Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Сябру

Сябром-выгнаньнікам Сябру
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Бездараж
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сябру (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯБРУ

Эх, і бедна-ж у нас!
Ох, вялікая глуш!
Брат! працуй, не чакай,
Цьму людзкую ты зруш.

Восень, доўгая ноч
Над народам вісіць,
З кожнай хаты нуда,
Недастача глядзіць.

З кожных грудзяй людзкіх
Хоча вырвацца крык,
Стогн збалелай душы
Бедакоў-гарамык.

Вочы, поўныя дум,
Ў дол маўкліва глядзяць,
Дзе надзеі даўно
Іх спрадвеку ляжаць.

Раскатурхай народ,
Сьвет яму разьвяжы
І за долю яго
Працу ўсю прылажы.

1909 г.