Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/Чырвонаармеец Панкел Ліпа

Трэскі на хвалях Чырвонаармеец Панкел Ліпа
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
На новым месцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чырвонаармеец Панкел Ліпа.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЫРВОНААРМЕЕЦ ПАНКЕЛ ЛІПА

І

Калі Панкел Ліпа вярнуўся ў казарму і прыйшоў у сваю роту, то яго таварышы ўжо спалі. У казарме было ціха: толькі й чулася глухое цюканьне старога загарка дзесьці за сьцяною ў канцылярыі ды мерныя выразныя стукі вартаўніка па калідору.

У абудвых бакох калідору, у няглыбокіх ямках-лёхах у сьцяне былі ўстаўлены замурзаныя дымам, недагледжаныя лямпы-сьвірэлкі, якія, цьмяна гаручы, кідалі ад сябе смуглае праменьне.

Панкел пільным узрокам агледзеў усё памяшканьне, паківаў чамусьці галавою і спакойна ўсеўся на сваёй койцы, якая трэцяю стаяла ад надворнай сьцяны.

— Эх, і абрыдла-ж усё да чорта… Але няма рады, хоць ты захлыніся. Колькі часу ўсё адзін і адзін, бяз родных, без усялякае аб іх чуткі… Адзін адным — нібы саўлук, нібы бязродны… Вайна й вайна! Канчатку ёй, заклятай, ніякага няма. Толечкі вярнуўся з фронту раненым, пакалечаным… ні дадому, ні да сваіх, а ў шпіталь, халодны, брудны, бездаглядны мур… і столькі мукаў перацярпеў, столькі здароўя згубіў!.. Чужыя людзі, койкі, енкі… І вось, яшчэ нават як сьлед не ачуняў, а тут глядзіш, ізноў зьбірайся на фронт… згарэў-бы хоць ён тамака… Гэта-ж жартачкі-ы! Ці-ж хопіць мяне на гэтыя новыя мукі?..

Панкел ізноў пакруціў галавою, выказаў злосную міну і заскрыгатаў зубамі… Азірнуўся вакол сябе. «Не! на гэты раз на фронт не пайду… Хаця-б ачухацца ад гэтых ранаў. Досыць! Чаму мне трэба больш за ўсіх ваяваць? Ды за вошта мне ваяваць трэба?»

І Панкел бадрыўся ад выказаных думак ды мерыўся ажно выкрыкнуць іх уголас, але надыйшоўшыя новыя роздумы яго спынілі, ахаладзілі. «А калі прымусяць?» мігнулі яны перад ім. І Панкел спалохаўся іх; крыху памаўчаў у нейкім глузьдзе. «І калі прымушацьмуць, будуць застаўляць, то й тады не пайду, не пайду і квіта… Хай што-хоць са мною робяць. Не паслухаю прыказу, ні за што. Сапраўды кажа Проў: «Будзь цьвёрдым і ня гніся так лёгка пад прыказамі. Мала што табе бальшавікі пачнуць прыказваць, ці-ж усё ім выпаўніць». Так: ня буду выпаўняць, стану крыху паўпарцей».

Панкел устаў з койкі, смачна зяхнуў, справадзіўшы позіх зацяжным енкам, і пачаў расьпяразваць папругу. Выняў гвозьдзік спронжкі з дзіркі рамяня і спыніўся. «Ах, як добра было-б пагутарыць цяпер з Провым, удваіх, наасобках. Цікава пачуць, што ён мне парадзіць зрабіць, калі ўсё ткі й прымусяць мяне пайсьці на фронт. Цікава! Вельмі цікава! Вось ня буду спаць — пачакаю яго», парашыў Панкел і аддаўся новаму наплыву думак, няцэлых, трывожных, смутна-нявыразных. І назойны рой скаваў Панкела, як ланцугамі, і прымусіў спакойна сядзець.

Вакола яго таварышы ўжо храплі. Адны ляжалі на сваіх койках спакойна й нярухома, другі варочаліся з боку на бок, бы на спрунжынах, кракталі; іншыя не маглі супакоіцца ад кашлю й охалі. Вартаўнічага хутка стала ня чуваць, нібы і ён задрамаў.

— А мо’ Проў ужо і сьпіць? — мігнула ў Панкела думка, і ён азірнуўся ў бакі, нібы шукаючы яго койкі.

— Не, месца зусім пустое, — адказаў Панкел сам сабе.

Прова яшчэ ня было — значыць дзесьці ён спазьніўся ў горадзе.

«Трэба яшчэ крыху пачакаць; потым пачну распранацца, а вось, покі зьбяруся лажыцца, ён і натрапіць… Але-ж і хітры, аднак, гэты Проў, нечага сказаць! Усё пранюхае, усё дазнае — хітры, відаць, з багатага котлішча… ня мне равесьнік… Бач, як усяго багатага мае пры сабе: і кавы, і бялізны, і грошы, і ўсяго. Не шкадуе нічога. Гэтак, вядома, і служыць ня цяжка. Ды, нябось, яшчэ на фронце ні разу ня быў… Ні на фронце, і на варце… Круціцца сабе, нырпаліць па горадзе і ня знайся… Ёмкі-ы, о-го-о, казаць нечага. Купца якогась сын, няйначай… Па ўсяму відаць… Ды і ў гутарцы, ліха яму, цягне за іх… за сваіх; глядзіш — так і гне ў іх бок, заступаецца, усяляк іх абараняе.

Панкел кіўнуў галавою і ўздыхнуў: «Ну, вядома, так ўжо мабыць і трэба… Гэта не вялікая ганьба, мала што… Аднак, хлопец ён усё-ткі разумны, тлумачны… Судзіць справядліва, толкам, ажно люба паслухаць… Вось я асабіста дужа люблю яго паслухаць»…

Панкел паціху, з перапынкаю разьдзяваўся, кожную рэч зьвяртаючы акуратна і кладучы — што ў ногі, а што пад падушку, іншае-ж пад голаў. «Няйначай трэба дачакацца Прова, — думаў далей Панкел, — трэба вымусіць яго на гутарку, парадзіцца з ім, што рабіць… Усё-ткі два розумы, дзьве галавы — не адзін, не адна»…

Панкел абарваў думкі, пачаў ззуваць боты, крэчучы ад ныцьця сьпіны і колкі ў баку.

— Ах, так ломіць! О-ёй-ёй! Ох-хо-хо! Вось і едзь на фронт… у дарозе згінеш, — шэптам праказаў сам сабе Панкел і хапіўся рукой за плечы, потым за бок…

У гэты час пачуўся ціхі стукат дзьвярэй, а потым і шорханьне шагоў. Панкел адагнуўся ад койкі і паглядзеў у бок дзьвярэй — то прышоў Проў, які паціхенку, з асьцярогаю, каб не нарабіць груку, на пальчыках заварочваў вузкімі праходамі к сваёй койцы. Панкел нібы не прымячаў яго і нырпаліўся над сваёю пасьцельлю.

— А ты ўсё яшчэ ня сьпіш? Нябось, нядаўна вярнуўся ў казарму? — падышоўшы, шэптам запытаў яго Проў.

Панкел паважна адагнуўся ад койкі і пільна аглядзеў Прова. З ног да галавы акінуў узрокам, з хвіліну памаўчаў, потым загутарыў:

— Ня вельмі даўно прыйшоў і я. Прыйшоў і задумаўся: гэта-ж хочуць ізноў адпраўляць нас на фронт, а мне так ня хочацца, так страшна… ня то, бач, каб баяўся, але ад болю, ад незажытых ранаў… Страшна, і я рашыў прычакаць вас, каб… — адрыўна, няўпэўнена, нібы намацоўваючы грунт, адказаў Панкел, павярнуўшыся к Прову і падступіўшы да яго на шаг.

— Мяне? Чаму гэта? — нібы зьдзівіўся Проў і затаіў выплыўшую на твары радасьць. Моўчкі абудва прыселі побач на койцы Панкела і некалькі часу памаўчалі.

— Ці чулі вы, што нас ізноў на фронт думаюць пасылаць? — першым пачаў Панкел, недаверна аглянуўшыся вакола сябе…

— Так, чуў, думаюць… Што-ж дзіўнага ты ў гэтым знайшоў?

Панкел крыху памаўчаў, потым сказаў:

— Ня хочацца, ведаеце, абрыдла вельмі… Я не паправіўся якраз… усё цела ные, ломіць… Дый падумайце — восьмы год я ўсё гэтак вандрую: то на фронт, то назад у шпіталь… Пяць разоў быў ранен… Увесь час бяз вестак аб родных, дзе і што яны; ня ведаю долі ні жонкі, ні дзяцей… Знайсьці-б іх, праведаць аб іх што-кольвечы, на хвілінку з імі-б угледзецца і… больш нічога… Тады-б я зноў гадзіўся на справу, маўчаў-бы, слухаў і выпаўняў-бы прыказы… Хоць яно-то й супачынку дужа хочацца, чалавек ня сталь — ня можа трываць бясконца, ну… Але то няхай сабе, вось яшчэ мо’ як пратрымаўся-б… толькі сямейка, дачушка, хата… Дзе яны і што? Без капейкі грошай пакінуты… Ах, канчатку няма ні гэтай вайне-завірусе, ні гэтым фронтам паганым, ні…

Па твары Панкела беглі балючыя сударгі, мяняючы свае абрысы за кожным словам; голасна праводзіў іх востры скрыгат зубоў і адчайны выверт рук.

Проў пільна сачыў за выразам твару Панкела і, пацяшаючыся ўнутры, думаў: «Вось яшчэ адзін… Гэта паказвае, што ўжо ёсьць глеба, гатова… Ды чаму-ж ня быць? Стаміліся людзі, заезьдзілі іх ў канец бальшавікі… Затое і іхнія скрэпы пачалі трашчэць… Можна цяперка арудваць з посьпехам… латва… Вось на заўтрашняй рахубе трэба будзе збрадзіць усё і брацца за справу стараньней… Толькі пагнуць у гэты бок… як належыць…

— Слухай, Панкел, а давай паспробуем зрабіць так, каб нам зусім ня ваяваць, добра? — асьцярожна парадзіў Проў.

— А ласьне гэта можна зрабіць? — зацікавіўся Панкел, нібы акрыяўшы ад нейкага сполаху.

— Гм! як зрабіць? — Проў агледзеўся вакол па казарме; гэта зрабіў і Панкел.

— А вось… — пачаў ізноў Проў, — на фронт пойдзем ахвотна, паслушна, а па дарозе — давай падгутарым чырвонаармейцаў, і як прыдзе да бойкі — уцяком з часьці, здамося ў палон: «Бярэце нас! Здаёмся!» крыкнем і перабягом да казакоў… усе, палком, гуртам… А там, а там у іх і адпачнем… У іх усяго ёсьць, і мы ўдостач пад’ямо… Га, Панкел, згодзен ты на гэта?

— А ці-ж можна так? — перапалохана запытаў Панкел.

— Вось цудны які, а чаму-ж не? Хіба ты мне ня верыш?

Панкел задумаўся.

— Н-не-э, ведаеце, цяжка і… страшна здавацца ў палон. Ды й брыдка, непачэсна-а… Гэта провокатарства, здрада. Усе будуць пальцам тыкаць: «Здраднікі, прадаўцы», скажуць. А што дастанеш за гэта? Ласьне пахваляць за гэта нашы ворагі? І дадуць якія-кольвечы прывілеі?

— Го, браток, ня думай благога… Не ашукаешся; хто да казакоў пераходзіць — даюць таму ўсякія палёгкі… Ды што казаць! Там народ — ня нашаму раўня! Далікатныя, паністыя ўсё… Ведае, што рабіць і як абыходзіцца. Усе вучоныя, разумнікі… Там, у казакоў, зусім інакш нашага… Кінь, браток, верыць бальшавіком! Брэшуць яны, ня болей.

Проў цікаўліва, з падмігамі, з захаванымі ў маршчынках твару лёгкімі калючымі хітрыкамі, акідаў Панкела празрыстым поглядам, сочучы за тымі адбіткамі ўражаньня на яго твары, якія пакідала за сабою гутарка.

Панкел-жа маўчаў. Некалькі разоў, з перацягамі, нібы з пуду, прабягалі па яго смуглым задуменым твары пуглівыя, недаверныя ўхмылкі, пакідаючы за сабою сьляды глыбокага суму, вострага сумненьня і густое шкоды чагосьці, яму аднаму вядомага.

— Ну, як-жа? — даўшы яму падумаць, запытаў Проў, не перастаючы ўвесь час азірацца вакол сябе. — Памойму будзе ці не? Разабраўся?

— Гэта не салдаты, і не ваякі: сёньнека к нам, а заўтра ад нас, — скажуць яны. І будуць зьдзеквацца над намі, як і над усімі іншымі нашымі таварышамі… і шомпалы, і розгі, і расстрэлы… О, не, гэта, памойму, няцікаўна.

Проў нецярпліва даслухаў, пачасаў вісок і сказаў:

— Кінь, браток; то бальшавіцкая брахня… пераканалі цябе бальшавікі, каб застрашыць чырвонаармейцаў, адбіць у іх ахвоту… Го-о! А колькі, аднак, здаецца нашага брата-а! І добра робяць, вылузваюцца з лапаў бальшавіцкіх!.. — сьціскаючы ў сваёй руцэ руку Панкела, разуверваў і ўгаварваў яго Проў. — Ты вер мне, Панкел: зусім хлусьня тое, што нібы-то казакі ці дабравольцы з намі — чырвонаармейцамі — дрэнна абыходзяцца… Я табе кажу… Падумай, што-ж бы то было, каб гэта так рабіла чым выгравалі-б ваюючыя між сабою стораны? Кожны разьлічвае на спакусу і абман сваіх ворагаў. Ой, колькі здаецца чырвонаармейцаў казаком! І гэта казакі добра ведаюць і шануюць тых, хто ім здаецца ў палон. Ну, сумняваешся?

— Трэба крыху падумаць, — адказаў Панкел.

— Ды кінь, браць! Чаго там болей думаць? Чаго сумнявацца? Ня век-жа жыць табе на фронце, то ў казарме; ня век-жа грозіцьме жыцьцю, ліха ведае за што і каго… Калі думаеш аб сабе, аб сям’і, то трэба-ж скончыць з гэткімі варункамі калі-колечы і адпачыць трохі… Ці-ж аднаму табе за ўсіх адбаярвацца? Ці-ж больш табе, чым усім трэба? Ды, галоўнае, за якую тут падзяку ўсё гэта? — горача і старанна казаў Проў.

Панкел шчыра падумаў, потым дапытліва адказаў:

— Ну, добра; а калі я й згаджуся, рашу, то як гэта будзе там, на фронце, вымеркаваць?

Проў шчыльна прытуліўся да Панкела і на вуха прашапцеў:

— Гэта ўсё будзе зроблена і абмяркована падрабязна… Ты зойдзеш да мяне, я буду ў штабе і пазаву цябе… Там у нас усё наладжана — цэлы гурток ёсьць, організацыя цэлая. Вось там мы ўсё і абладуем… На фронце ўсё відней, спрытней, а тут… нельга сказаць, як выйдзе… Галоўнае — будзь пэвен; пільнуйся мяне: я аб усім табе буду казаць, як і што рабіць. Ну, як, Панкел? Латва?

Панкел памаўчаў. «Ён ужо здаўся! Далей ня выцягне», прабегла ў думках Прова, ён падняўся з месца і пацягнуўся. Яго твар выказваў радасьць перамогі яшчэ над адным чалавекам.

— А хочаш, — прыгнуўся ён к Панкелу, не даючы яму апамятавацца ад разам нахлынуўшых на яго думак і ўздыму пачуцьця, — і ты можаш быць залічаным да нашай хэўры… Ты можаш сьмела падгаварваць і другіх сваіх таварышоў: бач, бліжэйшых да цябе і надзейнейшых… Цішком, вобмацкам, выпрабоўна… Кожны чалавек — лішні гвозд у справу. Чымсьці болей нас будзе — тым сьмялей і вярней… і ахватней… Папрабуй, а ну-ж і ўдасца… здалёк так, з падходам…

Проў прытуліўся да яго вуха…

— У нас за гэта плацяцца грошы. Ды іншая падзяка даецца… Такі ўжо зроблен парадак… Прабуй… перш шапні, памацай, як кажуць, бяз імяў, здалёк… як нічога-б сам ня ведаў, а, бач, з чутак, з перадач… вядома, нібы звычайны чырвонаармеец сярод сваіх… — асьмеліўся пасуліць Проў, угадваючы падатлівасьць і прыхільнасьць да сябе Панкела.

— Самае важнае для мяне — гэта дамоў-бы на кароткі час… тады-б… то-ж ад фронту недалёка… Вось мо’-б гэта праз вас можна было-б, то… — дапытліва праказаў Панкел.

Проў здаволена ўсьміхнуўся.

— Чаму-ж не — будзе й гэта. Колькі хоць… Чымсьці болей ты прывабіш да сябе — тым болей дастанеш падзякі… Ня толькі дамоў пусьцяць, а й грашыма яшчэ надзеляць на дарогу… толькі пастарайся… не сумнявайся, брат, ні капелькі…

Проў не даказаў: стукат шагоў вартаўнічага, пасьпешна захадзіўшага калідорам, яго перабіў…

Проў швыдка адскочыў да свае койкі і, прытнуўшыся, стаў разьдзявацца.

Панкел паважна, у задуменьні, паваліўся на койху і апрануўся коўдраю, захаваўшыся ў яе з галавою.

Вартаўнічы не зьвярнуў на іх увагі, а, прайшоўшы між іх аддзяленьнем, павярнуў налева, да дзьвярэй.

Проў скоса паглядзеў усьлед яго, жартліва падмігнуў вачыма і працягнуў голаў у бок Панкела, думаючы з ім пагутарыць яшчэ крыху, але, убачыўшы, што той ляжыць, апрануўшыся з галавою, пакінуў намер, адвярнуўся і ўлёгся сам.


II

Пасьля гутаркі з Провам Панкел доўга ня мог супакоіцца. Лёгшы спаць, ён пільна і доўга абдумваў кожнае слова як Прова, гэтак і сваё; варочаўся з боку на бок, усё ня могучы заснуць, а назаўтра дык цалюткі дзень яму нічога ня йшло ў голаў: за вошта-б ён ні браўся, чаго-б ні датыкаўся ў думках, гутарка з Провам зьбівала яго думкі да сябе. Панкел верыў і ня верыў Прову, згаджаўся з яго радаю і не згаджаўся. У яго сяродку, у душы, была блытаніва пачуцьцяў, так што ён ня мог ні на чым адным спыніцца, за вошта ўхапіцца, каб аглядзецца, злавіць кіраўнічую думку. Праўда, адметней і ўдатней усяго ў галаве Панкела здарачыла ўсё-ж тая, знаёмая яму аднаму неадчэпная думка — думка аб дому, аб родных: і толькі за ёю ўкрадкаю, нічога супольнага ня маючы, ганялася балючая няпрыемная другая думка — ужо аб фронце; усё-ж іншыя, засмугшы, вярцеліся вакол гэтых дзьвёх, то выказваючы на хвіліну свой бледы выраз, то губячы яго ў імгле бясьцікаўнасьці і няўважнасьці. «Проў кажа, — судзіў сам з сабою некалькі разоў у дзень Панкел: — Проў радзіць і ўгаварвае… Проў абяцае… Няўжо гэта ён шчыра і бяз задніх думак? І няўжо-ткі яму паверыць? Няўжо ён мне дабра хоча? Значыць, паверыць яму, паслухаць яго і йсьці за ім?.. Н-не! Гэтага я ні ў якім разе не магу парашыць… На гэта я ня-а… пайду ні за што!..»

Як-бы ў даказ гэтага Панкел матаў галавою, рабіў цьвёрды мах рукою і крывіўся… «Не зраблю, бо штосьці мне гэтага не дазваляе, штосьці перашкодзіць гэтаму… Ды падазронасьць бярэ: чаго гэта Проў так шчыра ўжо захвальвае «сваіх казакоў ды дабравольцаў» і ганіць бальшавікоў і просты рабочы народ… Бадай, што тут ёсьць нешта нячыстае. «Людзі брэшуць! Бальшавікі нагаварваюць!» — кажа ён. Нябось, тут не нагаворыш, калі многія сваімі вачамі бачылі і на сваёй скуры перанесьлі ўсе казацка-генэральскія даброты… О, гэта паганцы і злыдні такія, што ад іх дабра не прычакаеш… Казакі! Хто іх ня ведае? Колькі яны крыві работнічай і сялянскай прапілі, баронячы цара! Го-о-о!» Але гэтыя думкі зьмяняліся другімі: «А мо’… можа праз Прова і інакш усё можна было-б зрабіць… Відаць, ён там свой, закіне словам-другім — і я дома… Што значыць аднаго чалавека адпусьціць? Хто гэта прымеціць?..»

Панкелу было не да яды: ня цікавіла і кропкі. Уся завіруха пачуцьця, узбураная варункамі, усе абставіны, выпхнутыя напаверх жыцьця скуткам яго лёсу і прапёршыся, загнаўшыя сваю афяру ў цесны куток, зьляпіліся ў нешта адно, цяжкае, балючае, залезшае яму ў нутро і скрабаўшае за самае ценькае і каразьлівае месца.

Няўрымна, назойліва гняло яно Панкела, дражніла, шпігавала дрыготным сьвербам: «Як тут рабіць? Куды схіліцца? На фронт і за Провам? На фронт і таксама да забыўнасьці, шчыра і верна нясьці сваю службу, як і ўперад? Куды пахіліцца? Дзе чакае мяне лепшы лёс? Не разьбяруся — ды годзе! Не растлумачыў сам сабе! Зайшоў у гэткі куток, хоць задушыся — ды годзе… Не, трэба аддацца на волю лёсу, на хвалі жыцьця»… Махнуў упэўнена рукою Панкел, і нібы гэта яго крыху супакоіла. Але зараз-жа ў галаве яго запанавала кіруючая думка: «На фронт!».

«На фронт!» — у гэтым сыходзілася ўся агульнасьць, злучаная з пераменаю абставін, з узбурэньнем новых думак і пачуцьця разьбітае, надарванае самотнасьці. «На фронт!» — перш няясна, украдчыва, неадметна варушылася дзесьці на задворках Панкелавай душы, а потым усё жывей, выразьней, назойлівей высоўвалася напаверх новае пачуцьцё, ад якога нельга было адкасьніцца.

І Панкел стаў чакаць таго моманту, калі да яго вушшу кранецца пазыў-вокліч: «Зьбірайся ў паход!»

Чаканьні заўсёды ўздоўжваюць час, робяць яго цяжкім і з гэтым козлытна-цікаўным: хочацца дачакацца хутчэй, а на краю спатканьня з дачаканым — ужо хочацца расьцягнуць час выпаўненьня чаканьняў…

Панкелу прышлося чакаць пяць дзён. Для яго гэты час здаваўся вельмі доўгім, калі ён пераносіўся думкаю да апошняга дню, а ўжо на пяты дзень Панкел мог выліць сваё пачуцьцё ў словах: «Як хутка праляцела!» І, азірнуўшыся назад, ён убачыў, што гэтыя пяць дзён перабыліся (бо куды там было да жыцьця!) на адзіноце, воддаль ад таварышоў, бяз стрэчы на’т з бліжэйшымі з іх. І гэта было таму, што Панкелам валадала нейкая бясьцікаўнасьць да ўсяго, апроч фронту, з туманным яго выразам; ім валадаў такі настрой адчаю, што хацелася ўсяму сьвету гукнуць: «Для мяне цяпер ты не патрэбен!» — каб адкасьніцца і маўчаць-маўчаць…

Пры гэткім настроі зусім зразумела, што Панкел на ўсе замеры Прова пагутарыць з ім адказваў хлусьнёю, што нібы яму нямашака часу, або баліць галава, ці нядобра на сэрцы.

Але ў гэтыя дні, калі ўвесь сьвет быў чужы для Панкела, блізкі паход на фронт вызначаў многія самотныя яго інтарэсы. Так, Панкел загадзя старанна сабраў свае рэчы, раскіданыя і на гваздох у слупе, і на койцы пад падушкаю, і пад койкаю; пасартаваў іх па іх вартасьці і карыснасьці для сябе і акуратна запакаваў у куфэрак: няхай будзе напагатове. Раз-по-разу, усяго да дзесяці разоў, ён перамацаў кожную рэч, каб праканацца, што нічога не забыў.

То было на трэці дзень. І якраз, калі яго, Панкела, клапаціла капаніна ў маемасьці, у казарме камісарам быў склікан сход чырвонаармейцаў. На сход была сабрана амаль ня ўся казарма. На сходзе абгаварваліся бягучыя пытаньні, зьвязаныя з наступным паходам, з цяжкім становішчам на фронце, якое вымусіла гэты іх паход; перш камісар, потым камандзір, а далей яшчэ з комуністых іх роты два таварышы, у сваіх гарачых прызыўных прамовах, чорнымі фарбамі абмалёўвалі цяжкія часы, напаткаўшыя савецкія рэспублікі, заядлыя патугі ворагаў працоўнага народу зьнішчыць савецкую ўладу і аднавіць свае старыя, пабудаваныя на няволі рабочых і сялян, парадкі. Усе прамоўцы адмячалі сьвятую павіннасьць кожнага з чырвонаармейцаў забыць усё, што злучана з іх прыватным жыцьцём, і сьмела ды цьвёрда йсьці на ворага.

Панкел сядзеў увесь працяг сходу на сваёй койцы, калупаўся няпрыметна ў сваім куфэрку, і многія словы прамоўцаў прапускаў паміж вушэй. Праўда, праз гэта ўражаньне яго ня губілася ад прызыўных слоў, сэрца не маўчала спакойна. У Панкелавым нутры ўздымаліся ваяўнічыя пазывы, рос бадзёры настрой, варушылася злосьць да ворагаў працоўнага народу… І калі пасьля сходу чырвонаармейцы сталі жыва абгаварваць прамоўцаў, хто хвалячы, хто ганячы кожнага паасобку, то Панкел міжвольна адчуў, што яго жаданьне: «хутчэй на фронт!» пашырылася, вырасла ў вялікую сілу і заўладала ўсёю яго істотаю… «Фронт!» — нібы чыйсь голас шаптаў яму на вуха, і ўсе думкі, бы пчолы ля кветкі, вярцеліся вакол значнасьці гэтага слова. А з думкамі ўставалі і ўражаньні, якія мастацка-выразна, ні то малявалі, ні то выяўлялі бачаныя ім, Панкелам, мясцовасьці, іх разлогі пры лясох, абапал рэчак, дзе за ўзгоркам палявы штаб прымасьціўся ў балаганах. Нават выяўна чуліся стрэлы, выкрыкі камандзіраў — усё знаёмае, нядаўнае, перажытае і… агорклае, абрыдлае. «Няхай-бы ня бачыць усяго гэтага болей!» — шавялілася спотайку нейкая адваротнасьць… але пазыў «на фронт!» — зацьміў усё.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

І калі ў суботу з раніцы Панкел спрасонку пачуў знаёмую ўжо яму каманду: «Уставай! У паход сабірайсь!», то раптам бадзёрасьць ахапіла ўсю яго істоту: Панкел стаў жвавы, рачысты, рухавы; з твару ня сходзіла жывая ўхмылка.

Нібы на спрунжынах, ён хутка падняўся з пасецелі першым, папіў гарбату, першым сабраўся і першым выбег на дзядзінец. Увіхаўся, нібы сьпяшучы на цікаўны баль ці ў госьці да прыяцеля; чуў у сабе, як і бывала, з маладых гадоў, вострую цікавасьць да людзей, з якіх усе тыя, што мігалі перад яго вачмі, былі па душы, здавалася яму, блізкімі і мілымі. А Проў, дык той зусім захапіў яго сваёй таемнасьцю, так захапіў, што вымушаў яго сачыць за сваёю бегатнёю па казарме, настарожвацца чутка да кожнага яго слова. Натыркаючыся на Прова, Панкел ухмыляўся прыемнаю і мяккаю ўхмылкаю, якая казала Прову: «А я ўсё-ткі шаную цябе». Проў выразна вычытваў гэтыя словы, ведаў, што іх пісаў настрой душы Панкела і, здаволены, паказваў выгляд, што адказвае яму тым-жа самым. Толькі выпадкова яны ня стрэліся ў той дзень ды душа ў душу не пагутарылі.

Панкел да таго аддаўся збору на фронт, да таго захапіўся цікавасьцю блізкага паходу, што цалкам узайшоў у яго рух, клапатлівасць, у яго баявую трывожнасьць. Ён пачаў злаваць, бачачы, як многія з таварышоў-чырвонаармейцаў нядбайна, гультаявата і марудна зьбіраюцца; дваіх нават упікнуў за іх знарочыстую маруднасьць.

— Вы-ж на сходзе гэтак голасна гукалі: «Памрэм ахвотна! Хоць сёньня на фронт!» — прыпомніў ім Панкел, каб балючай іх уразіць.

Затое, калі ўсе выйшлі на двор, пастроіліся ў роўную шарэнгу, ён радасна ўздыхнуў і лёгка павярнуўся направа, першым зрабіўшы цьвёрды і ўпэўнены крок у вароты.

На фронт Панкелу са сваёю часьцю прышлося ехаць болей пяцёх дзён. Але, ня гледзячы на гэту доўгую дарогу, ён ня нудзіўся і не стамляўся, а, наадварот, быў бадзёрым і жвавым. Усё яго востра цікавіла, ажно Панкел цешыў сябе раз-по-разу: «Ніколі, здаецца, ня было так весела». А калі глядзеў на ўсіх, то здавалася яму, што ўсе падмячаюць гэты яго настрой.

Увесь час язды стаяла мяккая, сонечная пагода: сіняе неба бяскрайным полагам вісела нярухома над зямлёю і, здаецца, адбівала ў сваёй сіні апустошанае поле і галеючы лес. У чыстым паветры занадта гучнымі паказваліся крыкі варон і шпакоў.

Праз усю дарогу іх поезд спыняўся толькі на буйных станцыях. Ён ішоў ня надта сьпешна, неяк нібы гультайна, марудна, ажно Панкелу хацелася яго падапхнуць, пагнаць. На кожнай станцыі, нібы заўчасна было ўмоўлена, так акуратна і парадкам іх сустракалі рабочыя й служачыя станцый і суседніх мястэчак ці местаў, шмат дамешаныя сялянамі сумежных вёсак з чырвонымі сьцягамі, пяючы песьні пад медныя зыкі музыкі.

Стройна падбліжалася маніфэстацыя да вагонаў іх эшалону, спынялася й адчыняла мітынг. Чырвонаармейцы траха ня ўсе выбягалі з вагонаў і грудзіліся ў грамаду, а болей нярухомыя й гультайныя зьбіраліся ў дзьвярох вагонаў і настарожваліся ўбачыць і пачуць, што будзе рабіцца і гаварыцца. І бачылі, як кожны раз з гушчы прышоўшых да іх на спатканьне выходзілі адзін-другі прадстаўнікі, якія аддзяляліся з грамады і пачыналі свае прамовы. Гаварылі нядоўга, але ўсе прызыўна, завуча, бадзёрачы, настройваючы ваякаў на самаафяру ў імя рэволюцыі. Таксама па чарзе вызываліся разьвітнейшыя й разрвейшыя з чырвонаармейцаў адказваць на прывітаньні, гэтак і адказныя прамовы выказваліся ў простай, зразумелай, ад душы шчырай мове, праводзячыся пекнымі наіграмі музыкі.

Праз усю дарогу Панкел быў у гэткім паднятым настроі, што з надзвычайнаю цікавасюцю лавіў кожнае слова прамоўцаў, дапускаў іх да сэрца і салодка, ваяўніча адчуваў сваё пачуцьцё ў іх.

На адзін з чародных мітынгаў Панкел нават сам папрасіў у камісара сказаць невялічкую, але моцную, гарачую прамову, і, дастаўшы згоду, зразу-ж пачаў гатавацца. Скляпеньне, форма прамовы ў яго галаве злажылася паміж яго патугі, сама сабою, і на перагоне Панкел стараўся яе абгладжваць. Кожную думку, кожнае слова ён разьбіраў з усіх бакоў, перастаўляў з месца на месца, чарадаваў з другімі, падмяняў, дапасоўваў мацнейшае па ўкладзенай у яго сіле пачуцьця да слабейшага. Сваю прамову Панкел кіраваў на адну мэту, намерваўся зьбіць ёю адну цэль: бадзёрым і магутным пазывам заплаціць у сваіх таварышоў смагу бесспагаднай помсты да ворагаў працоўнага народу, да нішчыцеляў волі беднага, прыгнеценага люду. Стараўся ўлажыць у душу чырвонаармейцам жалезную ўпартасьць і загартаваць волю да рашучай перамогі над ворагам. Усё, што адцягвае думкі ад гэтага сьвятога дзела, што сваёю самотнаю дробязьзю засмучае сэрца, наганяе жуду і адбівае надзею, Панкел мусіў зганіць і зьвесьці на нічога, задушыць. «Толькі йсьці ўперад, як ішоў я й дагэтуль».

Хутка Панкел нашчэнт быў захоплен думкамі аб сваім выступе перад таварышамі. Патрошку ўражаньні яго пачалі маляваць вобразы розных момантаў з руху грамады, які станецца пад уплывам яго слоў. Вось у адзін момант твары ўсіх зробяцца сур’ёзнымі, парывіста ўсе замахаюць рукамі, паціснуцца ўперад, потым пасьпяшаць у вагоны і патрэбуюць хуткай адпраўкі ў бойку… Яго, Панкела, будуць насіць на руках, гайдаць, гукаць, каб ён быў іх правадыром. «Эх, даехаць-бы хутчэй да ўмоўленай астаноўкі» — у тахт стуку калёс пераказваў сам сабе Панкел…

Нарэшце дачакаўся — прыехалі. Цягнік спыніўся… Панкел першым выбег на станцыю, паглядзеў ва ўсе бакі, каб злавіць камісара і адчыніць мітынг, але — прымха — ды годзе! — камісара вызвалі на перагаворы к простаму проваду, дзе ён прабыў увесь час астаноўкі, не пасьпеўшы адказаць на прывітаньне і падарунак сьцягу прыйшоўшай на станцыю рабочай маніфэстацыі!

Панкел абурыўся, зажурыўся і хацеў ужо пасылаць праклёны і камісару, і камандзіру, і начальніку станцыі. «Як-то яны мелі права так зрабіць? Чаму разьбілі яго пляны? Гэта знарок, сумысьля? — Але на хвілю спыніўся, падумаў і супакоіўся. «Што-ж! Нічога ня зробіш! Прыдзецца пакінуць на другі раз. Усё роўна яшчэ пасьпею сказаць!?» І хоць бадзёрасьць крыху апала, усё-ткі далёка было да суму, да жуды. Ня ўплыло й гэта на Панкела і ў сэнсе пахілу яго думак да Прова.

Зусім не!

Праз два дні Панкел, седзячы ў другім вагоне, нават і не сустракаўся з ім. Калі бачыў здалёк, то спакойна прапускаў між ваччу. Неяк абуднілася ўсё й пасумнела перад нахлынуўшым пачуцьцём рэволюцыйнага настрою. Толькі на трэці дзень з часу ад’езду, а назаўтра пасьля таго, калі Панкелу не ўдалося сказаць прамову, Проў на аднэй станцыі падбег да яго, хапіў за палу шынэлі і спыніў. Проў быў задуменным і ня прымеціў нездаволенай міны Панкела, які ў гэты момант не хацеў з ім ні за што спатыкацца.

— Штосьці цябе й не злавіць, братка, — суха праказаў Проў.

Панкел крануўся йсьці.

— Чаго-ж уцякаеш так хутка? — запытаўшыся, дадаў ён.

— Сьпяшаю… Вось хіба ўбачымся з вамі і пагутарым на месцы, — нядбайна адказаў Панкел і крута, недалікатна нават павярнуў ад Прова. Гэты скрывіўся, пагрозна матнуў рукою і пабег.

Пасьля гэтага выпадку яны яшчэ пару раз спатыкаліся на станцыях, у гушчы таварышоў, але абміналі адзін другога і, нібы чужыя, разыходзіліся, не абмовіўшыся словам. Панкел не спрабаваў вызываць з нутра маўклівыя перажыткі нядаўных гутарках з Провам, насуленых ім плянаў і рашэньняў, якія прынясе яму фронт, а Проў ня лічыў патрэбным пакуль што падгарачваць Панкела сваім настойным дапамінам: ён быў пераконаны, што яго агітацыя ня пройдзе дарма, што скуткі яе глыбока сядзяць у Панкелавай душы, і варта толькі ў любы час да іх дакрануцца, як яны абудзяцца. За гэта Проў быў спакоен.

І абудва з іх бачылі ў часовай чэрствасьці сваіх адносін звычайнае зьявішча.

Праўда, Панкел часта-густа, адыходзячы ад месца стрэчы з Провам, міжвольна задумоўваўся, няпрыметна азіраўся і недавольна казаў:

— І напрэцца ён заўсёды на мяне, ліха на яго!

Так няпрыметна мінаў час, так няпрыметна праляцеў і ўвесь тэрмін дарогі.

І калі эшалон прабягаў апошні прагон, Панкела ахапіў нейкі трывожны настрой, яму яксьці ня верылася, што ўжо яны хутка прыедуць на месца; мігала хаценьне, каб час расьцягнуўся яшчэ надалей, каб сама язда прадоўжылася.

Панкел стараўся адганяць думкі аб тым, што вось-вось яны прыедуць, спыняцца і пачнуць выгружацца; ён нярухома ляжаў на палку вагона і не зварочваў ніякай увагі на рухавасьць заклапочаных таварышоў.

Гэта яго паказная й натужная нядбайнасьць нават зьвярнула на сябе ўвагу некаторых яго таварышоў, якія клапатліва і нэрвова забегалі па вагоне, зьбіраючы рэчы, скручваючы шынэлі і аглядаючы вінтоўкі.

— Ну, а ты-ж як, Панкел? Так і ня думаеш вылазіць на Быстраўцы? — зьдзіўлена пытаў яго сусед, азіраючыся на Панкела.

— А ён паедзе проста, праз фронт, да дэнікінцаў у госьці, — падказаў другі, усьміхнуўшыся.

— Што-ж за дзіва! — дадаў трэці, — бач, Панкел і родам з дэнікіншчыны.

Панкел маўчаў, нібы не аб ім зусім і гутарка йшла. «Няхай баўтаюць, што хочуць», падумаў ён, «языка не адрэжаш або ня прывяжаш к зубам»… І сам адвярнуўся да сьценкі.

А таварышы ня ўнімаліся: жартавалі, падсьмейваліся за яго спакой і нядбайнасёць да ўсяго. Далей-болей — і чуць ня ўвесь вагон загутарыў аб Панкеле.

— Штосьці наш Панкел занурыўся сёньнека. Ці не каханую колішнюю толькі сьніў?

— Як ня журыцца — гарачая справа на носе… Тут ужо не аб каханьні ходзіць…

— Яно-б ехаць ды ехаць, а то раптам, глядзіш, і злазіць прыходзіцца.

Адзін другога вастрэй, адзін другога калючай выкідалі таварышы словы і пускалі іх у Панкела, стараючыся ажывіць і дастаць ад яго адказ. Але мэты яны не дасяглі. Панкел ляжаў і маўчаў. І толькі рэзкі сьвіст цягніка, які вяшчаў аб прыбліжэньні станцыі, заставіў Панкела падняцца і сесьці.

— Ці-ж ужо прыехалі? — неахвотна праз зубы праказаў ён, зьвярнуўшыся ні то да самога сябе, ні то да таварышоў, і пачаў пазяхаць, пацягвацца і крактаць.

У гэты час некаторыя з чырвонаармейцаў, пасьпеўшы сабрацца, завіхнуліся йзноў вакол гутаркі з Панкелам, а другія яшчэ зьбіраліся і не зьвярталі на яго ўвагі.

— Яшчэ з пару прыдзецца ехаць, — пасьмяяўся адзін.

— Бо мы-ж едзем без перасядкі ў Растоў, — дадаў другі.

Цэлы шэраг другіх не аставаўся ў даўгу.

Панкел не шманаў: ён пачуў, што цягнік збавіў ход, і моўчкі зьлез з палатак ды прыняўся агледжваць свой куфэрак.


IV

Многа часу не патрабавалася, каб разьмясьціцца войску ў адведзеных для яго на станцыі Быстраўцы памяшканьнях, але ўсё-ткі, пакуль гэта пасьпелі зрабіць, мінула болей пяцёх гадзін. Дзень быў зьмінтрэжаны цалкам.

Панкелу, як на тое ўжо йшло, і тут выпала месца ўблізку ад Прова (вядома — Проў пастараўся для гэтага). Толькі яны выгрузіліся з вагонаў, ён увесь час сачыў за Панкелам, і ня прыметна для Панкела апынуўся ў іх партыі, разьмешчанай у будынку быўшай Мар’інскай гімназіі.

І, зрабіўшы гэта, Проў з першае хвілі пачаў меркаваць на тое, каб выбраць зручны выпадак пагутарыць з Панкелам, абудзіць у ім астыўшую цікавасьць да надыходзячай авантуры і ня даць яму перадумаць. Проў нават пачаў пабайвацца, бачачы зьменнасьць у Панкела, і дрэнчыў хутчэй абламзаць яго з галавою.

Але гэтае асьцярогі не патрабавалася; здарэньні шанцавалі Прову: у Панкела, на дзіва хутка, насьпела новая зьмена, якая вярнула яго да настрою часоў гутаркі з Провам на месцы. Казарменае паветра, абставіны казарменага абыходу раптам нахлынулі на яго і сагналі повеў дарожнага ўражаньня. Панкел, прымеціўшы ўблізку да сябе Прова, зарупіўся аднавіць з ім гутарку. І нават недаволіўся, калі час бег, а гэта не ўдавалася зрабіць, бо Проў перш нудзіўся з цэлую гадзіну на адзіноце, а потым, з вечара да самае поўначы, лётаў, як шалёны, з памяшканьня ў памяшканьне, чагосьці шукаючы між чырвонаармейцаў, шушукаючыся з некаторымі з іх, мабыць, сваімі хаўрусьнікамі, і пры гэтым заўзята матаючы галавою.

Толькі а пачатку першае гадзіны па поўначы Проў звольніўся і заявіўся на сваё месца. Панкел, вядома, гэтага не дачакаўся — ня мог прасядзець бяз сну якіх з пяць гадзін засаб: што рабіць пры гэтым? А без работы ды ў роздуме нялёгка. Праўда, за дарогу ён не ўтаміўся, ня мог утаміцца пры сваім настроі, аднак, толькі пераступіў парог дачаснае казармы, як ім заваладала нейкае цяжкое пачуцьцё, вельмі блізкае да ўтомы. А калі пачало мрачэць і вечар зазірнуў у вокны будынку, Панкела пацягло да сну — нават вячэраць яму не захацелася, толькі выпіў кубак пустое гарбаты і хутчэй-жа лёг спаць. І толькі ўлёгся на койку, як ужо праз хвілін пяць храпеў, нягледзячы на тое, што вакол яго стаяў зычны шолам, крык і гоман.

Маладое зялёнае жыцьцё заўладала цалкам маладымі жыцьцёрадаснымі чырвонаармейцамі, сярод якіх ён быў рэйшым, бадзёрыла іх упарта, адганяючы прэч усе страшныя думкі, якія пагражалі аб наступным баявым хрышчэньні. Фронт быў пад носам, усяго якіх-колечы дванаццаць-пятнаццаць вярстоў ад Быстраўкі, але — што ім было да таго! Ім дадзена мажлівасьць бясьпечна, спакойна правясьці ноч, супачыць ад дарогі. Цалюткая ноч у іх распараджэньні! А ноч бурна-кіпучаму маладому жыцьцю — гэта вечнасьць. Як у достач можна пажыць у гэты тэрмін! Што там, назаўтра, чакае іх, то будзе, бач, толькі заўтра, мо’ зрана, мо’ ў абед, а мо’ і зусім вечарам! Усё залежыць ад капрызьлівых здарэньняў… Ды й што там заўтра? Мала што заўтра! Ці-ж на сьмерць яны засуджаны, ці-ж на няшчасьце прызначаны, што трэ’ палохацца заўтрага? Ці-ж, наогул, ёсьцека што страшнае для маладога, прагнага і палкага ваякі? Бач, яны-ж прыехалі сюды, на фронт, не для афяр, нё на загубу, а змагаць сібернага ворага свабоды, працоўных людзей, абараніць соцыялістычную савецкую краіну ад пасяганьняў на яе… Яны прыехалі спыніць прадаўнічы наступ паноў і капіталістых, якія нясуць працоўнаму народу скінутыя ім ярмо і ланцугі няволі; яны прышлі па волі паслаўшых іх братоў і бацькоў пад аховаю Чырвонага Сьцягу Комунізму, поўныя натхненьня, вялікай гатоўнасьці і палкай адвагі скончыць з паганым цудзішчам, што працягвае рукі па сьветласьці волі. І сэрцы іх поўны гатоўнасьці змагацца за яе, і душа поўна бадзёрай веры ў перамогу. А іх вясёлыя твары, што пыхаюць радасьцю, а іх цёплы бесклапотны сьмех! А жарты, а гулянкі, а штукарства!..

Панкел соладка праспаў пад гоман і шолам казарменага жыцьця болей чатырох гадзін. Праўда, часта ён прачынаўся і паглядаў, ці няма Прова, але зараз-жа йзноў апускаў голаву, заплюшчваў вочы, і храпеў-храпеў. І хто ведае, колькі-б гэтак Панкел прабавіў часу, каб ня зычны, нечаканы стрэл за вакном, зроблены, мабыць, па неасёьцярозе вартаўнічым.

Панкел раптам ускочыў з пасьцелі, вылупіў вочы, сюды-туды кінуў узрок і праказаў, крыху супакоіўшыся:

— Што за трасца! Няўжо гэта вораг падыйшоў к Быстраўцы? — і каб усё-ткі праканацца, ён падбег к вакну і паглядзеў на двор. Густая цемра паўднёвай зімовай ночы ахутала яго; толькі прамень, цягнучыся доўгаю палоскаю ад вакна, расьсякаў яе, кладучыся на брудную ад гною зямлю і дастаючы сваімі канцамі пахіленага частаколу саду.

Панкел сьмела адвярнуўся ад вакна на казарму, у якой з грамады жартуючых чырвонаармейцаў ніводзін на’т і не зьвярнуў увагі на стрэл. Гэта Панкела супакоіла, і ён паважна вярнуўся да койкі, пацягнуўся над ёю соладка і зноў разьлёгся…

Але ўжо заснуць ня мог: утома мінула, а сон ня меў сілы збароць вакольнага шуму ў казарме. Аднак, Панкел усё-ж не хацеў уставаць, сілячыся ляжаць нярухома, абдумоўваючы наступнае. І вось да яго зьявіўся Проў.

Скончыўшы свае справы на станцыі, Проў вярнуўся ў казарму. Ён быў вясёлы і задаволены. Аб яго задуме ведаў тут толькі Панкел, з якім Прову няйначай трэ’ было сягоньня-ж пагутарыць аб прадстаячай справе. Пераступіўшы парог часовай казармы, Проў раптам пакіраваў да Панкела. Падышоўшы, ён перш не адважваўся яго зачапіць, думаючы, што Панкел сьпіць, і крыху пачакаў, ласкава гледзячы яму ў твар. Потым рашыўся і крануў Панкела за руку. Панкел мігам расплюшчыў вочы і глянуў у твар Прова.

— Ня сьпіш, Панкел? — запытаў Проў з лёгкаю ўсьмешкаю.

— Дагэтуль спаў, ды стрэл абудзіў, — адказаў спакойна Панкел, паднімаючыся і садзячыся.

— Які стрэл? — зьдзівіўся Проў.

— Ды вось тут, пад вакном: мабыць, вартавы па неасьцярозе стрэліў.

— Ну, і што?

— Нічога.

— Ага!.. — Проў крыху падумаў. — Ведаеш, Панкел, я хацеў-бы з табою пагутарыць аб сім аб тым, — запрапанаваў ён.

— Ну, добра! Гэта не мяшае. Я таксама чакаў вас для гэтага, — згадзіўся Панкел.

Проў усеўся поруч з Панкелам, пахінуў да яго голаў і, крыху падумаўшы, сказаў:

— Ну, дык як-жа ты, Панкел, парашыў з нашаю справаю? Напэўна ўжо добра абмазгаваў? Бо штосьці, я бачу, ты зусім іначай настроен… нібы раздумаў?..

— Дальбог… — перабіў Панкел, — занадта цяжкое пытаньне: нельга парашыць скора, каб проста вам адказаць.

— А чаму?

— Сьмеласьці, бачыце, ня маю. Мне ўсё здаецца, што з гэтага нічога добрага ня выйдзе…

Крыху пачакаў, нібы шукаючы слоў.

— Вось я прыпомніў якраз, — загаварыў далей Панкел, — быў такі выпадак: адзін раз мой таварыш таксама быў згадзіўся перайсьці да ворага і… што-ж вы думаеце? — казакі і белагвардзейцы насьмерць замучылі яго…

Слова «белагвардзейцы» Прова чапнула за жывое, ажно ён скрывіў нездаволеную міну і зьлегку скалатнуўся. Панкел глядзеў удол і гэтага ня прымеціў.

— Вось гэты мой таварыш, — казаў далей Панкел, — і яшчэ двое з ім перабеглі да белагвардзейцаў, а тыя ўзялі ды мучылі-мучылі іх, зьдзекваліся-зьдзекваліся, ажно й жыцьцё адабралі. І, слухайце, толькі за тое, што яны былі ў Чырвонай арміі і самі рабочыя. Ці-ж гэта магчыма? Якавы-ж-тады лад з імі можа быць? Хто-ж можа ручацца, што з намі, бач, са мною, яны гэтага ня зробяць?

Проў выслухаў Панкела з увагай і зразу не знайшоў, што адказаць на пастаўленае яму пытаньне. Толькі спусьціўшы мо’ хвілін з дзесяць, ён неразумела для Панкела прамовіў:

— Гэтак кажуць кіраўнікі…

Панкел не ўясьніў гэтых слоў, але міжвольна адчуў, што Проў імі або зацьмявае праўду, або хавае чэснасьць. Гэта Панкела наздрочыла, і ён упічна ўхмыльнуўся ў вочы Прову.

— Ну, як? Ня верыце гэтаму? — закінуў ён у дадатак.

— Такі й ня веру, бо калі тое і было, то можа ў сьне, а не сапраўды… Многа ёсьць доўгіх языкоў, каторым трэба часацца аб што-колечы… Ды на ўсё трэба рашчот палажыць… Вось, вер, браце, мне: што датыча нас, то я ручаюся галавою, што мы ў іх будзем, як у Хрыста за пазухаю… Ты мне ня верыш? Тады… вось маеш з сабою набіты сямю кулямі рэвольвэр… — Проў спотайку працягнуў Панкелу руку з рэвольвэрам… — На, вазьмі, і ў выпадку таго, калі я хлушу табе, пускай у мяне ўсе кулі… Згодзен? Хочаш?

Панкел задумаўся.

— А скажэце, калі ласка, — раптам загаварыў ён, — чым-жа мы, мецьмем апраўдаць такі нехарошы наш паступак?.. Бач, сумленьне будзе мяне мучыць, што я прадаю справу працоўнага народу, што я зьмяняю дзелу свабоды…

Проў ня даў Панкелу дагаварыць: ён сьціснуў яго руку і перабіў на слове.

— Чым апраўдаць? Гм! Якое каму трэба даваць апраўданьне? Перад кім? З якое прычыны?.. А калі ўжо так, перад самім сабою, дык проста сваёй уласнай карысьцю, сваёй уласнай выгадай… На сьвеце даражэй усяго чалавечае жыцьцё, яго самотнасьць… Чалавек, асоба — гэта асобны цэлы сьвет, як асобная дарагая будыніна. Вось гэту будыніну й трэба ахоўваць, сьцерагчы… Трэба, каб яна прастаяла належачы ёй тэрмін, як найбольш карысная для сябе… Разумееш, чалавек — гэта сьвятая рэч і, як сьвятую рэч, яго трэба шанаваць у імя таго жыцьця, якое яму дадзена, у імя шчасьця гэтага жыцьця… Хто-ж цябе пашануе, калі ня ты сам? Хто аб табе паклапоціцца, калі не ты сам? Бачыш — з цябе зрабілі бескаштоўную рэч, якую шпурляюць усюды, як трэску… Трэска падае ў воду — тані; трэска пападае на агонь — гары… І ты згарыш загадзя, як трэска, калі ня вырвешся з цэпкіх рук, што хапіліся за тваю самоту… А сям’я? А родныя? Жыць з імі разам, стрэўшыся пасьля доўгай разлукі… Жыць вольна і незалежна, ахоўваючы сябе ад пасяганьняў на тваё шчасьце і волю… Вось, як цяпер. Ласьне ты жывеш? І ласьне, наогул, ты — ты? Вядома, што — не. Ты — нявольнік казармы, ты — раб, ты — астрожнік. Табою распарадкуецца чужая воля. Падумай, колькі табе давялося перацярпець гора, перанесьці мук, недахваткаў і розных нягодаў? Сам ты казаў, што каля дзесяцёх разоў цябе адпраўлялі на фронт і каля дзесяцёх разоў ты вяртаўся раненым, ледзьве жывым… Болі, шпіталі, галадуха… Нуда, маркота, журба… А цяпер вось ты йзноў перад тварам сьмерці, на нажох і сярод куль. А за вошта, запытай? Што ты дастаў за гэта для сябе? Для сям’і? Нічога!.. І не дастанеш, павер… А згубіш жыцьцё дарэмна, за няма-што… Вось табе апраўданьне… Бяры, разьбірайся… Як яблыка — круглае, як сонца — яснае. Бяры — пераконвайся…

Проў пільна ўзорыўся Панкелу ў вочы і з хвіліну пранізваў іх сваім вострым, калючым і цяжкім узрокам. Ажно Панкел ня вытрымаў холаду яго вачэй і прыхмурыў свой погляд. Яму стала раптам неяк млосна, ніякавата. У душы заскрабло сумненьне, у галаве замітусіліся адрыўныя няясныя думкі, туманна-нявыразныя, але колкія; жаданьні засьвідравалі грудзі.

«А, бач, многа шчырай праўды ў словах Прова, — мігнула ў галаве Панкела, — сапраўды-ж, калі я пачну ўжо жыць пачалавечаму? Калі я вырвуся з гэтых балючых ланцугоў ваеншчыны? Калі я пачую сябе вольным?»

Гэтыя яго думкі Проў перабіў запытаньнем.

— Ну, дык што ты скажаш? Нябось, усё яшчэ думаеш сумнявацца й надалей?

Панкел адказаў ня зразу, нібы ня маючы магчымасьці выявіць тое становішча свае душы, якое апанавала яе пасьля праколваючых слоў Прова. Ён мусіў пачакаць, падумаць… і толькі праз хвілін пяць адказаў:

— Але, сумняваюся.

Проў падняўся, недавольна зарухаўся, адвярнуўся ўбок, потым выразна паглядзеў на Панкела і сказаў:

— Дарэмна, браце… Мыляешся… з-пад рук выпушчаеш волю… я табе кажу! Адгані прэч сумненьне… Бяры, калі ляжыць каля рук. Будзь чалавекам цьвёрдым, упэўненым, рашучым, а не анучай, мачулай. Ну… Згодзен ці не? А то ўжо трэба лажыцца спаць і… канчаць… Кажы, Панкел, згодзен?

Манкел увесь сьціснуўся, нібы ўвайшоў у думкі, натужыўся ў разгадках гэтых думак, зачапіўся за перамогшую з іх і, трымаючыся яе, запытаў:

— А які ваш плян?

Проў прысеў, зьмяніў міну й дабрадушна адказаў:

— Памойму, навошта табе заўчасу ведаць… Ты-ж усё яшчэ не рашыўся… І толькі новых сумненьняў нажывеш.

А думка напірала на Панкела.

— Мне трэба ведаць усё, каб я мог ноччу абдумаць, вырашыць і тады… — настойна сказаў ён.

Проў спусьціў тон.

— Скажу табе праўду, Панкел: ніякага вырабленага пляну няма… Ды навошта той плян? Усё ў маіх руках… Вось па згаворанаму знаку зьбярэмся і…

— Чаму вы так цудна кажаце: няма! Ня так-жа гэта проста — узяў і пайшоў.

— А амаль ня так: зьбярэмся і пойдзем… Пойдзем сьмела, і ніхто ня верне.

— Ці-ж вы спадзяецеся, што так удасца?.. Ой, я бачу, што мы… Слухайце, Проў, а каб…

— Ну, ну, ну?!

— Вось, лепей было-б так: выпрасіцца ў разьведку, а вам узяць камандаваньне ёю, і тады выйдзе шыта-крыта… — парадзіў Панкел, забыўшы сумленьне, кінуўшы роздум і падданы ўгаворам Прова.

А гэты давольна ўхмыльнуўся, і на твары яго бліснула лёгка-хітрая ўхмылка, так-жа хітра зажмурылася левае вока, і ён коратка і выразна сказаў:

— Так, яно так і будзе. О, брат, мы ведаем, як і што зрабіць…

Панкел упяршыню неяк прасьвятлеў, ажывіўся, нібы ім заўладала нейкая асобная сіла, якая сагнала ўсё старое і вымавіла вуснамі Панкела:

— Тады… рабеце… я з вамі… я ваш… я ад вас не адстану…

Проў стрымаў сур’ёзную міну на твары, нават вокам не маргнуў; усе вынікі ад перамогі над істотаю Панкела ён перанёс у нутро, і адчуваў сваю ўрачыстасьць.

— Заўтра я табе падам знак, — сказаў ён, падняўся і пайшоў ад Панкела.

А гэты сумненным узрокам правёў яго да месца, адвярнуўся, пацягнуўся некалькі разоў і, стараючыся быць спакойным, з закончаным рашэньнем улёгся спаць.

У казарме панавала ціша. Чуўся здаровы ня рэзкі храп соладка спаўшых чырвонаармейцаў, ды з-за вакна даносіўся тупат шагоў вартавога і рэзкі брэх сабак. Сумная лямпа-газоўка слаба дагарала, і полымя яе агню нясупынна калыхалася, ганяючы па памяшканьні страшлівыя цені.

Панкел ляжаў спакойна й нярухома, але сон да яго ня йшоў: на яго раптам нахлынулі думкі; быццам і пакідалі яго пасьля расстаньня з Провам толькі дзеля таго, каб асьвяжыцца, набрацца сіл і наймацней ашчаперыцца за голаў Панкела. Спрачацца гэтым думкам нельга было ніякім чынам: і Панкел захапіўся імі цалкам. Наступнае, на вошта ён толькі што даў згоду, вырасла ў цэлую гору, раздалося ва ўсе бакі, ахапіла яго сьцяною свае цемні і акрыла, бы мяшком, хаваючы сьвет і жаданьне, і думкі, і волю, калі яны датыкалі чаго іншага. У вобразах жывых зьявішч, вагромністых і цудоўных, уставалі розныя запытаньні: як і чым усё гэта скончыцца? Што з гэтага выйдзе? І… страшней і пагрозьней іншых: ці варта такі яму, Панкелу, на гэта йсьці? Мала што Проў стараўся ўгаварыць, пераканаць яго, што ўсё задуманае варта мэты, што яно беспраменна вымушана патрэбамі поўнасьці яго, Панкела, жыцьця? Мала, што Проў лічыў свае доказы Панкелу важкімі й значнымі, нібы новымі, дагэтуль невядомымі яму, аднак Панкел глядзеў на іх ня сур’ёзна, лічачы ўсё выясьненае яму вядомым і старым; да таго старым і асвойтаным, што не хацелася паглыбляцца думкамі. Панкел пачасту сам ужываў іх для ўгавору сябе самога, калі да яго часамі надыходзіла пачуццё ўтомы і маркотнасьці і злы дух падбухторваў на праступак, на здраду справе працоўнага люду, на здраду работніцка-сялянскага ўраду і Чырвонай арміі. Тады ён кожны раз глушыў і нішчыў гэтыя доказы, бо захаванае ўглыбі яго душы пачуцьцё шчырага рэволюцыянэра-народалюбца прабівалася напаверх і патрабавала сабе пачэснага месца. Панкел зразу перарабляўся і станавіўся бадзёрым, палкім абаронцам рэволюцыі, яе адважным салдатам.

Праўда, чым далей прамінаў час, тым утома ўмацоўвалася ўсё болей і болей, маркотнасьць паглыблялася, і шчырае пачуцьцё рэволюцыянэра-ваякі гасла, зацьмявалася. Казарма й вайсковасьць, вайна й раны, шпіталі й мукі цяжарным каменем ціснулі яго з усіх бакоў. А закраўшыся ў сэрца жуда па роднай сям’і і кутку пасабляла гэтаму. Ня дзіва, што гэткія абставіны лёгка падгатаўлялі ў ім добрую глебу для ядрага ўзросту ліхому семені.

На гэтку вось глебу якраз і ўспаў Проў, сумеўшы закінуць у парушаную душу Панкела праступна-завабнае слова. І хоць ня так ужо лёгка гэта яму далося, — Панкел як-ні-як пільна азіраўся вакол, не забываў і другога боку справы, стараючыся падлічыць тыя скуткі, да якіх хіліць зьмена рэволюцыі, — але-ж усё-ткі паддаўся, з натугам, з нутраной барацьбою, ды паддаўся. А паддаўшыся, у хуткім часе яму стала гэта рупіць, стала балець. Яго душа рзздваілася, і між дзьвюма яе часткамі ўзгарэлася барацьба, якая пачала мучыць Панкела, дратаваць усю яго істоту. Страшныя вобразы- зданьні і мары-выгляды панесьліся перад ім. Панкел раз-за-раз зрабіўся бязмоцнай трэсачкай на ўздыме іхніх бурных хваль, бязвольным і бязмоцным стварэньнем… Вакольная сапраўднасьць зрабілася страшнай выявай. Ім абуяў нейкі нявыразны спалох, і вось-вось гатавалася вырвацца з усіх часьцін яго істоты, пагражаючае злому духу, вырашэньне: кінуць, ня йсьці з Провам, праклясьці тую хвіліну, у якую даў яму сваю згоду. Але якраз на парозе ды выяву гэтага рашэньня ўзьнялася якаясьці варожая яму сіла; яна абурыла істоту Панкела, і ён быў бязвольным, пакорным у яе абдыме і пад яе ўказку сказаў-пастанавіў: «Няхай будзе як будзе, а калі ўжо парашыў — ня буду адступаць. Я-ж усё-ткі не адзін ды й не ануча». Пасьля некалькіх пераказаў гэтага рашэньня Панкел на ім спыніўся, супакоіўся, агарнуўся коўдраю ды соладка-соладка заснуў, бы забіты…


V

Назаўтра — ня гледзячы на тое, што позна заснуў, Панкел прачнуўся адзін з першых і адчуваў сябе нішто, нават бадзёра.

Хваля казарменага жыцьця абдала яго ўсяго і ўсяго захліснула. Гарбата, праверка, прыбраньне, сход — нішто не прайшло паўз Панкела, каб яго не зацікавіць. Нават, паягонаму, яксьці ўсё гэта сёньня выглядала шмат цікаўней, як заўсёды, дагэтуль: хоць усё гэта было й знаёмым, але сёньня сьвежым. Праз гэта час імчаўся хутка й няпрыметна, так што не пасьпеў Панкел і аглядзецца, як падасьпеў абед, а за ім і вячэрні чай. Дзівіла, цікавіла і трохі суміла яго толькі тое, што на працягу ўсяго дня ня прышлося яму сустрэцца з Провам і атрымаць ад яго заўчасна абяцаны ім знак; паміж тым, думка толькі й вярцелася вакол гэтага фокусу. «Што-колечы нядобрае, мабыць. Ці не перамяніў толькі Проў сваіх думак аба мне? Сумеўся і толькі… і меў рацыю, бо гэтак доўга я не паддаваўся, валэндаўся з ім, вадзіў яго за нос… А гэта — невытрываласьць і перашкоды… А дарэмна — трэ’ было йначай рабіць… Вадзіў-вадзіў — і потым ні то згадзіўся, ні то — не. А чаму-б мне было зразу не зрабіць гэтага? А то… каб хаця не наадварот усё гэта выйшла — тады-ы»…

Панкела агартаў сум, а ў душу закрадваўся нейкі сполах. Ён не на жарты пачынаў шкадаваць, чаму не зрабілася ўсё без яго, каб ён ня знаў і ня ведаў… Чаго і як яго злучыла з гэтым Провам, які так аблутаў яго душу…

І вось, якраз у самы разгар гэтых яго роздумаў і раскаяньня, зьявіўся Проў. Падышоўшы няпрыметна да задуменага Панкела, ён крануў яго пляча і паўшэптам праказаў:

— Усё ўжо гатова! Зьбірайся, брат… Якраз патвойму і выйшла: на разьведку пойдзем.

Для Панкела гэта было нечакана, і ён ажно жахнуўся і зьдзіўлена запытаў:

— А многа нас пойдзе?

— Чалавек з трыццаць…

— Тры-ыц-ца-аць? — цягуча й здзіўлена праказаў Панкел.

— Але! Чаго-ж дзівішся, а? Чым больш — тым лепш. Будзь гатоў, а я пайду… Мне трэба йсьці… — скорамоўна пераказаў Проў і, пакінуўшы Панкела, хутка пабег з будынку.

Панкел падняўся з койкі, нейкі час пастаяў на адным месцы, нібы ашаломлены, з замершымі думкамі й разбураным пачуцьцём і ўвесь затросься.

Такая раптоўная разьвязка перапужала яго й нанова прывяла к сумненьню… А да гэтага яго нутраны папрок выяўляўся ўсё ясьней і выразьней. Сударажна Панкел сыйшоў з месца і ціха, несьвядома пачаў зьбірацца. Рукі паслушна, часта мімавольна ходзячы, сабралі пасьцель, палажылі ў куфэрак рэчы, паставілі яго пад койку; потым надзелі на яго фігуру шынэль, ворак і патронную рамухоўку, а ногі самі крануліся к выйсьцю з казармы. Панкел заручыўся ад суседа пасачыць за яго куфэркам, усё яшчэ думаючы вярнуцца, ня верачы ў надышоўшы задум, а ўсё лягчэйшае й каштоўнейшае забраў у ворак, у кішэні, запазуху. Праз плячо ён павесіў вінтоўку, а к боку да пояса прычапіў рэвольвэр.

Выходзячы з казармы, ён некалькі разоў акінуў яе пільным узрокам, нібы баючыся, каб самыя сьцены не данесьлі нікому, пакуль ён скончыць усё.

Чырвонаармейцы, між якімі праходзіў Панкел, не зьвярталі на яго ніякае ўвагі: мала куды і зачым яго пасылаюць! Кожны дзень ідзе каравул, пост, разьведка, дняваньне.

Толькі адзін, занадта ўжо цікаўны ці няўцерпны, калі праходзіў між яго Панкел, запытаў:

— Куды гэта, таварыш?

— У разьведку, брат, іду, — ахвотна, не падазраючы нічога, адказаў Панкел і неяк быў задаволены тым, што хоць адна душа ды зацікаваліся ім.

— З богам, таварыш! Жадаю посьпеху! — пажадаў запытаўшы, сам здаволены тым, што яго мінула гэта.

— Дзякую, браток! — падзякаваў Панкел і выйшаў на двор.

А на дварэ, ці ўжо пад уплывам зорнай ночы, ці пад націскам шчырага пажаданьня таварыша, які адзін загутарыў з ім у казарме, Панкел нібы ажыў, абадзёрыўся; нахлынулі сьвежыя думкі й пачуцьцё.

— Куды-ж гэта йсьці? Ды ці варта наогул куды йсьці?

Сумненьне выбілася напаверх думак.

— Панкел! Сюды! — пазваў яго голас з-за варот.

— Я! — скорамоўна адгукнуўся Панкел.

— Ідзем хутчэй, ужо ў зборы, чакаюць.

Панкел здрыгануўся, але паслушна пакіраваў у вароты. Вартавы, не запытаўшыся, прапусьціў яго на вуліцу. А на вуліцы ля сьцяны стрэў Панкела пасланец, які яго спыніў і штосьці прашапцеў, паказаўшы рукою наперад. Прастаяўшы з хвілю-другую, троху пашаптаўшыся, яны крануліся і пайшлі. Ішлі праз нейкі пляц, ці проста гала, праз два завулкі, крывыя, вузкія й няроўныя, і хутка выйшлі да нейкага будынку, у вокнах каторага сьвірэў агеньчык і мітусіліся людзі. На вуліцы-ж, перад ганкам будынку, ужо ў парадку стаялі ўсе йдучыя ў «разьведку».

Панкела пасланец прывёў да задняга раду, паставіў яго поруч з нейкім таварышам, а сам пабег у будынак. Панкел паслушна стаў, агледзеўся вакол, азірнуў суседзяў; хацеў перамовіцца з адным, але, раз таму, што ў змроку не разгледзеў добра, а другі раз, затым, што тыя маўчалі, ён нічога не сказаў і спакойна, да акамянеласьці спакойна, стаяў.

У пярэдніх радох ішла ціхая гамонка, даваліся нейкія распараджэньні, напэўна самім Провам — добра Панкел не расчуваў. Ды ўпраўду, ён і не стараўся прыслухоўвацца. Ім апанавала нейкая дзеравяная нядбайнасьць, бясьцікаўнасьць да ўсяго, што рабілася перад ім: праўда, хвілінамі ў душу Панкела пранікала цяжкасьць, горнасьць, і гідлівасьць. Разам з тым выблісквалі сумненьне, неспакой і трывога, якія падпальвалі ў нутры сумную думку — пазыў вярнуцца, уцячы хоць адгэтуль. Няпрыметна для сябе Панкел палохаўся бліжэйшых хвілін. Але брак часу ня даў мажлівасьці вырасьці думкам у тое ці іншае рашэньне. Каманда: «шагам марш!», раптам даляцеўшая да яго вушэй, быццам штырхачом даўбанула яму ў плечы, і Панкел пакорна, адначасна з усімі падняў левую нагу і топнуў у тахт камандзе. Ад агульнага ступу пачуўся глухі стук, разьнёсшыся ў цішы далёка вакол. За першым тут-жа адступіўся другі, трэці, пяты, дзесяты. Перагаварваньні між некаторымі чырвонаармейцамі глухлі ў топаце шагоў; толькі рэдкае пакашліваньне перамагала іх тупат і новаю нотаю ўрывалася ў аднатоннасьць нявыразнага рэха між сьценамі дамоў і хат. Зрэдку сям-там, воддаль і ўблізку, адзываліся чуткія сабакі і трывожны бразг калатушкі вартаўніка.

Панкел ішоў, спусьціўшы кнізу голаў, маючы перад сабою цёмныя, нявыразныя цені таварышоў. Ён зусім ня прымеціў, ахоплены ўвесь тлумнымі няяснымі думкамі, калі разьведка вышла з жылога месца і апынулася ў полі. Каманда — «цішэй шаг!», глуха данёсшыся сьпераду, вымусіла яго падняць голаў і азірнуцца вакол. Панкел угледзеў, што ён астаўся крыху ўзадзе, на адгоне ад бакавых таварышоў, і некалькі шагоў зрабіў бегам, каб параўняцца з імі; бягучы, ён пачуў утому і падазрона паглядзеў уперад.

Чорная сьцяна цемры акружала іх грамадку. Чым далей разьведка падавалася ўперад, тым болей адсоўвалася разам з ёю пярэдняя сьцяна цемры.

Дарога, якою йшла разьведка, была роўная і гладкая і гэтым казала аб роўнай мясцовасьці. А дзякуючы гэтаму і ветру, зьлёгка павяваўшаму ў пасяленьні, тутака адчынялася прастора дзьмуць, як хоць. І вецер дзьмуў, як меў сілы.


VI

Ужо выйшаўшы са станцыі, Панкел пачуў у сваім нутры штосьці асобнае, ні то трывожнае, ні то гадкае. Ён перш стараўся на гэта не зварачаць увагі, заглушаючы сілком думкі і кіруючы зрок то на зыркія зоркі, то на рух цёмных сьцен, якія агароджвалі абшары перад імі. Але чым далей «разьведка» падавалася ўперад, тым мацней і надаедней гэта «штосьці» старалася адцягнуць Панкела ад усяго староньняга, вымушаючы спыніцца на сабе й на сваіх дзеях. Міжвольна, пад нейкім магутным націскам, Панкел усё часьцей і часьцей пачаў азірацца назад, на станцыйныя будынкі, на пяройдзенае поле. Кожны раз, бы толькі ён паварачваў голаў, у яго ваччу маляваліся страшныя фігуры цудаў. Вадакачка выглядала асабістым сіберным зьверам, які, здавалася, бег за ім, матаючы вялічэзнаю галавою і растапыранымі рукамі, а меншыя будынкі са сьвятлом у вокнах здаваліся паўзучымі цмокамі.

Панкел праз сілу, сьціснуўшы зубы, вымушваў сябе пільней узірацца ў цемру ночы, але як-бы ён ні ўзіраўся, усё-ж нічога ня бачыў у сапраўдным жывым выглядзе. Толькі й дасягаў ён таго, што тыя здані, якія маляваліся яго патрывожаным уражаньнем, мяняліся ў ваччу, перароджваліся на новыя і яшчэ страшнейшыя.

Сполах, захапіўшы Панкела, пачаў пераходзіць ва ўтому і злаваць яго; пачыналі балець ногі, дрыжаць усё цела; хада рабілася не пад сілу, і Панкел, чым далей, тым часьцей і на болей адставаў ад каманды, ня маючы сілы нагнаць яе і йсьці з ёю нага ў ногу.

— Што з табою, таварыш, чаго ты адстаеш? — падазрона пытаў Панкела час-ад-часу сусед.

Дыхавіца ўзьнялася! — хлусіў яму не задумваючыся Панкел.

— Цудны, аднакава ты: няхай-бы на гэты раз ты астаўся.

— А як-бы на другі? — ні то запытваў, ні то адказваў Панкел.

— Ну, то вядома: цяпер вярнейшая справа… Праўду кажаш. Што-ж, можна й на адгоне пасьпяваць, — радзіў спагадлівы таварыш.

На гэтым гутарка абрывалася: Панкел болей нічога не казаў. Узьнятая ўнутры яго завіруха раскаяньня, тупога й бязмоцнага, і крыўды на сябе за сваю падатлівасьць, узьвёўшую яго на праступную сьцяжынку, нейкім рэжучым камяком падыйшла к горлу. Узбурылася пачуцьцё адчаю, якое ажно кідала яго то ў гарачку, то ў холад. Што ні шаг, то Панкел пакрысе адставаў, бо ня мог паднімаць ног. Задрачылі ў галаве калючыя думкі, поўныя папрокаў і ўпікаў. Асобная, магнусовая сіла іх тыкала ва ўсе бакі, так што ўсё іншае зацьмявалася імі. Панкел папрабаваў зрабіць некалькі патугаў, каб адкасьніцца ад гэтага настрою, страхнуць атруту пачуцьця і гвалты думак, але быў бязмоцным і здаўся на іх катаваньне. І толькі намерыўся спыніцца і ўсьцішыў хаду, як раптам пачуў настойны і выразны, ужо знаёмы яму нутраны голас: «Не хадзі — азірніся назад і бач: за табою сочаць тысячы вачэй. Тысячы сэрцаў спадзяюцца дачакацца ад цябе харошых суцяшаючых вестак. Ты пайшоў у разьведку, каб знайсьці, як лепей выбраць месца і час для нападу на ворагаў працоўнага народу, якія пасягнулі зьнішчыць яго волю. Цябе паслаў рабочы й селянін бараніць іх уладу, заваёваную дарагою цаною крыві і жыцьця соцень слаўных ваякаў. А ты… ты памагаеш знайсьці іх сьмерць, абрыдную, зрадніцкую сьмерць. І навошта ты панадзеяўся? Каго ты паслухаў? Ці даеш ты сабе адказ — навошта ты ідзеш і што робіш? Гэтулькі славы заслужыў перад рэволюцыяй ранейшымі сваімі чыннасьцямі, а тут — пайшоў на зьмену. Зазірні глыбей у сваю душу, ці вяліць яна табе, ці дазваляе гэта? Чужымі думкамі жывеш, ліхім манам верыш. Як паглядзіць на цябе працоўны народ савецкіх рэспублік? Дзе ты схаваешся ад яго гневу і помсты?»

Панкел скрыгаў зубамі, прыкусваў балючыя губы. Хада яго цішэла, пачынала балець галава і цьмець у ваччу.

— Я не пайду, я не згаджуся на здраду! — рашуча ўголас адказаў сам сабе Панкел.

І гэтыя словы яго прагучэлі так рэзка і выяўна, што быццам абудзілі яго. Панкел уздрыгнуў усім целам, аглядзеўся вакол і спыніўся.

Каманды разьведкі ён ня чуў; чуць-чуць даносіўся толькі глухі тупат ад ног ды нейчы клічучы голас: «Паан-ке-эл!»

Панкелу здалося, папершае, што мо’ ён ачуўся, мо’ ўстрывожанае выабражэньне яго зьбівае спанталыку, і прыслухаўся пільней. Вокліч некалькі разоў перагукнуўся. Тады Панкел прыпыніўся…

Дзесьці здалёк чулася яму страляніна, то частая, то рэдкая, а ўлева ад яе, адкуль цягнула вільгацьцю, напэўна з-за рэчкі, выглядаў агеньчык; промень яго паднімаўся нявысока над зямлёю і губіўся дзесьці за горкаю ці за лесам.

Панкел стаяў і пільна ўзіраўся па бакох, прыслухоўваўся і ня мог крануцца з месца.

А вокала, чым далей, тым ночны шолам узрастаў, родзячы нейкія нявыразныя, але крыклівыя стукі і выгукі, якія роем вярцеліся каля яго вуха, нахабна не адстаючы ні на адну хвілю.

І вось, настаражыўшыся, Панкел патрошку пачынаў выяўляць з усяго гоману чыесьці клапатлівыя неспакойныя выгукі і перакліканьні як-бы дваіх ці колькіх чалавек, відаць, кагосьці старэнна шукаючых. Панкелу паказалася, што ў іх перакліканьні раз-по-разу ўспамінаецца яго імя, і гэта пачало яго страшэнна нэрваваць і трывожыць.

Вакол гуў вецер, згібаючы невялічкую бярозку, выпадкова закінутую ў шырокае гала і выпадкова напаткаўшую Панкела. Гэта блутала словы пярэкліку. Але Панкел хацеў расслухаць усе выгукі. Дзеля гэтага ён парашыў стаць на каленкі, прылажыць вуха да зямлі і прыслухацца, — кажуць, што так вельмі добра ўсё чуваць, — і вось Панкел ужо быў намерыўся гэта зрабіць, як раптам нявысока ўгары, у густой цемры пранеслася празрыстым пісагом разарваная ракета. На кароткі момант, хвіліны мо’ на чатыры, сьвятло ракеты асьвяціла абшар на вярсты дзьве вакол. Панкел пасьпеў акінуць вокам асьветлены абшар і пры гэтым выразна адмеціў, як ня вельмі здалёк некалькі чалавек міганула перад вачмі, перабягаючы з месца на месца. Міжвольна ў адным з іх Панкел пазнаў і пачуў Прова, з усімі дробнымі адметкамі і выразамі ў яго постаці, так ім завучанай.

Гутарка бягучых з кожнай хвіляй чулася ўсё бліжэй і бліжэй да Панкела і ў згусьцеўшай пасьля разрыву ракеты цемры шмат выразьней і гучлівей. «Шукаюць мяне! Пагоня за мною!» — раптам стукнула ў галаве Панкела, і ён, здавалася, адчуваў устаўшую бледасьць твару, растрывожнае цюканьне сэрца…

«Пабягу!» — мігнула ў яго думках. І, доўга ня думаючы, Панкел сабраў усе сілы ды пусьціўся бегчы.

І ўжо з першым крокам, зьняўшым яго з заварожнага месца, Панкела залашчыла надзея, абышла радасьць, што хтось добры навёў яго на думку вярнуцца назад, да сваіх, аставіць праклятую змену і загадзя перасьцярэгчы ад бяды сваіх таварышоў ды можа цэлы фронт. Бліск ракеты, доўга ня гінучы з яго ваччу пад полагам цёмнай ночы, нібы нажом, адрэзаў яго ад тых, каго ўзглаўляў і вёў за сабою здраднік Проў…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Адбегшыся некалькі сажняў, Панкел спыніўся, адсопся і зноў пачаў азірацца й прыслухоўвацца. Пачуцьцё бадзёрасьці і адвагі пераходзілі ў пачуцьцё помсты.

Лёгкасьць, што рушыла яго з месца, зьмянілася раптоўным цяжарам.

Панкел злаваў на сваё бясьсільле, папракаў сябе і скардзіўся.

«Гэтулькі крыві мае пралілі ворагі, гэтулькі сьлёз ссушылі, гэтулькі мук вытачылі! І я… і я зноў з-за дробных прыватчых спраў гатоў здрадзіць вялікай справе рэволюцыі… Разам з здраднікам пайшоў на… «Ах, і як-жа ўмела яны, праклятыя, падходзяць да цябе, як сьмякаліста спакушаюць!.. Ільготы, спачынак!, Ласьне знойдзецца ў іх спагада ка мне? Го, ім патрэбны афяры, ім патрэбен разлад у рэволюцыйных радох… У чырвоных радох… Вось з-за чаго яны гэтак «клапоцяцца» аба мне, аб маіх прыватных справах… Прадажнікі! Злы-ыбедні-кі-ы…»

Думкі зьбілі Панкела спанталыку: ён прыгнуўся і, прыгнуўшыся, таптаўся на адным месцы. Ні страляніна, якая ня сьціхала праз увесь час і нібы ўсё набліжалася, ні здагон не падганялі Панкела. Толькі вецер, мацнеючы што-хвілю, чамусьці наганяў на яго нейкую трывогу і сполах. Панкелу чуўся ў яго гудзе загад рушыць з месца і кідацца наўцёкі. З кожным ветраным павеем настрой узрастаў, узмацоўваючы рашымасьць і адвагу. «Пушчу-у-ся-а далей на ўце-э-кі-ы! — праказаў сам сабе Панкел, і толькі намерыўся крануцца, як тут-ка, непадалёчку, пачуў выразную гутарку:

— Шукайма тут — ён ці ня прылёг толькі.

Панкел увесь здрыгануўся, выпрастаўся, закружыўся на адным месцы, азірнуўшыся вакол, і кінуўся як мага наўцекі. Вольныя, ня ўмеру слабкія боты забаўталіся на нагах і гулка зашлёпалі. Груды й няроўнасьці, межы, купіны, што пападаліся пад нагамі, мяшалі бегчы.

Але Панкел сьцігаў нацянькі, якраз на міргаючыя далёка смуглыя агеньчыкі, якія нібы прыветна й ласкава манілі яго к сабе… Перш было бегчы лёгка, як-бы сполах з надзеяй уцячы падганялі яго, але хутка Панкел пачуў утому й цяжар; к гэтаму шапка насоўвалася на вочы і мяшала глядзець, а вісеўшы збоку ранец, якога ён шкадаваў кінуць, стукаў па плячох. То шапку, то вінтоўку Панкел час-ад-часу папраўляў… Раптам закалола ў баку і стала душна, да зьнямогі душна. Ён ўжо намерыўся нават і спыніцца, але раптам пачуў прасьцерагаючы голас: «Бяжы хутчэй. Нясіся ветрам, ляці віхрам, каб не спазьніцца. На тваім ваччу робіцца вялікая бяда — патрэбна яе спыніць, патрэбна пераняць… Не таміся — бяжы хутчэй, шпарчэй. Яшчэ некалькі патугаў і ты выратуеш становішча, не дасі зрабіцца страшнаму праступку. Бяжы з данясеньнем, нясі вестку… Цябе там нецярпліва чакаюць… Панкел, Панкел, Панк-к-е-эл»…

Гэты таемны голас нёсься з Панкелам, разьліваўся ў сьвісту ветра, заглушаў яго думкі й пачуцьцё… А агеньчыкі былі ўсё-ж яшчэ далёка ад яго і неяк усё цьмелі з кожнай хвіляй, як-бы знарок, каб зьбіць Панкела з дарогі…

— Ні-ы-чо-о-га-а, да-а-бя-э-гу-у! — уголас, з цяжкім адчаем у сэрцы, пракрычаў Панкел і міжвольна павярнуў назад голаў.

— Сто-ой! Стой! — ва ўпор хтось крыкнуў, і гэты крык, бы нажом, паласнуў Панкелаву душу, выцяў балюча па яго нагах і скалануў усёю постацьцю.

«То пагоня недалёка ад мяне!» бліснула яскравай маланкай калючая думка… Але Панкел ня спыняўся. Утаропіўшыся вачыма ў адзін бок на чуць-чуць абачныя агеньчыкі на станцыі Быстраўка, ён натужыўся яшчэ больш і зрабіў апошнюю спробу ўскорыць бег; толькі ў адказ на гэта няўмеру забілася сэрца, схапіла дыхавіца, пачалі блутацца ногі, і Панкел мусіў зьмяніць бег на хаду.

— Стой! Сто-ой! — рэзкім пранізваючым лемантам праняслося між вушэй Панкела.

Абураны безнадзейнасьцю, ён горда й сьмела адказаў:

— Да-а-бя-гу-у, пага-ан-цы-і, няго-од-ні-ы-кі-ы! Данясу-у аб усім вашым учынку-у… Ня ўдасца вам давясьці свой праступак да канца-а. Прадаў-цы-і!..

Рэзкі стрэл быў адказам Панкелу: штосьці рэзнула ў баку.

«Ранен!» мігнула думка й разам-жа аддалася ў пачуцьці. Панкел барджэй хапіўся рукою за вінтоўку, а другою за рэвольвэр, абмацаў у рэвольвэру корак, выцягнуў з кабуры і, адвярнуўшыся, у беспарадку і бяз усякай цэлі, пачаў страляць наўгад, з запоем і злосьцю. Яму ў адказ таксама зачасьцілі стральбу.

— Усіх пераб’ю паганцы-і! — крычаў Панкел у такт стральбы, ужо ўгледзіўшы ў змроку падбягаючых да сябе траіх чалавек.

— Пачакай, браток, мы-ы табе пака-а-жа-ам, як нам зьмяняць. Ня выкруцішся з нашых рук! — пракрычаў над вухам Панкела знаёмы яму голас Прова, і не пасьпеў дакрануцца Панкелавага сузнаньня, як тут-жа выпушчаны стрэл зацямніў яго і паваліў Панкела на зямлю.

— В-в-а-ам ня ўда-асца-а прадаць інтарэсы ра-або-о-чы-іх і сялян… — сумеў яшчэ ў сударгах праказаць Панкел.

— Уда-асца-а! — зламысна адказаў азьвераны Проў, нагнуўшыся над сваёю афяраю.

І астатнім выявам тухнучага жыцьця Панкел цьмяна пачуў датырканьне халодных драпежных рук да свае шчакі.

— Во-ось, бра-ат, табе-э і радзі-ы-ма-а, і сям’я, і спачынак… Ха-ха-ха!!

Задаволены рогат Прова правёў апошні енк Панкела…

А вецер крапчэў, глушачы сваім сьвістам далёкія водгукі стрэлаў…

На станцыі стухлі агеньчыкі, нібы задутыя ім.