Як сьвет наш зьявіўся,
Людзьмі засяліўся,
Ад сівога веку
Ня знаў чалавека,
Магу пабажыцца,
Магу залажыцца,
Каб ён так маліўся.
Адслужым малебен.
Ці-ж цар нам патрэбен?
Патрэбен ён, братцы,
Як прус у валадцы,
Як у мосьце дзірка,
Як з гразі зацірка,
Як скула-балячка.
І меў ён адвагу
Зваць цароў у Гагу,
Каб вайны не вялося,
Крыві ня лілося.
Ці-ж гэта ня сьмешна —
Зрабіць так пасьпешна?
Ці чулі брадзягу?
Хваліўся бясконца,
Як шоў на японца,
З мікады сьмяяўся
Ды ўсім выстаўляўся
І кідаў мільлёны,
Пасылаў „іконы“ —
Бяз флёту астаўся!
Вось цар занудзіўся,
Што сын не радзіўся.
Беглі-шлі гадочкі,
Радзіліся дочкі.
Раздаў цар мільлёны
На цэрквы, на звоны —
Сына прасеце, папочкі!
Трасьліся ўсе муры,
Папы лезьлі з скуры
Кадзілам махалі,
Чыталі, сьпявалі,
Трывожылі бога —
Ня вышла нічога:
Усе модлы прапалі.
Рэскрыпт цар надрэпаў,
Зьявіўся тут Трэпаў
Для ўсіх нечакана,
Як воўк з-за кургана,
І стаў ён пасрэднік,
Радзіўся насьледнік,
Але ці Раманаў?
Вось ліха наперла,
Крамала ня зьмерла,
Ня жыць з залатоўкі,
Пашлі забастоўкі,
Узьняўся люд убогі,
Пасталі дарогі —
Царь бачыў вяроўку.
Пусьціў ён у …
Падбег Вітта вёрткі,
І Рыман, і Міны,
Розныя скаціны…
Нагайкі, расстрэлы
І лес штыкаў цэлы —
Цягнуць людзей на асіны.
Пануй, Мікалае,
Часіна такая,
Трымайся прастола,
А будзе вас гола.
Акончан малебен,
Ты нам не патрэбен,
Другі і апошні Мікола!
1908 г.
|