Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Доля батрачкі

За падаткі Доля батрачкі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
У школку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Доля батрачкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДОЛЯ БАТРАЧКІ

Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну,
Выпраўляючы, хавае
Горкую сьлязіну.

— Будзь паслушная, дачушка, —
Навучае матка:
— Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!

Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою.
Твая доля цямней ночкі —
Цяжка быць слугою!

Бо ня ўважыць чужаніца
Ручак тваіх белых,
Поту выльлецца крыніца
З шчочак загарэлых.

Ўстанеш летам раней зоркі,
Пойдзеш перша ў поле…
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!

Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара,
Жаль да сэрца падступае,
Як чорная хмара.

Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
— Ну, матулька, будзь здарова! —
І цалуе матку.

— Ну, бывай!.. — І ня ўтрывала
Бедная матуля.
Жаль сьлязамі ёй прарвала,
Твар да дочкі туліць.

Вышла маці ўсьлед за ёю,
Стала ля парогу
І, падпершы твар рукою,
Зорыць на дарогу.

На дарогу-пуцявіну —
Там яе Гануля —
Ды за сьлёзкаю сьлязіну
Роніць-лье матуля.

Доўга матка так глядзела,
Дочку праваджала,
Покі хустка яе бела
З вочак не прапала.

1909 г.