Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/На полі

Жніво На полі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Краска
Іншыя публікацыі гэтага твора: На полі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПОЛІ

Шэпчуць згодна каласінкі,
Гойдаюцца нівы.
Ходзіць гоман між збажынкі,
Мілы і шчасьлівы.

Колькі шуму ў нашым збожжы,
Сьпеву і гаворкі!
Як вы мілы, як прыгожы,
Родныя пагоркі!

Як старанна заараны,
Поле, твае скаты!
Межы кветкамі убраны
Пышна і багата.

Над жытамі песьні льлюцца,
Толькі сонца ўстане.
Люба глянуць, азірнуцца,
Стаўшы на кургане.

Па краёх палёў шырокіх
Цёмны лес сінее.
Колькі ў полі адзінокіх
Грушак зелянее!

Там, пад наміткай туманаў,
Відзен гай сасновы,
Што прабег паўзьверх курганаў,
Як дзявочы бровы…

Шэпчуць нівы ў полі згодна,
Гнуцца каласамі.
Ой, ты, поле! гай ты родны!
Толькі-ж я ня з вамі.

Толькі ў думках я вас бачу,
Шум здалёку чую.
Я бяз вас тут годы трачу
І па вас гарую.

1910 г.