Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/У школку

Доля батрачкі У школку
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Сялянская рада
Іншыя публікацыі гэтага твора: У школку (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ШКОЛКУ

Ярка на камінку
Смольны корч палае.
Бацька на калодцы
Лапці выплятае.

Латае халацік
На услоне матка:
Ў школку заўтра пойдзе
Іх сынок Ігнатка!

Сын васьмігадовы
Корчык падкладае,
З бацькавай работы
Вочак ня спускае.

Сьветлая галоўка
Мысьлямі занята,
Многа ўсякіх думак
У вачох Ігната!

— Ну, Ігнат, глядзі, брат,
Ня дурэй, вучыся.
Годзі жыць бяз дзела —
За буквар вазьміся!

Будзь старанным, сынку, —
Станеш чалавекам,
Будзеш ты чытаць нам,
Цемнікам, няўмекам,

Што у кнігах пішуць,
Што мы ў сьвеце значым,
Бо мы самі цёмны,
Сьвету мы ня бачым.

Слухай, што настаўнік
Гаварыць там будзе
Пра навуку, кнігі
І аб цёмным людзе.

А старанны будзеш,
Да навукі здатны, —
Я прадам кароўку
І кажух астатні, —

Далей йдзі ў навуку,
Толькі, брат, вучыся.
Дык глядзі-ж, сыночак,
Шчыранька вазьміся!

На гульню пустую
Плюнь, махні рукою,
Каб і я і маці
Цешылісь табою. —

На казаньне бацькі
Адказаў Ігнатка:
„Буду я вучыцца,
Як ты кажаш, татка!“

А як спаць улёгся,
Думкі мімаволі
Гаманілі ў сьненьні
Хлопчыку аб школе.

1909 г.