Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Грушы-сапяжанкі

Забытая магіла Грушы-сапяжанкі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Пастушок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Грушы-сапяжанкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГРУШЫ-САПЯЖАНКІ

Слухай, Костусь, што скажу я:
Папасі авечкі —
Можа дзядзьку абману я,
Скрадуся з-за грэчкі,

Ў сад залезу, сапяжанак
Пазухі нарву я
Сакаўных такіх, братанак!
А ну-ж пашанцуе!

Як на грушу ды ўзьбяруся, —
Вось мы забалюем!
Ашукаем і Пятруся
І груш пакаштуем! —

Глянуў Алесь брату ў вочы,
Хітра засьмяяўся.
Костусь быў да груш ахвочы.
— Ну, йдзі, ды ня баўся. —

Хлопцы стадка пільнавалі
Блізка каля дому
І спакою не давалі
Дзядзьку іх старому.

Вышлі з хаты ўсе на поле, —
Час жніва, рабочы,
А ў гумне Пятрусь паволі
Жыта акалочваў.

Абмалоціць сноп і стане,
Як бацян, на ганку,
Праз вароты хітра гляне
І на сапяжанку,

Ня спускае грушы з вока,
Ох, вартуе пільна!
Пападзіся жэўжык-дока,
Дык задасьць цапільна!

Але й хлопцы розум маюць —
Хітрыя, зладзюжкі!
Строяць пляны, разважаюць,
Як дайсці да грушкі.

І ня так ужо баліць ім
Гэтых груш натрэсьці,
Як Пятруся абурыці
Або ў злосьць увесьці.

Улучыў Алесь часіну,
Торбу ўзяў з сабою,
Прытаіўся, сагнуў сьпіну
І папоўз мяжою.

Падпаўзе і адпачыне
Ды наставіць вушы,
На гуменца вока кіне
І зірне на грушы.

Костусь проста замірае,
Млее ў хваляваньні
І да бога пасылае
Палкае літаньне:

„Божа мілы, літасьцівы!
Памажы нам, памажы!
Каб запоўз Алесь шчасьліва
І ў садок папаў з мяжы!

Каб натрос там сапяжанак.
Навядзі яго на троп!
Каб Пятрусь ня стаў на ганак
І на нейкі час асьлёп!“

А Алесь паўзе. Часамі
Скокне, разагнецца.
Костусь есьць яго вачамі
І, як ліст, трасецца.

А Алесь і не шманае —
Цэп учуў і рушыў!
Вось і плот, даў бог, мінае,
Вось палез на грушу!

„Ну, яшчэ-б мінут з дзесятак!..
Божа, памажы нам!“
Зірк — Алесь з усіх лапатак
Чэша, як пружына!

Глянуў Костусь — дзядзька ззаду
З цэпам прэ бяз духу!
— Галаву скручу я, гаду!
Я цябе, псяюху!

Гоніць дзядзька хлопца, лае
Жорсткімі славамі,
Алесь пазухі трымае,
Драбязіць нагамі, —

Сыпле дробна — што малому?
Дзядзька стаў хістацца.
Ды і дзе з малым старому
Ў беганцы зраўняцца?

Шмыгануў Алесь у хвойнік,
Даўшы два-тры кругі.
— Я-ж табе, нябось, разбойнік!
Я-ж вам дам, зладзюгі! —

І пачаў сваё літаньне
З цэпам сярод поля:
— Каб вам шчасьця ані званьня,
Ліха вашай долі!

Як за вамі не пасьпелі
Ні гарох, ні грушы…
А каб вы папруцянелі,
Каінавы душы! —

Хлопцы сталі на палянку
І крычаць здалёка:
— Дзядзька! глянь — во сапяжанкі! —
І пайшлі у скокі.

Алесь грушы вытрасае
Праз прарэх кашулі
І на дзядзьку ён гукае:
— Дзядзька! а во дулі!

Дзядзька бегчы быў памкнуўся,
Ды балелі косьці.
Плюнуў дзядзька і вярнуўся,
Поўны страшнай злосьці.

1910 г.