!

На гэту-ж тэму, на тэму аб страце ў таварыскасьці ўсё большага й большага ліку аднадумцаў — нядаўных няпрыхільнікаў да савецкага ладу і ўсіх яго чыннасьцяй — у хаце Слояў яшчэ каля гадзіны йшла бойкая гутарка. Сідор не пераставаў дзівіцца з таго, як і што ён сустрэў у Вікурах, і безнадзейна стараўся пераконваць прысутных у шкадлівасьці работнічай улады, празываючы яе рознымі ганебнымі мянушкамі. Паўлюк і Мірон у мякчэйшых выразах скардзіліся яму на тыя кары, якія абрынуліся з боку савецкае ўлады на вікураўскіх жыхароў наогул і на вікураўскую інтэлігенцыю ў асобку. Дзяўчаты і разам Агнэса выводзілі, што частка гэтых кар пала на іх у адплату іх нядружнай ды незьяднанай супярэчнасьці «бальшавіцкаму гвалту».

— Вось глядзеце, — казала яна, — пачакалі-б год-другі, не пашлі-б да іх на службу, і самі-б яны пакланіліся вам: ідзеце, вучэце. А то запрашаюць рознымі абяцанкамі, а там толькі разладуюць, каб пасьля зьневажаць ды глуміцца паасобку над кожным…

Гэтых Агнэсіных даказаў было мала, каб паверыць у іх сілу і практычнасьць нават дзяўчатам, але як хлопцы, гэтак і дзяўчаты паддаквалі ёй і згодна пакіўвалі галовамі. Ад абгавору сучаснага становішча яны перайшлі да ўспамінаў аб мінулых часох. І тут Агнэса ўдоваль нагаварылася: чаго-чаго ня ўспомніла, колькі разоў спогадна ня ўздыхнула! Вывела напаверх розныя падрабязгі сваіх спатканьняў і знаёмстваў з высокімі асобамі, іх самавітасьць, гонар і далікатнасьць. Расказала аб бывалашніх знатных на ўвесь павет вечарынках і гулянках… Поп і пападзьдзя, станавы, земскі, доктар і іх жонкі скланяліся на ўсе лады.

За Агнэсаю аднавілі свае перажыткі Сідор, Мірон і Паўлюк. І яны, кожны па сабе. Толькі Марыля й Варвара, як маладзейшыя за іх і вышаўшыя «ў людзі» ў першыя часы рэволюцыі, не маглі, вядома, налагодзіцца «шчаснасьцю» старое пары і ня мелі нічым пахваліцца. Затое праз усю гутарку Агнэсы й хлопцаў яны спогадна пакіўвалі галовамі і завідвалі ім напавер.

— А потым, мне здаецца, яшчэ нельга судзіць аб усім па Андрэі і Пласе, — самасуцешна падаў Сідор, калі «ўспаміны» надаелі. — Важнае — як мужыкі ды мяшчане судзяць. Андрэй ці Плаха — то іскрачкі, выпушчаныя на вецер.

— Гой, Сідорка, на мяшчан ды мужыкоў няма чаго спадзявацца — стада, дурныя, — махнула рукою Агнэса.

— Не кажэце, цётка, — перабіў яе Паўлюк, — мужыкі — гэта патайны куток. Сярод іх мала ёсьць спагадчыкаў да ўлады.

— Вось пазаўтра маецца быць сялянская нарада, можна будзе падзівіцца, — паведаміў Мірон.

— Пазаўтра? — хапіўся Сідор. — Цікава! Няйначай трэба будзе пабыць ды паслухаць. А то яшчэ не даводзілася слухаць мужыкоў за гэтыя гады…

— Пойдзем, я да вас зайду, Сідор Гарасімыч, — запрапанавала Марыля.

— Дзякую, калі ласка! Пачакаю вас.

Пагутарыўшы яшчэ нейкі час, яны сабраліся разыходзіцца. Было чатыры гадзіны па поўначы, але Агнэса ўсё яшчэ ўгаварвала пагуляць. Але ў яе ўгаворах была адна далікатнасьць і зусім мала настойнасьці. Ды каб старчыла апошняга, ужо нельга было-б далей паліць агню. У суседніх хатах — калі ўжо паклаліся спаць, а гэта чатыры гадзіны па поўначы — і агонь жукаціць.

Хлопцы й Варвара разьвіталіся з Слоевымі і пакінулі хаты.

— Прыходзьце заўтра, будзем чакаць, — папрасіла Марыля, правёўшы іх да вуліцы.


V

Прышоўшы да хаты, Сідор не хацеў засьвечваць агню і цішком разьдзеўся ды ўлёгся. Але хоць канчалася пятая гадзіна, яму ня рупіла заснуць. Ды каб рупіла — наляцеўшыя ў голаў думкі аб чутым, бачаным не дазволілі-б яму супакоіцца. Цэлым шэрагам занасіліся яны перад ім і адцягалі яго ўвагу на сябе.

Сідор ляжаў адзін, а Андрэй, Плаха, Габрусь і соткі вобразаў розных комуністых і іх прыхільнікаў, з якімі даводзілася яму мець дачыненьне, гамузам вярцеліся перад яго вачмі, хоць і заплюшчанымі і захованымі пад коўдру. У вушшу гулі водгукі іх слоў, вынікалі цэлыя прамовы, чужыя, ненавісныя, але й страшныя, пагражаючыя. Сідору здавалася, што й цяпер, вось, поўна хата варожых яму людзей, якія вартуюць яго і мерацца накінуцца, каб задавіць.

Ззаду, на другім ложку хроп яго швагер, муж сястры, а Сідор трывожна прыслухоўваўся, баючыся, каб ён ня ўстаў і не далучыўся да другіх. З вялікім натугам стараўся Сідор адцягнуць думкі ў іншы бок, занядбаць здань, і тады, калі гэта ўдавалася яму, ён спатыкаўся з зачарованай дзядзінай варожасьці, якая таксама прыгнятала яго душу.

Толькі на досьвітку Сідор супакоіўся й заснуў, але сон быў трывожны, і ён не адпачнуў.

Ён прачнуўся а дзесятай гадзіне. Сястра ўжо паліла ў печы, а швагер дзесь увіхаўся з гавядаю. На вуліцы было хмарна і ў хаце цёмна. Гэта горшыла Сідораў настрой. Каб гэта ня ў чужой хаце, ён-бы не падняўся сёньня з пасьцелі праз цэлы дзень. Але ніякавата перад шваграм, з якім — хто яго ведае? — як яшчэ прыдзецца растацца.

— Сідор, ты ўжо ня сьпіш? — запытала сястра з мыцельніку, убачыўшы, як Сідор паварушыўся.

— А ўжо! — адказаў ён.

— Ну, ці-ж патрапіў учора адчыніць? — задала Сідору другое пытаньне сястра.

— Чаму не патрапіў.

— А як спалася?

— Дрэнна…

— Чаго?

— Проста так… Не ўпадабалася мне тут. Зусім ня тое, чаго чакаў. Трэба хутка вас пакідаць…

— Чаму?

— Ды так! Гэтае дабро я і ў сваім горадзе знайду.

— Ды кінь ты мудрыць… Чаго табе трэба асобнага? — разуважыла яго сястра.

— Мне трэба… Я проста думаў: спаткаю сваіх старых прыяцеляў, падзялюся з імі старымі думкамі, час весела правяду… А тут усе былыя прыяцелі — цяпер ворагі…

— Ня думаю, каб усе, — разуважыла йзноў Юста.

Далей Сідор не казаў, бо ў сенцах бразнулі дзьверы. Ён пасьпешна саскочыў з ложка й пачаў адзявацца.

Хутка ў хату вайшоў Юрка.

— Адліга будзе на дварэ, — вымавіў ён, бяручыся за цыгарку. — Ну, а як у цябе са сьнеданьнем? — запытаў ён у жонкі.

— Вось, скора можна сьнедаць, няхай Сідор памыецца.

— Ай, чаго там мыцца, можна й так, — пажартаваў Юрка.

Сідор змаўчаў і палез у свой куфэрак за ўціральнікам, каб ісьці мыцца…

Па сьнеданьні Сідор доўгі час аставаўся ў хаце. Сястра й швагер разыйшліся па справах, а ён адзін то тупаў, то прылягаў на ложак, то браўся за кніжку — творы Данілеўскага. Пачасту ён зазіраў у вакно, праводзіў вачыма праходжых. Ісьці нікуды не хацелася. Успамінаў аб іспалкоме — рабілася няпрыемна, пераносіўся да Слояў — і туды лічыў няздатным ісьці. Ды к таму чакаў сам Марылі. Выкрадалася жаданьне, каб хто да яго прыйшоў пагуляць. З гэтых «хто» Сідор разумеў Паўлюка ці Мірона. Але час ішоў, а ніхто не наведваў. І каля другое гадзіны ўдзень ён сам вышаў на вуліцу. Вышаў, пастаяў з часіну каля двара, а пасьля пайшоў на рынак. Падбліжаючыся к рынку, мо’ на паўгоні да яго, ён угледзеў вышаўшага з-за вугла Паўлюка, які таксама йшоў туды. Сідор яго аклікнуў. Той стаў і насустрэч Сідору запытаў:

— У іспалком?

— Не, чаму?

— А там сёньня нейкая нарада наконт школ. Знарочыста выклікалі і мяне, — паведаў Паўлюк. — Зойдзем, цікава! Пачуеш, як Андрэй будзе бальшавістваваць.

Сідор падумаў.

— Што-ж, усё роўна няма куды йсьці, давай пойдзем, паслухаем, — згадзіўся ён.

Яны павярнулі да іспалкому. Вышаўшы на ўзгрудак, што пукаціў рынкавы пляц, яны здалёк убачылі, як туды-ж, у іспалком, пашла Слоева Марыля.

— Цікава, што там будзе? Пэўна, інструктар які пры ехаў, — дзівіўся неспакойна Паўлюк, калі яны падыходзілі да будынку іспалкому.

— Ня бойся, — суцяшаў Сідор.

— Ды хто іх баяўся, толькі… прыстаюць…

У дзьверах яны змоўклі і ўвайшлі ў іспалком. Ці з-за адмечанай нарады, ці праз іншыя прычыны — толькі ў іспалкоме на гэты раз сельскай публікі было шмат меней учарашняга. Затое ўсе іспалкомцы былі сабраны ў аднэй каморцы, седзячы чынна каля Андрэевага стала. У іх грамадцы стаяў гоман, сярод якога выдзяляліся й пагрозныя словы.

Сідор з Паўлюком падышлі да грамадкі і ўгледзелі ў ёй усё вікурскае настаўніцтва, некалькі пастароньніх настаўнікаў і за сталом перад імі прадсядацеля іспалкому ды сакратара. Ніхто не зьвярнуў на іх увагі і не адказаў на выказанае Сідорам прывітаньне. Было не да іх.

— Так быць не павінна, — начальнічым голасам казаў прадсядацель іспалкому, малады здаровы хлопец. — Паглядзеце, — ён тыркаў пальцам у газэту, — трэці раз пішуць у газэтах пра нашу вучылішчную справу. Ці-ж то добра? Вы са сваёю контр-рэволюцыйнаю ўпартасьцю не даеце мне вольна працаваць! Думаеце, што гэта жарты! Мінула тая пара, каб жартаваць. Велена так — так і мусіце рабіць! Мала, што вам не падабаецца тое ці іншае! Можа й сама рэволюцыя многім з вас не падабаецца, дык будзеце ўпірацца супроць яе? Гэта апасьлівая рэч, грамадзяне! Хто супроціў народу пойдзе, той гатоў голаў сабе зламаць…

— Таварыш Сьліва, — пераняў яго адзін з грамадкі, — што-ж, запраўды, вы раўняеце адно з другім; ласьне, да прыкладу скажам, якая-кольвечы там беларуская мова, мае што агульнае з рэволюцыяй? Навошта палку перагінаць у адзін бок?..

— Так, так, — адазваўся Макар, — павашаму, беларуская мова нічога ня мае агульнага з рэволюцыяй, затое, мабыць, родны з ёю закон божы!.. Ведама ўжо вас… Ні працоўная школа ня мае адносін да рэволюцыі, ні беларуская мова, ні… нават сама рэволюцыя…

— Усё, што вам падносіць савецкая ўлада — то ёсьць ад рэволюцыі, — дадаў Андрэй, — і супроціў яго змагацца — то змагацца супроціў працоўнага народу. Іначай судзіць нельга… Ваш ухіл ад прыказаў наркамасьветы — гэта контррэволюцыя… Памятайце… Гэта наша перадапошняе напамненьне тым, хто злосна стараецца йсьці насупроціў…

Андрэй замоўк, недасказаўшы, і, павярнуўшыся да прадсядацеля іспалкому, штосьці яму шапнуў. Той падаў згоду кіўком галавы, а сам вылез з-за стала і пайшоў у свой «габінэт».

— Я толькі дзеля гэтага й выклікаў вас, — суха падаў Андрэй і таксама вышаў з-за стала.

Грамадка, зацішаная й расстроеная, спакойліва распаўзлася па пакоі і пачала разыходзіцца. Сідор не адступаў ад Паўлюка і выйшаў разам з ім. Словы Андрэя, укладзеная ў іх рашучасьць, не давалі Сідору сумнявацца, што Андрэй зусім парваў з мінулым, а разам і з ім, Сідорам. І ўнутры Сідора ўзьнялося з новаю сілаю варожае пачуцьцё да свайго быўшага таварыша. Абураны гэтым пачуцьцём, Сідор адначасна і злаваўся на Андрэя і баяўся яго.

Выйшаўшы на вуліцу, Сідор заядла ўпікнуў сябе за тое, што ліха надало паслухаць Паўлюка й прыйсьці ў іспалком пасьведчыць Андрэева бальшавіцтва. Крывіўся ён за гэта й на Паўлюка, хоць і бачыў, што таму таксама мулка на сэрцы.

— Бачыце, Сідор Гарасімыч, як тут робіцца, — азірнуўшыся назад і па бакох, ці хто іх ня слухае, паскардзіўся Паўлюк, калі яны адышліся ад іспалкому. — Гаворыць, як б’е, а, думаеце, амаль ня ўсе на яго баку, бо гэта ёсьць хітрая выдумка: усе пагрозы пакірованы толькі на некалькіх настаўнікаў, а ўсе пазваны на ўвагу… Бачыце — толькі адзін Язэп аказаўся…

— Я ня думаў гэтага, не спадзяваўся, каб так глыбока ўелася гэта бальшавіцтва вакол і ўсюды, — адказаў Сідор. — Пакуль ня прыехаў у Вікуры — ня верыў. А тота-ж, як не паглядзі — навакола, навакола… Скажэце, Павел Сымонавіч, заўтра прыдзеце на конфэрэнцыю сялян? — мэрам-бы чакаючы сабе ўцехі ў перадстаячай конфэрэнцыі сялян, з асобнай цікавасьцю зьвярнуўся Сідор да Паўлюка. Паўлюк ізноў падазрона паглядзеў вакол й прыцішаным голасам адказаў:

— І сялянства такое самае… Што-б ні сказала савецкая ўлада — тое й робіць… Усе павіннасьці выпаўняе, усе прыказы слухае… — Ён яшчэ прыцішыў голас. — Толькі вось летам крыху было раскалыхалася, ды то бяспуцёва… А пасьля — як пляйстрык да цела, ліпне да саветаў. Спадабала, Сідор Гарасімыч, спадабала гэты лад… Чаму? Што? — толку не дабраць…

Сідору цяжка было далей што-кольвечы казаць. Яму не хацелася верыць тэй зьяве, якая яго аколіла й канчаткова труціла ўсе яго надзеі на скоры канец нялюбай яму ўлады. Месца службы, дзе ўдавалася яму прысябравацца да ўмоў, выцягаць мажлівасьці да самавітага жыцьця і поруч псаваць машыну працы ці, па-ягонаму, «ужываць змаганьне з нялюбым людам», тое месца паказалася яму страшыдлам з вушамі й вачамі, з языком, які, чаго добрага, толькі ён, Сідор, прыедзе, усё выкажа, усё выявіць. «Ці варта варочацца назад, ці мае мэту зрабіць гэта? Для чаго й нашто? Якая карысьць?.. Але не вярнуцца туды — то дзе-ж дзецца? — Не астацца-ж тут вось, у Вікурах, дзе нядаўнія таварышы сталі бальшавікамі, ня хочуць з ім лічыцца, а з часам гатовы… ой… Трэ’ будзе ехаць, хоць»…

— Сідор Гарасімыч! — перабіў Сідаравы думкі Паўлюк, калі яны падыйшлі да вуліцы, на якой стаяла хата Сідоравай сястры, — што-ж, можа вечарам прыдзеце да Марылі?

— Ня ведаю…

— Прыходзьце сёньня, «тыя» ня прыйдуць. Мы адны зьбяромся й пагуляем.

— Ня ведаю…

— Ці-ж цэлую ноч сядзець дома?

— Можа й прыду.

— Прыходзьце.

На гэтым яны разыйшліся. Сідор пасьпешна, ня кідаючы думак, пайшоў праміком да сябе на кватэру і ўжо да заўтрага нікуды ня выходзіў.

Назаўтра а першай гадзіне, толькі Сідор пасьпеў паабедаць, да яго прышла настаўніца Марыля Слой.

— Ну, пойдзем на конфэрэнцыю, Сідор Гарасімыч, — яна пазвала яго.

— Мо’-ж яшчэ рана? — запытаўся Юрка, Сідораў швагер.

— Не! Як ішла да вас, то бачыла — мужчыны ўжо йшлі.

— А! Трэба йсьці й мне, — сказаў Юрка.

— І табе?! — зьдзівіўся Сідор. — З якое-ж ласкі табе? — запытаў ён швагра.

— Як, з якое ласкі? Наш Лагчынны раён выбраў мяне ўпаўнамоцным. Быў надоечы сход і выбраў мяне ды яшчэ двох суседзяў.

— Ого! Каб яшчэ ды ён дзе прапусьціў! Гэта-ж, на яго ліха, так ударыўся ў бальшавіцтва, што няма рады… Бяду нацягае на дом. Вось прыйдуць палякі ці хто іншы, дык ліха-ведама, што рабіцьме. А думаеш, ён шманае аб чым? Каб ён так жыў… І колькі ўжо ўшчуваю яго й колькі сваруся на яго — хоць-бы што! — размахваючы рукамі й прытоптваючы нагамі, ушчувала Юрку жонка.

А Юрка, не шманаючы на жончыну гняўлівасьць, здавольна пасьмейваўся. Калі-ж тая скончыла яго спавядаць, ён пакруціў галавою, зацягнуўся папяросаю й сказаў:

— Цудная ты, зусім цудная! Гаворыш — сама ня ведаеш што. Няўжо табе галава баліць аб тым, што я раблю? Або чым табе пашкодзіла савецкая ўлада, што ты на яе гаўкаеш заўсёды? Палякоў шкадуеш? Забралі сьвіньню, дык хацела-б, каб і карову ім убавіць!.. Эх, баб’ё, баб’ё! Многа яшчэ вас трэба вучыць.…

Выказаўшы гэта, Юрка адзеў кажух і вышаў з хаты. Юста вожыкам паглядзела ўсьлед мужу і яшчэ не дала яму выйсьці з сянец, як пачала йзноў спавядаць яго за бальшавіцтва.

Марыля, якая маўчала пры Юрку, цяпер здаволена ўхмылялася, цешачыся гаворкаю Юсты. Хвіліна-ад-хвіліны яна пазірала й на Сідора, які, зрабіўшы злосную міну, паглядаў у вакно ўсьлед за шваграм.

— Запраўды, цётка! — не сьцярпела Марыля, — ваш дзядзька мудрэй за другіх уцягнуўся ў бальшавіцтва. Нідзе нічога іхняга не прапусьціць.

— Няхай на яго прогліца, няхай…

— Прогліца-а! — скрозь зубы вымавіў адвярнуўшыся з вакна Сідор, — гэта ўжо праклёнам нічога не пасобіш, галубка. Зьвіхнуўся чалавек — і толькі!.. Зьвіхнуўся і — ведаеш, Юста, — стаў мне праціўным! Глядзець я не магу на яго. Лічу, што ты няшчаснаю стала, сястра…

Сідор выказаў гэта з цьвёрдасьцю й са шчырасьцю. Тут ужо нельга было яму пярэчыць, каб хто й хацеў. Ні Марыля, ні Юста й ня думалі гэта рабіць: яны маўчалі. Нічога не хацеў больш казаць і Сідор. Ён моўчкі адзеўся, закурыў папяроску і зьвярнуўся да Марылі.

— Ну, пяройдзем, паслухаем, што сяляне казацьмуць на нарадзе. Як абмывацьмуць гэтых…

— Вы таксама ў іспалком? — запытала іх Юста.

— Так! Пойдзем паслухаем.

Юста нічога не сказала й гасьцінна прайшла за імі да вуліцы.

Сідор з Марыляю ціхім крокам направіліся проста ў іспалком.

Ідучы, яны вялі гутарку на балючую для Сідора тэму — аб размаху ўплыву комуністых на сялянства. Марыля мала што ведала аб гэтым і не магла нічога пэўнага паведаміць Сідору. Яна ў гэтым пытаньні не разьбіралася, а заўсёды адказвала на яго чужымі словамі брахні ды зьнявагі.

Гутарачы так, яны падышлі да іспалкому. Каля будынку і ў дварэ стаяла шмат падводаў. У іспалкоме чуўся гоман, па якому можна было судзіць, што там сабралася многа дэлегатаў. Тымчасам з усіх канцоў мястэчка яны яшчэ падыходзілі й пад’яжджалі.

Сідор з Марыляю спыніліся каля двара; Сідору хацелася паслухаць, што гутараць прыежджыя і які іх настрой. Вось кожнага дэлегата ён абводзіў вачыма з ног да галавы, зазіраў яму ў твар. Сачыў і бачыў: усе яны, больш пажылыя мужчыны, выглядалі весела настроенымі і ў гутарках выказвалі зацікаўленасьць нарадаю. Адзін другому расказвалі, хто што мае казаць, як і што йдзе ў іх вёсках будаўніцтва савецкага ладу, збор падатку, развмеркаваньне зямлі. Ніводнае скаргі на сваё становішча Сідор не пачуў.

— Ну, пойдзем у сярэдзіну, — сказаў ён да Марылі.

Яны праз некалькі часу ўвайшлі ў іспалком. Невялікае памяшканьне было бітком набіта людзьмі. Яны займалі ўсю канцылярыю й дзьве бакавыя каморкі, высвабаджаныя ад сталоў і застаўленыя лаўкамі. У «габінэце» прадсядацеля іспалкому, таксама адчыненым насьцеж, стаяў стол, прыгатаваны для прэзыдыуму. Вакол стала грудзілася з дзесятах чалавек, якія запісвалі свае мандаты. Было душна і пахла вёскаю, сукном і чорным хлебам. Сідор з Марыляю на момант спыніліся пры дзьвярох і абгледзелі вакол памяшканьне: нідзе ня відаць было вольнага месца. Сяк-так яны праціснуліся да задняй сьцяны й прытуліліся да вакна. Праз некалькі хвілін пачуўся званок і гоман змоўк. У іспалкоме стала ціха, ціха. Усе настаражыліся і, як адзін, узорыліся ў «габінэт» прадсядацеля. У «габінэце» за сталом сядзела два чалавекі — прадсядацель іспалкому й пісар. Яны штосьці між сабою перашэптваліся, азіраючыся на «залю». Пасьля прадсядацель устаў і выказаў да дэлегатаў:

— Непартыйную сялянскую конфэрэнцыю я лічу адчыненай. Прапаную выбраць прэзыдыум.

На яго пропозыцыю выйшаў адзін з ліку дэлегатаў і прачытаў сьпіс прэзыдыуму, які прапанавала комуністычная фракцыя. У ліку другіх у сьпісу было прозьвішча Андрэя, якога мецілі ў таварышы прадсядацеля нарады. Прадсядацель іспалкому прагаласаваў сьпісак. Цэлы лес рук амаль ня ўсіх дэлегатаў падняўся ўгору.

— Аднагалосна, — паведаміў прадсядацель іспалкому, і тут-жа яго словы заглушылі моцныя воплескі.

Сідор пільна прыслухоўваўся да кожнага слова і, калі перш пачуў імя й прозьвішча Андрэя, а пасьля ўбачыў, як Андрэй разам з другімі пайшоў і сеў за сталом, ён злосна скрыгануў зубамі і адвярнуўся ў бок. Вострая злосьць на Андрэя падсказала яму кінуць іспалком і ўцячы дадому, але гэта было-б роўна таму, што Сідор ня выпаўніў-бы паложанай сабе задачы — і ён перамог узьняты настрой ды астаўся.

За выбарамі тут-жа пайшлі даклады. Першы рабіў даклад прадсядацель іспалкому аб сучасным становішчы савецкае ўлады. Сідор пераменна сачыў вачмі то за прамоўцам, то за сялянамі, якія ціхутка, з увагаю яго слухалі. Ніхто з іх не варушыўся, ніхто ня кашляў, а ўсе, як адзін, пільна сачылі вачмі ў «габінэт», дзе сядзеў прэзыдыум. У словах дакладчыка часта зычэлі гострыя лаянкі на кулакоў, пагрозы за іх шкодную працу. Дакладчык таксама адмячаў клапоты савецкай ўлады аб сялянстве і заклікаў яго нясьціханна працаваць па адбудаваньню краю.

Сідор на гэтых мясьцінах дакладу яшчэ ўважней настарожваўся і нясупынна абводзіў усіх прысутных. Яму ня верылася, каб ніхто з дэлегатаў ня выгукнуў якое-кольвечы лаянкі на савецкую ўладу ці не падаў спрэчкі прамоўцу. Хвіліна-ад-хвіліны да яго падыходзіла нейкая ні то радасьць, ні то самаўцеха, што вось-вось паднімецца протэст мужыкоў і ўся нарада пойдзе ўверх дном.

Але дакладчык пераказваў ўсю прамову і ніхто не прараніў і слова. Калі-ж скончыў, то зычны гул воплескаў быў пасланы ў аддзяку за даклад. Пасьля дэлегаты, як пчолы, рэзва загаманілі паміж сабою, весела настроіліся і адзін за адным уголас падавалі выказы: «О, і маладзец наш Сьліва!» «Вось, праўду сказаў!» «Ёсьць чаго паслухаць!» Каля дваццацёх чалавек сарваліся з месцаў і панясьліся да стала, каб узяць слова ў спрэчках.

А калі спрэчкі пачаліся, дык толькі й чуўся з вуснаў кожнага прамоўцы жывы, гарачы водгук на воклік дакладчыка. У кароткіх, няскладных прамовах цэлы шэраг сівых барадатых сялян засьведчылі сваю ўвагу, сваю спагаду да савецкага ладу ды яго парадкаў. Атрымоўвалася ўражаньне, мэрам-бы ўся нарада сабралася ў іспалком, каб урачыста прывітаць тую гадзіну, якая прынесла ім жаданую волю.

Гэты настрой кідаў Сідора то ў жар, то ў холад. Штосьці цягнула яго хутчэй уцякаць, а разам другая сіла прыкоўвала яго к месцу. Марыля некалькі разоў звала яго выйсьці, але ён аднекваўся і ня пускаў.

— Вось хай скончаць гэта пытаньне — няпраўда, прарвецца! Вось мо’ хоць адзін прамоўца знойдзецца, — папрасіў Сідор Марылі, калі яна пагрозілася пайсьці аднэй.

— Ну, добра! Толькі адзін, — згадзілася яна, — усё роўна нічога новага ня скажа.

Якраз гэтым адным папаў Юрка. Сідор ня прымеціў, як той апынуўся ля стала, але толькі прымеціў швагра, як моцна скалануўся ад гневу і азірнуўся на Марылю:

— Бачылі гэта?

— Юрка! — прашаптала тая. — Пачуем, што скажа!

— Не, годзе! Ідзем! — папрасіў Сідор Марылю.

Таўхаючыся між людзей, яны пайшлі да дзьвярэй, а ўсьлед ім нясьліся гучныя словы Юркі: «Мы павінны помніць адно: што нам далі польскія паны і што зрабілі нам бальшавікі. А памятаць паноў кожны мае завошта — з іх імем зьвязана наша няволя, зьвязана разбурэньне краю, гвалты, пажары. Толькі бальшавікі нам далі волю, толькі ад саветаў — наша свабода й сьветлая будучына».


VII

На конфэрэнцыі ў іспалкоме былі таксама Паўлюк, Мірон ды Варвара. Яны прыйшлі шмат раней Сідора з Марыляю й занялі месца ў бакавым пакоі за сьценкаю, так што іх ня было відна з канцылярыі. Стоячы там, яны не маглі сачыць за ўсімі, хто заходзіў у іспалком і хто з яго выходзіў. Праўда, Сідора з Марыляю яны чакалі з часу на час, пазіралі ў вакно, думаючы ўгледзець ідучымі, але прапусьцілі й ня прымецілі, калі Сідор з Марыляю зайшлі ў іспалком. Вось усе ўтраіх так і пастанавілі, калі распачалася конфэрэнцыя, што Сідор, мабыць, матнуў на яе рукою й ня прыдзе паслухаць. На гэтым і спыніліся-б, каб выпадкова Паўлюк не азірнуўся ў вакно якраз у той момант, калі Сідор з Марыляю выйшлі з двара іспалкому.

— А во, бачыце! Сідор з Марыляю пайшлі! Усё-ж былі тут, — ціха падаў Мірону й суседзям Паўлюк.

Тыя паглядзелі ў вакно.

— Так, так! Пэўна, што тут быў. Давайце дагонім, — запрапанавала Варвара.

— Давайце, чаго далей слухаць! — згадзіўся Паўлюк. Пяцёра іх — Паўлюк, Мірон, Варвара і двое з дэлегатаў: настаўнік з вёскі Шула і лясьнічы з Шулаўскага лясьніцтва — таўхаючыся, праціснуліся да дзьвярэй і выйшлі з іспалкому. Сідор з Марыляю ўжо падыходзілі да ўзгорку на рынку.

— Гукні! — падаў Мірон Паўлюку.

Той стуліў пры губах рукі й гукнуў:

— Сі-ы-до-ор-р!!

Сідор з Марыляю абярнуліся й пасталі.

Праз пяць ці шэсьць хвілін да іх падышлі Паўлюк з кампаніяй.

— Ну, дзе-ж былі, Сідор Гарасімыч? — запытаў Паўлюк Сідора, вітаючыся з ім і знаёмячы яго з шулаўцамі.

— Дзе быў? Пэўна там, дзе й вы…

— А вы ў іспалкоме былі? — перабіла Марыля.

— Вядома што! Вось угледзелі вас праз вакно і выйшлі… Чакалі-чакалі і думалі, што вас там ня будзе, — рэзва адмовіла Варвара.

Гаворачы, яны ўсе разам кранулі йсьці.

— Куды-ж цяпер, Сідор Гарасімыч? — крыху прайшоўшы, запытаў Паўлюк.

— Трэба на кватэру, — адказаў Сідор.

— А вечарам ня думаеце нікуды?

— Ня ведаю…

Прайшоўшы яшчэ з гоні ўсе разам, далей яны разьбіліся на двое й пайшлі паасобку ў розныя бакі: Мірон з дзяўчатамі, а Сідор з Паўлюком і шулаўцамі.

— Ну, як вам? Бачыце, вось якія мужыкі! Як адзін, у далоні б’юць: хваляць парадкі… Во, нават, Юрка… Не казаў я? — выказаў Паўлюк.

— Так! Дзівіць мяне… Я ніколі ня думаў, што яно так, што так глыбока ўелася бальшавіцтва… Ня думаў… А то-та-ж… — Сідор нездаволена пакруціў галавою і ня мог даказаць.

— Сідор Гарасімыч! а ўсё-ж яно не якраз так, як мы бачылі. Ёсьць шмат і праціўнікаў бальшавікоў. Вось каля нас стаяла з дзесятак мяшчан — дык сьмяяліся з усяе цэрамоніі, толькі ім нельга выказвацца…

— Так, нельга выказвацца… — шэптам падмацавалі шулаўцы.

— Гэ! што дзесяць, калі сотні пляскаюць у далоні, сотні… Што дзесяць! Каб наадварот… — матнуў рукою Сідор.

Яны прайшлі рынак і спыніліся пры выхадзе ў вуліцу.

— Можа вечарам яшчэ наведаем у іспалком? Яшчэ шмат пытаньняў абгаварвацьмуць… Цікава пачуць, як будзе абгаварвацца школьная справа! — выказаў Паўлюк да Сідора.

— Не, не пайду! — суха адказаў Сідор.

— Чаму? Мы зойдзем…

— Нічога не паможам! Запраўднае гняздо бальшавікоў… Усе, усе атручаны ім…

Забыўшыся разьвітацца, Сідор пайшоў на кватэру. Паўюк з другімі вярнуліся назад.


VIII

Увайшоўшы ў хату, Сідор застаў дома сястру. Яна мяшала гавядам цэбры і, калі Сідор прачыніў дзьверы, кінула работу й зьвярнулася да брата з пытаньнем:

— З іспалкому прыйшоў, Сідорка?

— З іспалкому.

— Што-ж там чулі добрага?..

Сідор нейкі час памаўчаў, пасьля сур’ёзна з прыціскам адказаў:

— Пачуеш?! Ведама ўжо, што ў іспалкомах пачуеш!.. Твайго Юрку чуў… Дастала цацку…

— Чаму?.. — зьдзіўлена запытала Юста.

— Чаму?.. Вунь расьпінаецца на ўвесь іспалком. Такі аратар, што хоць ты…

— За бальшавікоў ці супроць?

— Супроць! Навучыла-ж ты яго супроць!

— Ай, ай! І чаго яму трэба лезьці… божа мой!.. На яго хвароба, на яго! — завяла Юста. — Дык ты-ж паверыш, Сідорка, я й сама ня ведаю, што з ім рабіць… Вось да таго ўкляпаўся ў бальшавіцтва, што жыцьця няма… Стары чалавек…

— Табе кінуць трэба яго! — адсек Сідор.

Гэта пропозыцыя азадачыла Юсту. «Кінуць!» — то ўжо пераходзіла ўсю яе злосьць на мужа й глядзела ёй у вочы чымся незьясьнёна-страшным. Яна разумела пасвойму шкадлівасьць таго, што Юрка ўмешваецца ў бальшавіцкія справы, але гэта шкадлівасьць не надаўміла ёй ні разу паставіць сабе рубам пытаньне аб адносінах з мужам. А тут раптам чуе гэткую раду ад брата. То, пэўна, нешта нейкае ўжо сталася з Юркам. Сідор-жа не павінен жыў-здароў яе палохаць.

— Сідорка, чаму ты так кажаш? — баязьліва запытала Юста.

— Таму, што бальшавікі — гэта разбойнікі й згубіцелі. І твой Юрка — таксама… Ён бальшавік — і ты не павінна, жывучы з ім, ганьбіць наша котлішча…

Сідор, выказаўшы гэта, прыстукнуў нагою, нібы павеляваючы сястры выпаўніць яго раду. Юста ня ведала, што адказваць, і моўчкі пытальным поглядам сачыла на сур’ёзна выглядаўшага брата. З яе рук выпала мяшалка, стукнуўшыся аб цэбар, але Юста не заўважыла гэтага. Таксама не заўважыла яна й таго, што на дварэ цямнела і ў хаце па куткох пачаў туліцца змрок. Наогул, Юста была ашаломлена братавымі словамі й ня ведала, чым на іх адказваць…

Ёй памог выйсьці з гэтага становішча Юрка, які з прычыны перарыву нарады наведваў хату. Няпрыметна для яе й Сідора, ён прайшоў у двор і, апынуўшыся на парозе, стукнуў сенешнімі дзьвярамі. Сідор хутка перамяніў устой, а Юста, нібы ачнулася, хапілася за мешалку й пачала мяшаць цэбры.

— Ты яшчэ не падала паранкі? — запытаў Юрка, увайшоўшы ў хату.

— Не падала, не пада-ла! Муштраваць толькі любіш, а сам, як той валацуга, цалюткі дзень бадзяецца бяз нічога… Да сэрца вельмі даліся табе гэтыя бальшавікі! Ня вылазіць з іспалкому. Ці-ж то ёсьць лад? — скорамоўна, трымаючы мешалку ў руках, залепятала Юста. — Пакіне ўсё ў хаце, хоць захлыніся адна, а сам у аратары ходзіць… Трэба вельмі табе людзей пасьмяшаць?! І так з-за цябе жанкі вочы дзяруць… Хапіла-б і без цябе бальшавікоў… Чаго табе лезьці?

Юрка, зрабіўшы сур’ёзную міну на твары, даў выгаварыцца жонцы, а пасьля спакойна, але цьвёрдым голасам адказаў:

— А цябе мо’ гэтыя жанкі й вучаць брахаць вось так? Ведаю я, хто гэтыя твае жанкі! Мікуліха да Дзежыха якая. Не падабаецца ім савецкі лад — вядома. І гонар апаў і павага мінулася. Сыны паўцякалі ў Польшчу, дык думалі прасіцьмуць іх зьвярнуцца, а тут яшчэ забаранілі… Не глядзі на іх — свой розум мей!

Юста ня ўнімалася.

— Ня трэба мне больш таго, што я маю… Хай ужо ў цябе занадты розум, каб ён табе высах! Аж брыдка робіцца… Вось праўду кажа Сідор, што ты род наш ганьбуеш ё сваім бальшавіцтвам? Навошта яно табе?..

— Сідор кажа-а? — раззлавана выгукнуў Юрка. — Ссі-ы-дор?! Я ведаю, што Сідор… Чуў ужо я пра твайго Сідора! Ходзяць ужо ўсякія чуткі па мястэчку й за мястэчкам… Прыехаў сюды настаўніцтва бунтаваць… Вось ужо даведаліся аб ім! Толькі мне ўвага… Сідо-ор ёй кажа!

Сідор, як стаяў моўчкі, так раптам заварушыўся на месцы і ад злосьці закрычаў:

— Пляваць я хачу на ўсіх і разам н-на… Не пераарыштоўваеце ўсіх — нарвяцеся зараз… «Усе ведаюць!» Хай ведаюць! Я сам не таюся, што я кроўны вораг бальшавікоў… Ненавіджу іх, як… Гэта — барбары! Яны згумілі ўсё багацьце краю, разьбілі душу сьвядомаму чалавеку! Яны… — ён запнуўся й зрабіў колькі крокаў па хаце. — Я лічу абразаю, што мая сястра мае мужам бальшавіка… Так! І я кажу ёй: кінь, каб не паскудзіць нашага роду…

— Так? — Юрка разьняў рукі й наскакам падбег да Сідора. — Вон! Вон, панскі агент! Ты што гэта? Прыехаў бясчэсьціць маю хату й маё імя? Вон! Ягомасьць тут знайшоўся! Душу яго разьбілі… Голаў разьбіць мала… Вон, каб і нага твая ня была тут!

Бачачы мужа ў гэткім гнеўным настроі, Юста ня брала сабе ўглузд, што тут чаўпецца, і перш, вытарашчыўшы вочы, глядзела на абодвых, а пасьля кінулася ўцішаць Юрку, крычучы:

— Што ты робіш, вар’ят? Што ты робіш? Не сарамаці людзей! Завошта-а ты наваліўся на яго?.. Ці ты маеш розум?

А Юрка крычаў:

— Вон! Абаіх вас паганю! Мне не патрэбна вашага шляхецтва… Калом яно мне вылезла за сорак гадоў. Годзе!.. Прэч з дарогі! Я — бальшавік і ня выношу жаднага панства. Вон, вон! Ня выйду з хаты, пакуль гэты ягомасьць ня выправадзіцца…

Праходжыя вуліцаю застаноўліваліся перад хатаю… Крык і лямант цягнуўся з гадзіну. Юрка не здаваўся і гнаў Сідора з хаты. Юста абараняла брата, то ўпрашвала яго выйсьці на час да знаёмых. Сідор-жа «прынцыпова» лаяў бальшавікоў і швагра. Але, лаючы Юрку, ён ужо ня думаў ні аб чым добрым. Гэтыя тры дні, якія ён пасьпеў пражыць у мястэчку, зрабіліся яму годам — ды годам ня простага жыцьця, а балючых мукаў разувер’я, ашаломленасьці зьменамі таварышоў і страхам перад пагалоўным захопам жыхарства ненавісным яму бальшавіцтвам. Усё гэта так яго знэрвавала, так стузала, што ён увачавідкі адзначаў, як рабілася яму цяжка й нявыносна ў вікураўскіх абставінах. Звакол і з усюды глядзелі на яго тысячы вочаў атручваючага страху, тысячамі галасоў зьвінелі ў яго вушшу. Перад ім стаяў Юрка, а Сідору здавалася, што гэта — ажыўленае бальшавіцтва, якое вось-вось сьцісьне яго сваімі рукамі й задавіць. І калі ён спрачаўся і лаяўся з Юркам — то гэта толькі каб не маўчаць. Каб не маўчаць, бо гэтаму супярэчыла ўся яго істота. Трэба было шмат здарэньняў, многа самааховы ды разам каменнай цярплівасьці, каб зьнізіцца да таго, што ён бачыў і чуў. Але пракідкі й дасьціпны Сідор адчуваў сябе ваўком у засадзе, якому ўсё-ж трэ’ было зламаць сьмеласьць і пакінуць гордасьць.

— Шш-а, шш-а! — пакорліва суцешыў Сідор швагра, калі той ня ўступаў, а ўпарта гнаў яго вон, — я пайду! я пайду… Я пайду, каб ня прыходзіць ужо сюды. Годзе!.. Няхай заклятай будзе тая часіна, калі я пераступіў гэты парог…

Сідор пасьпешна пачаў адзявацца. Адзяючыся, ён раз-по-разу пазіраў у вакно. Ад таго, што яму кідалася ў вочы ў згушчаным зморку вакна, Сідор то ўзвышваў, то паніжваў сваю нясьціханую лаянку, якая «злучыла іх род з родам Юркі», і тае часіны, «якая завяла яго сюды». Юста з мешалкаю ў руках тупала па хаце і то кляла мужа, то перапрашала Сідора, каб той не злаваў, каб ня слухаў «дурня Юркі» і заставаўся.

— Куды-ж, братка, пойдзеш нанач? — казала яна Сідору, — заставайся ў нас… У хару плюнь заразе гэтай — і заставайся! Гэта хата не яго… Я больш гаравала на яе. Мой пасаг паставіў цябе на ногі, — адварачвалася Юста да Юркі. — Гаспадар знайшоўся! Вось заўсёды так, як і сёньня: валочышся, мэрам сьвяты бяз вуму, цэды дзень, а ў хаце — хоць вецер гуляй! Мая хата! Скула табе ў горла, а ня хата!

Далей ізноў хапалася за Сідора, просячы:

— Не ганарыся, Сідорка! Мала што гэты вар’ят крычыць! Не зважай.

Але можна было Юсьце казаць гэта, а здарэньне йшло іншым кірункам. Юрка настойна — што далей, тым адчаяньней лаяў швагра, паказваючы яму на дзьверы, а Сідор сьпяшыў злажыць у куфэрак свае рэчы. Калі-ж ён сабраўся, то падышоў да Юсты, суцешыў, каб тая ня плакала, і, пацалаваўшы яе ў голаў, рашуча выказаў:

— Бывай здарова, Юстынка! Прашу цябе — разыйдзіся ты з гэтым вар’ятам, з бальшавіком гэным паганым. Аберажы сябе і нашу фамілію… Бывай! — і выйшаў з хаты.

— Вон, панскі пасылач! Вон, бяляк! Каб і нагі твае тут ня было!.. Ідзі, шукай месца, дзе тваёй ганаровай душы даспадобы. Вон, вон! Так, так — ноччу, як сава, як кажан! Прыехаў тут шляхецтва сваё паказваць! Гіцаль, паскуда! Н-не, галубчык, забудзь бывалае… Ха-ха-ха! Многа ўжо гэткіх, як ты, схавала ў сябе ночка… нікуды не ўцячэ-эш- ш!

Юрка пакрыкваў так, стоячы ў вакне, і здаволена слухаў, як Юста разьвіталася з Сідорам за парогам, клянучы й лаючы бальшавіка-мужа.


IX

Мо’ з гоні ад Юркавай хаты Сідор прабег безабдумна й безаглядна. Нейкая незьясьнёная яму, але моцная й страшная сіла гнала яго ў цем ночы, як найдальш ад голасу Юркі, які здавалася яму, мэрам раздражнены чмель, гнаўся за ім і выў над вухам.

Пасьля штосьці Сідора супыніла; ён сыйшоў у бок са сьцежкі, прыслухаўся, ці за ім хто не бяжыць, і запытаў сябе: «Запраўды, куды-ж мне йсьці? На дварэ — цёмная ноч… Ды й брыдка прасіцца дзе-колечы нанач. Што могуць падумаць! Ах, чорт надаў мне наведаць гэтыя Вікуры!.. Ужо ня знойдзеш сухога месца, калі паводка разьлілася… Кругом бушуюць хвалі!»

Здалёку хтось гутарыў. Сідор кінуў думаць, выйшаў на сярэдзіну вуліцы і пайшоў насустрач гутарцы. Але, прайшоўшы колькі сажняў, ён як-бы адумаўся — вярнуўся назад. Яму заздрочыла прайсьці паўз хату сястры й пераканацца, ці толькі й было гісторыі, каб яго выправадзіць з хаты, ці крык ды лаянка цягнецца далей. «Аб табе чуткі ходзяць» — гэтыя словы Юркі глыбока запалі Сідору ў нутро, і ён у сваім расшавеленым выабражэньні маляваў розныя прыкрыя для сябе дагадкі. «Каб, адно, Юрка, ня йграў перадатачнае ролі, а то…» — і за гэтым «а то» йшлі розныя мажлівасьці, якія не мілавочна глядзяць на гэткіх, як ён, Сідор, і якія пачалі яму здавацца.

Пазіраючы ў бакі, мэрам крадучыся, крыху падрыгваючы ад холаду, Сідор ужо падбліжаўся да швагравае хаты, як раптоўна яго пазвалі:

— Сідор Гарасімыч!

Сідор спыніўся і, крыху сумеўшыся, абазваўся:

— Я! — і пачаў узірацца на двох падыходзячых.

— Сідор Гарасімыч, — цішэй загутарыла да Сідора Марыля (то была яна з Варвараю), падбегшы да яго, — вы ня йдзеце дадому начаваць!.. Хадзем да нас, — хапіла яна яго за руку.

— Чаму? — напалохана запытаў Сідор.

— Ведаеце, пра вас пусьцілі дрэнныя чуткі. Вас залічаюць агентам контр-рэволюцыі… Вось нават і на нарадзе ўжо паднімалася гутарка пра вас. Макар, расказвалі так, абгаварваючы школьную справу, нападаў на настаўніцтва за яго чорнасотніцтва і ўмяшаў туды й вас… Ды яшчэ так, што ўсіх абурыў.

— Як? Плаха?!

— Так… Кажуць, апавядаў, што нібы вы прыехалі й разводзіце тут супроціўсавецкую агітацыю. Настройваеце настаўніцтва супроціў школьнае політыкі і наогул… Вось, на кожны выпадак, ідзем да нас…

Сідор разам кінуў усе іншыя роздумы і спыніўся на тым, што паведаміла яму Марыля. Хоць у яе паведамленьні й было многа знаёмага, чаго хітры Сідор заўсёды ня спускаў з думак, але тая раптоўнасьць, з якою ўсё гэта чынілася, аглузьдзіла яго. У ваччу ажылі ўсе вакольныя рэчы, зацюкала спалохана сэрца.

— Ідзем, ідзем хутчэй!.. Паганыя, як у іх усё скора робіцца! Ці бачыш ты? — паўшэптам выказаў ён ні то да дзяўчат, ні то сам да сябе і пасьпешна рушыў уперад, ухіляючыся блеску праменьня з вокан хат.

Дзяўчата падбегам пагналіся за ім, перапыняючы яго ў паўголаса:

— Сідор Гарасімыч, вы ня туды пайшлі. Чакайце! Нам трэба на другую вуліцу!.. Чакайце!

А Сідор, не патураючы іх зову, як нацкованы воўк, безаглядна бег у цемнату вуліцы.