Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Пад сьпеў ветру

Ліпы старыя Пад сьпеў ветру
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На мяжы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад сьпеў ветру.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД СЬПЕЎ ВЕТРУ

Вее вецер, сьвішча ў коміне,
Горка плача, надрываецца,
І цяпер мне тая музыка,
Як жывая, ўспамінаецца.

Помню хатку я старэнькую,
Што між лесу загубілася,
Каля хаты вярба ніцая
Да страхі гальлём схілілася.

Ночка зімняя, халодная…
Вецер дзьме, ня сунімаецца,
А над лесам гоман-шум густы
Гудам-гулам разьліваецца.

А ў каміне вецер песенькі
Расьсьпявае тонкім голасам
І па стрэсе сьнегам шорхае,
Нібы жыта сьпелым коласам,

То нясьмела ў дзьверы стукне ён,
Як-бы ў хату, бедны, просіцца,
То пад воканьнем закруціцца
Ды так горка разгалосіцца!

І прыціхне на хвіліначку,
Сілы-моцы набіраецца.
Ные сэрца, ные-смуціцца,
На сьпеў ветру адзываецца.

Помню, помню сваю хатачку,
Маю родную, далёкую,
Як успомню — жаль агортвае
Маю душу адзінокую.

1908 г.