Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Старыя дубы

Апошні лісток Старыя дубы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Будзе навальніца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Старыя дубы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРЫЯ ДУБЫ

Зноў я бачу, зноў вітаю,
Як паноў вяльможных,
Па-над Нёманам у гаю
Гурт дубоў разложных.

Сам ня ведаю, чым мілы,
Чым вы сэрцу любы,
Выхаванцы веку, сілы,
Магутныя дубы.

Чымся мілым, чымся родным
Ад вас павявае,
Аж мне сэрца ў сьпеў лагодны
Штосьці ахінае.

Узварухнуцца думкі-песьні,
Як вашы лісьцінкі,
І зноў станеш напрадвесьні
Жыцьцёвай пуцінкі.

Цешуся я, пазіраю
На вас, вежы-дрэвы,
Цьмяна сэрцам прачуваю
Вашы думкі-сьпевы.

Але шум я ня той чую —
І вы парадзелі,
І вы ня ўсе буру злую
Зьнесьлі і здалелі.

Ой, асілкі ў ціхім гаю,
Дубы векавыя!
Я вітаю вас, вітаю,
Волаты любыя!

1912 г.