Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Дзед і мядзьведзь

Рак-вусач Дзед і мядзьведзь
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Савось-распусьнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзед і мядзьведзь.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕД і МЯДЗЬВЕДЗЬ

I

Кажа дзеду баба:
„Дзеду, з хлебам слаба —
Едзь у млын ты, дзедка!“
Млын ня страшан дзеду,
— Трэба, дык паеду,
Бабка, мая кветка!
Дык гатуй сьняданьне —
Менш завозу зраньня,
Справа, бач, такая.
Паліць баба ў печы,
А дзед грэе плечы,
Сьнеданьня чакае.

II

Скавародка
Ходзіць лётка,
Спрытна ў бабіных руках.
Тыя-ж дровы
Роняць словы —
Трах-та-тах!
Трах-та-тах!
Скваркі ў печы
Штось дарэчы
Шэпчуць тэй скаварадзе,
А старэчы
Каля печы
Ім і сам у тон гудзе.

III

Дзед пасьнедаў ёмка,
Нават ікнуў громка.
Вось прыбраў наш дзед калёсы,
Колы дзёгцям квацануў,
Нацягнуў тужэй атосы,
Шчыльней загваздкі заткнуў.
І мяшкі паклаў дзядуня —
Дуж дзядок быў і здароў,
Па кабылу звольна суне, —
Дзед гарачкі не пароў.
А была-ж у дзеда
Кабыліца гнеда,
Белагрывая,
Памаўзьлівая.

IV

Вышаў дзед, кабылу кліча:
„Кось-кось-кось!“
Ды „кось-кось-кось!“
Выган, гай прайшоў наскрозь,
Бо каб лін ведаў звычай.
Эх, кабылка, воўча мяса,
Ну, і шкодніца-ж яна!
Так і шворыцца адна,
Лезе ў шкоду самапасам.
А бадай-жа яе качкі!
Трэба ў млын, яе-ж няма!
Час той зводзіцца дарма
З-за кабылкі, з-за лайдачкі.
Дзед ідзе, а цемнавата,
Зірк — у грэчцы ходзіць штось,
„Знаю нораў твой нябось
І натуру твайго брата!
Патравіла грэчку троха…
Пачакай-жа, памаўзоха!“
Скраўся дзед і — хоп за грыву,
Ды вярхом і ў бок штурхець!
Як раўне-ж пад ім мядзьведзь!
Як памчыцца ў лес праз ніву!
Як задасьць ён ла-та-та!
Прэ мядзьведзь наўскапыта.
А дзед бедны — дух у пятах.
Учарэпіўся за хіб,
Зьвера пынячы, ахрып.
„Тпррру, спыніся! стой, пракляты!
Тпру, мядзьведзік! бэч, мядзьведзь!“
А мядзьведзь — цялеп-кульгець!
Толькі мордаю трасе,
Дзеда ў лес імчыць-нясе!

V

І набраўся-ж страху
Дзед з сваім мядзьведзем!
Гэтак даў ён маху —
Сьмех сказаць суседзям!
Як ён не разгледзеў
Ды сеў на мядзьведзя!
Беглі ельнякамі —
Біўся лес сукамі,
А галінкі-лапкі
Зьбілі дзеду шапку,
Аб бярозу-вітку
Разадраў дзед сьвітку,
А аб пень дубовы
Гуз набіў здаровы.
Бачыў лес пацеху,
Дзеду-ж не да сьмеху.
Пазіраў з бярлогу
На іх вепр іклаты.
Уступаў дарогу
Ім сам лось рагаты.
Цокала вавёрка
Ад такога дзіва,
Нават воўк з узгорка
Лыпнуў вокам скрыва.
А як зайчык згледзіў
Дзеда на мядзьведзі,
Ад тэй небясьпекі
Кінуўся наўцекі.
Злодзей тхор-выжыга
Толькі выскаляўся,
А лісок, псялыга,
Со-сьмеху качаўся.
„Ой, зьвяры, вы, мае братцы!
Памажэце мне сьмяяцца!“

Гасаў мядзьведзь, гасаў,
Насіў дзядка, насіў,
Аж сам сябе кусаў,
На ўвесь лес галасіў.
Зачапіўся лапцем дзед
За корч-патарчаку,
Адчыніўся тады сьвет
Дзеду-небараку.
Выпусьціў мядзьведзя з рук,
Гопнуўся, завохаў,
Расьпасьцёрся, бы япрук,
На зялёным моху.
„Вось брыда, мядзьведзь!
Адкараскаўся ледзь!
А бадай ты спрах!..
Аж гудзе ў вушах!“

VI

Прышоў дзед дахаты,
Ціхі вінаваты.
І спытала бабка:
„А дзе твая шапка?
Як табе ня брыдка —
Разарвана сьвітка!
Ой, ты дзед-дурыла —
У хляве кабыла!
Дык вазьмі за нораў —
Не хадзі за горы,
А перш каля носу
Пашукай ты лёсу.

ДЗЕД

Скажы дзякуй, баба,
Што прынёс я драбы!

1926 г.