Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Не бядуй

Пад шум ветру Не бядуй
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Нягода
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не бядуй!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕ БЯДУЙ!

Не бядуй, што сонца нізка,
Што прыходзіць нудны дзень,
Не бядуй, што восень блізка,
І лягла на землю цень.

Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй;
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!

Будзе час, і сьнег растане,
Прыдзе зноў да нас вясна,
Ціха з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.

Не бядуй, што цяжка стала,
Жыць у вечнай цемнаце,
Што нас доля вечна гнала,
Што жывём у беднаце.

Не бядуй, што зьвісьлі хмары,
Што нам сонца ня відаць,
Не бядуй, што ў ноч пажары
Сталі неба заліваць, —

Дымам пойдзе ўсё ліхое,
Ўсё, што душыць нас і гне.
Вер, брат, — жыцьце залатое
Будзе ў нашай старане.