Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Цені-страхі

Звон шыбаў Цені-страхі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Покліч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цені-страхі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦЕНІ-СТРАХІ

Вечар блізка, жар спадае.
З цёмных шчылін хтось нязнаны
Цені-страхі выклікае,
Штось ім шэпча, штось ківае,
Ды таемна, няўчытана.

Сьмех вясёлы зьбег няждана
З таго лесу і пагорку,
З тых лагчынак і кургану.
Смуткам поле чуць заткана,
Смутак ходзіць панадворку.

Пуцявінай праз разорку
Скача мышка палахліва
І шукае сваю норку
на мяжы каля аторку
І зьнікае дзесь маўкліва.

Я іду, гляджу — і дзіва:
Ці раней таго ня бачыў?
Ўсюды стала нейк тужліва
І трывожна-баязьліва!
Зьмену гэту я зазначыў.

Хто-ж той выраз перайначыў?
Я ня сьцямлю і пытаю
Ды пытаньнем азадачыў
Ўсіх, каго я тут ні бачыў,
Ўсіх, каго ні запытаю.

„Чапля! чапля!“ стой! — гукаю:
„Ты ня ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхі шукаю,
Сам іх вобразы ствараю,
Ці тым страхам ўсе спавіты?

— Ня пытайся: я ня знаю. —
Тры вароны ляцяць з гаю
Цяжка крыльлі іх мігаюць.
— Гэй, спыніся! справу маю —
Штось у вас я запытаю…

— Мы ня знаем! Не, ня знаю! —
Закрычалі і зьнікаюць.

Насустрэч старцы дыбаюць.
— Скуль вы, людзі? Хто такія?
Воч старцы ня падымаюць
Ўсе маўклівы, разважаюць.
— Мы — сьляпыя! Мы — глухія!

Цені сталы больш густыя,
Многалучны, нязьлічоны,
Многазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.

Лес, папары і загоны
Твар выразны свой хаваюць.
Дзесь далёка стогнуць звоны,
Дзесь у лесе плач шалёны —
Совы дзень свой зачынаюць.

Цені-страхі выпаўзаюць,
Іх ня бачыш, — прачуваеш,
Штось чаруюць, заклінаюць
І таемна пагражаюць.
Чым? Бяда ў тым, што ня знаеш.

1921 г.