Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Доктар памог

Паслушная жонка Доктар памог
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
За дождж
Іншыя публікацыі гэтага твора: Доктар памог.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДОКТАР ПАМОГ

I

Смачна сьпіць Лукаш на печы,
Ў сьцену ўпёршыся нагой,
Парыць сьпіну, грэе плечы,
Грае носам, як дудой…
Што за ліха? сьпіць, а чуе
Нейкі енк, бы з-пад зямлі,
Як-бы плача хто, гаруе,
Або дух чый занялі.
Цёмна ў хаце. Ноч глухая.
Вецер ходзіць за сьцяной.
Енк-жа гэты ня сьціхае.
— О-о-ё-ёй! ох, о-ё-ёй!
Працірае Лукаш вочы,
Паднімае галаву.
Што за ліха? хто скагоча?
Як-бы душыць хто саву!
Зноў пачуўся енк у хаце.
Тут і сам ён застагнаў.

ЛУКАШ

Ты, ці што, там енчыш, маці?

КАСЯ

Я!.. ой, цяжка, каб ты знаў!
Я, Лукашка, я, саколю!..
А заходжуся ад болю!..
Оё-ёй!

ЛУКАШ

Што, зноў жывот?..
І так кожны божы год!
Бадай яе ліха
З гэтаю хваробай!
Вось тут і гадай ты,
Патыліцу скробай!
От дзе кара божа!..
Ноч, слоць, бездарожжа!

З печы зьлез Лукаш сярдзіты,
Шлёпнуў босаю нагой,
Спатыкнуўся на карыта,
Ў прыпек грукнуў галавой,
Выграб з ямкі вуглёў пару,
Скачуць іскры — злосна дзьме!
Толькі грае бляск ад жару
І дрыжыць у нуднай цьме.
Запаліў Лукаш газьніцу,
Хатку цьмяна асьвятліў.
Злосьць і шкода маладзіцы:
Ці-ж яе ён не лячыў?
Ці ня езьдзіў па знахарках,
Абармотах-знахарох?
Ды што толку ў недавярках?
Хоць адзін з іх ці памог?
Толькі грошы шлі, як сьліна,
Шлі, а помачы няма.

ЛУКАШ

Што з табою, Кацярына?

ЖОНКА

Ох, ня ведаю сама.
Ўсё баліць ва мне, Лукашка!
То ў жар кідае, то ў пот.
Так мне кепска, так мне цяжка!
Рве і тузае жывот.

ЛУКАШ

А мо‘ ліпаў цьвет паможа,
Ці румянак з чабаром?..
Падарвалася, нябожа,
Што ўсё енчыш з жыватом.

Моцна жонка заняпала,
Падкасіла яе хвор.
Лукашу відочна стала,
Што ня вылечыць чабор.
Зьмянілася жонка з твару:
Вочы ўпалі, вытырк нос,
Шчокі чырваны ад жару,
Холад нейкі яе трос.

II

А тымчасам разьвіднялась,
Як Лукаш запрог каня.
Па завугальлю сланялась
Віславухая сьвіньня.
Ціха весьніцы скрыпелі,
Мерна біў у току цэп,
Жорна басам песьню пелі,
Церлі зерняткі на хлеб.
Чуўся гоман каля студні,
Вёдзер стук, дзявочы сьмех,
І ужо гудзеў у кузьні
Кавалёў хрыпаты мех.

Восень позьняя стаяла, —
Час нягоды, халадоў.
Няпрытульна пазірала
З-пад туманаў даль палёў.
З нізкіх сівых хмар, як сьлёзы,
Дожджык падаў, вецер выў,
Ды гудзелі глуха лозы,
Лес маркотна гаманіў.
Цьмяна, глуха, як у скрынцы —
Недалёка, знаць, зіма.
Між прысадаў па гасьцінцы
Нікагусенька няма.
Хто паедзе ў слоць такую?
Хіба гэтака душа,
Што патрэбу мае злую,
Як, сказаць, у Лукаша.

Едзе ён адзін душою,
Закруціўшыся ў бурнос.
Конік клыгае ступою,
Гразь плюскоча з-пад калёс.
Ён ня ў гумары, сярдзіты,
Долю горкую кляне:
„Доля, доля! прападзі ты,
Адчапіся ад мяне!
Ось была дзе яшчэ кара —
Каб яно пашло агнём!
Дарма лясьне рублёў пара —
Счысьціць хвор яе мне дом!
А ці будзе помач тая,
Грошы сып, не пазірай.
Фэльчар здорава зьдзірае —
Мусіш даць, як ні віляй“.

Фэльчар жыў ня так далёка.
Гэта быў стары жыдок.
Ён лячыў усіх „на вока“:
Раіў хіны парашок,
Соль любэрскую, рыцыну
Ад ўсіх боляў ужываў,
Майстар быў ён зрэзаць сьпіну, —
Адным словам, памагаў.

Праз якіх дзьве-тры гадзіны
Едзе з ім Лукаш у двор.
А у беднай Кацярыны
Разрастаецца ўсё хвор:
Стогне, енчыць без прастанку
Пад дзяружкаю старой,
Ня сьціхае боль ад ранку,
Толькі й чуеш — о-ё-ё-й!
Фэльчар зараз распрануўся,
З торбы струманты дастаў,
І Лукаш не аглянуўся,
Як ён банак насмаляў,
Зрэзаў сьпіну і ня знайся.
— Жыва будзеш, не памрэш,
Ачуняеш, ня пужайся —
Кучу хлопцаў навядзеш.
Парашкоў ня ўзяў з сабою,
Дык прышлю на злоты пяць.
Вып‘еш — зьніме, як рукою.
Пойдзеш — дошкі зарыпяць! —

III

Мокры, злосны і галодны
Стаў Лукаш на свой парог,
Азірнуў ён кут свой родны,
Свой нярадасны бярлог.
Азірнуў — і што за дзіва?
Проста хаты не пазнаць.
Жонка зорыць так шчасьліва,
Крыку, енку ня чуваць.
Хусткай чорнаю закрыта
Каля хворае акно,
Стол і лавы — ўсё памыта.
Штоб то значыла яно?
У парадку ўсё, прыбрана,
Як-бы коляды прышлі,
І абрусам стол засланы,
Як, у сьвята да зямлі.
Не адходзячы ад клямкі,
Грозна ён глядзіць у кут.
Лукашу зусім няўцямкі,
Чаго бабка снуе тут:
Бабка ў хаце — гаспадыня,
І за ўсім сама глядзіць,
Ўсюды вока сваё кіне,
Ўсё ў руках яе кіпіць,
Робіць жыва ды рухава.
На ёй белы хвартушок,
Пазакасаны рукава,
Хустка скручана ў кружок,
Ён яе перш не замеціў,
І стаіць, як-бы той слуп.
Ціха ў хаце, змоўклі дзеці,
Ў бабкі сьмех ня сходзіць з губ.

ЛУКАШ

Што вы ўсе папруцянелі?
Ці батрак я вам? слуга?

І ў той момант на пасьцелі
Чуе ён — „куга! ку-га!“
Тут Лукаш ступіў два крокі,
Грукнуў шапкаю аб печ,
Злосна зьняў бурнос шырокі:
— Трэба рэзаць вас і сеч! —
Загукаў ён сярод хаты,
Бровы ссунуўшы на нос.

ЛУКАШ

І чаго-ж мяне лазаты
Чорт па фэльчара панёс?!
Гаварыла-б, што радзіны,
Га, каб вас пабіў пярун!
А то не, лячы ім сьпіны…
Трасцы трэба вам, бізун!
Я гасаю, як сабака,
Ад паўночы да паўдня,
Мокну, гнуся у кульбаку,
Сорак раз зганяў каня.
А той чорт і рад, халера,
Недаверак, лысы пень!
Што яму, сабачча вера,
Каб ён спух у гэты дзень! —

Бабка нораў яго знае,
Толькі-б момант улучыць —
Пройдзе злосьць яго пустая —
Няхай лаецца, крычыць.
А Лукаш у гнеў ўваходзіць,
Хмурыць бровы, зубы сьцяў
І вачамі грозна водзіць,
Хто-б пад злосьць яму папаў.
Вось папругу ён зьнімае —
Пра лякарствы і забыў.
Ці ў кішэнь, ці чорт іх знае,
Ці куды ён залажыў?
Толькі ён расьперазаўся—
І бутэлечкі дзын-дзын!
Лукашоў тут гнеў прарваўся.
— Вот як, я іх, чортаў сын!
Вот як! вот як! — ходзяць боты,
Як калёсы з-пад гармат.
— Прападай, чатыры злоты!!
Падавіся імі, гад!

БАБКА

Ах, Лукаш! які пасьпешны!
Даў прыбытак яму бог…
Ты, Лукаш, сапраўды, сьмешны,
А вось доктар і памог!

Бабка хітра так міргае,
І Лукаш адразу зьвяў:
„А мо‘ й праўда, чорт іх знае!..“
Гнеў яго увесь апаў.
Ён і сам быў рад, прызнацца,
Што такі канец бог даў,
Толькі-ж брыдка зразу здацца.

БАБКА

Ты-б наўперад запытаў
(Бабка бліжай наступае,
А Лукаш даў крок назад).
Сын ці дочка? а то лае…
Сам ва ўсім ты вінават.
Гэт, патрэбны твае страхі.
Ух, як страшна, а-я-яй!
У бабулькі тут з-пад пахі
Вытырк бутлі сьветлы край.

БАБКА

Вось ідзі зірні на сына:
Увесь, як ты, каб я жыла!
Гэта добрая навіна
Ў радасьць бацьку прывяла.

ЛУКАШ

Ты, бабулька, малайчына!
Я даўно ўжо так казаў…
Вып‘ем, бабка, каб бог сына,
Каб усіх нас гадаваў!

1909 г.