Кончан дзень. За стол паселі —
Дужая сямейка!
Незайздросная патрава:
Бульба ды куцейка.
Павячэраўшы, мужчыны
Люлькі закурылі
І аб справах аб сялянскіх
Ўсе загаварылі.
Даў вясну бог, а з вясною
Праца надыходзіць:
Гэта праца іх галовам
Думак шмат наводзіць.
Поля мала ды и тое
Хоць-бы ў адным месьце,
А то — дзе яно? за сьветам,
Гною не падвезьці,
Ні ўзараць у сваю пору, —
Так і прападае,
А пасееш — няма толку,
Што-ж, зямля пустая!
— Я казаў-бы, — пачынае
Дзед, абросшы мохам: —
Картаплянішча ад лесу
Высеяць гарохам.
— Ну але, і я так думаў,
І там больш зацішку, —
Падтрымаў старога дзеда
Сын жанаты, Грышка.
— А Асінкі ад дарогі
Трэба заскародзіць:
Пад пагоду, як патрапіш,
Можа грэчка ўродзіць.
— Ну, якая ўжо там грэчка! —
Брат малодшы кажа: —
Ветрам выдзьме! Не пасьпеўшы,
Ўся на пні паляжа.
Хоць мякіна сьвіньням будзе,
Подсьціл, корм каровам. —
На хвілінку гоман сьціхнуў,
Думаюць галовы.
— А для льну пакінуць можа, —
Голас гаспадыні: —
Два загончыкі ў Навозах,
Або пры лагчыне.
— Для льну месца там падобна,
Толькі трэба гною.
— Ну, а з пусткаю што будзе?
Сеяць ярыною?
Ці ў папар на лета пусьцім, —
Грышкаў брат пытае.
— Пэўна-ж так. Хай у папары
Лета пагуляе… —
Зацягнулася далёка
Гэта іх гаворка,
І як розум ні павернеш,
Ўсюды выдзе спорка:
Там пясок і камяніца —
Кепска для ячменя:
На адну кальвінку збожжа
Зельля больш, як жменя.
Там занізка, дождж размые,
І зямля сцаглее,
Там высока, сонца спаліць,
Без пары сасьпее.
А дзе-б можна што пасеяць
На якім загоне,
Дык там куры падрасуюць,
Паталочаць коні. —
Эх, вясенька галадненька!
Каб ты толькі знала,
Колькі думак селяніну
Нанясла, нагнала!
1909 г.
|