Я — адзін, жыву бяз дому,
Сам сабе я першы пан,
Галавы ня гну нікому,
Ня схіляю гібкі стан.
Я — адзін, нічым ня скован,
Волен я, бы дух палёў,
Ад разбойнікаў захован,
Ад усякіх зладзяёў.
Я — адзін, нічым ня зьвязан,
Мне няма над чым карпець,
Сьвет нідзе мне не заказан,
Волен ўсюды я ляцець.
Скарб мой — рукі, мой конь — ногі,
Як пайду — сам чорт ня брат.
Кій у рукі і з дарогі
Бяз нуды зірну назад.
Даражэй за ўсё — свабода,
Дык што плакацца дарма?
Воля, воля! толькі шкода,
Што цябе нідзе няма.
1910 г.
Эх, нашто ўздыхаць па волі,
Калі я ня маю долі,
Калі марна годы трачу,
Калі сэрца ў смутку плача?
Знаць, няшчасным урадзіўся,
Што сьвет белы зачыніўся,
Зачыніўся, зьбегся клінам…
Горка быць мужычым сынам.
Богач зьяе ў пазалоце,
Мужык бедны мрэ ў бядоце.
У мядалях „зубр“ багаты,
А ты носіш адны латы,
Бо мужычы сын пахілы
Роўнасьць мае… у магіле.
1908 г.
Я ня маю сваёй хаткі,
Я ня помню роднай маткі.
Рос я круглым сіратою,
Як той дуб, што над вадою.
Мяне матка ня люляла,
Казак, песень не сьпявала.
Чуў я толькі песьні бору,
Гадавала мяне гора.
Хоць нядоля мяне гнала,
Усё-ж мне сілы не зламала:
Ці-ж я ростам ня высокі?
Ці-ж у грудзях ня шырокі?
Валасы да плеч густыя,
Мае рукі, як стальныя.
Спрытна рэжу дол сахою,
Здатны ў лузе за касою!..
Толькі-ж дол чужы капаю,
Толькі долі я ня маю!
Ой, пайду, пайду я ў поле,
Загукаю: „Дзе ты доля?
Дзе ты, шчасьце? адгукніся,
Ка мне тварам павярніся!“</poem>
Толькі-ж ціха-ціха ў полі,
Толькі вецер дзьме паволі:
„Дарма жыцьце тваё гіне,
Няма долі бедачыне!“
1909 г.
Што тужыць, гараваць?
Маю сілу ў руках —
Хлеб змагу даставаць,
Хіба праца мне страх?
Я — адзін, я — здароў,
Месца ўсюды мне шмат.
Захацеў і пашоў,
Пыл узьняўшы з-пад пят.
Гаспадарку сваю
Ўсю з сабою вазьму.
Песьню я запяю —
Раскатурхаю цьму.
Што мне гнуцца ў дугу?
Каму шапку зьнімаць?
Няўжо-ж я не змагу
Сам сябе падтрымаць?
Волен сьвет мне кругом,
Дзе прайду, будзе знак,
Дзе прылёг, там і дом,
Кожны бедны — сваяк.
1909 г.
|