Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Покліч

Цені-страхі Покліч
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Маёй каханцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Покліч (Гэй, чулыя сэрцам! Гэй, душы жывыя!..).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОКЛІЧ

Гэй, чулыя сэрцам! гэй, душы жывыя!
Ідзеце вы долю каваць!
Ёсьць у вас сілы, яшчэ маладыя,
Ёсьць у вас крыльлі лятаць!

Але сьцеражыся: балотная бросьня
Іх кожную хвілю сачыць,
А гнільлю зацягне — душа не ўваскрэсьне,
Ўгару над зямлёй не ўзьляціць.

Вы чуеце хваляў жывых набяганьне?
Прыгледзьцеся: новыя дні
На вас пазіраюць у іскрах сьвітаньня,
І сьвецяць другія агні.

Сьпяшайцеся, брацьці, расою халоднай
Ваш твар выразьлівы абмыць
І дух той гаючы палёў, нівы роднай
У градзі чым больш захапіць.

Але памятайце: на вашым сумленьні
Ня сплачаны доўг векавы:
То доўг прад народам, то доўг разуменьня,
Якое зачэрпалі вы

З народнага скарбу душы самабытнай
І з скарбу яго мазалёў:
То ён працавік наш, то ён, старажытны,
На гору вас моўчкі узьвёў.

Гадуе вас поле, што золатам зьяе…
Пяскоў, нераджайных пяскоў.
Вас корміць сярмяга, што долі ня знае,
Ня ведае ласкі братоў.

Ідзеце-ж к народу, як добрыя дзеці,
Ідзеце, злучайце яго
І горкую праўду у вочы скажэце,
Чаго ён гаруе, чаго?

1921 г.