Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Краска

На полі Краска
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Дуб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Краска (Краска, мілая мая…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРАСКА

Краска мілая мая,
Госьця веснавая!
Як ты хораша цьвяцеш
У глушы, любая!

З ціхім усьмехам з табой
Вецярок жартуе,
І цябе ў вясёлы дзень
Сонейка цалуе.

Што-ж на тварыку тваім
Легла задумленьне?
Што нявесела глядзіш,
Мілае стварэньне?

І ня радуе цябе
Дзень вясёлы мая,
Голас радасны вясны,
Песьня маладая?

Я хацеў-бы адгадаць
Дум тваіх гаворку,
Я-б хацеў разьвесяліць
Краску, маю зорку.

Ці гаруеш ты аб тым,
Што і ты бяз волі,
Што краса ўся адцьвяце
Без пары і долі?

Ці па тым, што вецярок
Разлучыў з лугамі,
Дзе-б ты гутарыць магла
З пчолкамі, з чмялямі?

Я любуюся табой,
І мне смутна стане,
Што ў вастрозе хараство
Ўсё тваё завяне,

Што адна ты адцьвяцеш
Век свой сіратою, —
А багата-ж адарыў,
Май цябе красою!

Краска, красачка мая,
Мілае стварэньне!
Што-ж на тварыку тваім
Легла задуменьне?

1910 г.