Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Маці

Сьціхнуў шум… Маці
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Нявольніцтва
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маці (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЦІ

Няпрыветна цераз вокны
Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Уся сямейка
Сьпіць, адпачывае,

Натрудзіўшы добра рукі,
Натаміўшы плечы,
Толькі маці з вераценцам
Туліцца пры печы

Ды прадзе, прадзе кудзельку.
Скача вераценца,
А за ім густыя цені
Бегаюць на сьценцы.


∗     ∗

На камінку гарыць корчык,
Злотам іскры скачуць.
За аконцам вецер ходзіць,
Глуха вербы плачуць.

Зябнуць вербы на марозе,
Прытуліўшыся к стрэсе,
Сьнегам вецер сыпле ў дзьверы,
Ходзіць шум па лесе…

І пад гэты шум трывожны
Думае старая,
А ўсьлед думкам неспакойна
Вецер падпявае.


∗     ∗

І ўсё ўстала прад вачыма
Беднае кабеты:
Маладыя дні дзяціны,
Дзявочыя леты,

Радасьць жыцьця і нягоды,
Сваркі, трасяніна, —
Ўсё, чым жыцьце напаткае
Ў цяжкую часіну,

Ўсё прыпомнілася беднай, —
Горка, цяжка стала,
Галаву на бок схіліла,
Прасьці перастала.


∗     ∗

Вось і муж усплыў на думу —
Рана сьмерць скасіла!
Дробных дзетак ён пакінуў —
Без пары магіла!

Жыў ён бедна. Спадзяваўся
Свой прыдбаць куточак,
Хату вывесьці, зямелькі
Прыкупіць шматочак,

Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
Жыцьце пад‘ярэмна…
Ды ня вышаў з-пад няволі,
Біўся век дарэмна!


∗     ∗

Гасьне корчык на камінку,
Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
Але ня сьпіць маці.

Цягне нітку. Вераценца,
З рук упаўшы, грукне,
Ды нясьмела, як убогі,
Ў дзьверы вецер стукне.

Думкі думку падганяюць,
Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
Нуднай чарадою.


∗     ∗

Уздыхнула цяжка маці,
Аб сынку гадае,
Што ў вастрозе, ў паняверцы
Кару адбывае.

І за што? У толк ня возьме
Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
Ні парадкаў сьвету.

Вецер вые за вугламі,
Ў коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
Матку не заносіць!

Зябнуць вербы на марозе,
Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
Думка думку гоніць.

1908 г.