Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/За дождж

Доктар памог За дождж
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Паўлюкова бяда
Іншыя публікацыі гэтага твора: За дождж.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗА ДОЖДЖ

I

Ну-ж, была вясна сухая —
Люд такой не памятаў!
Як уляжа, як заграе,
Дык канца сабе ня мае
Сухавей, каб ён прапаў:
Так і дудзіць, так і дудзіць
Ад усходу да цямна,
Проста вушы намарудзіць
І пяскі ў палёх абудзіць, —
Ну-ж, вясна была, вясна!
Ад зімы і да Міколы
Хоць-бы дождж прайшоў на час,
Люд гаротны, невясёлы
Шоў у цэрквы і касьцёлы,
Ў неба глянуўшы ня раз.
Валакліся на малебны,
Каб бог дожджык дараваў,
Дожджык пільна так патрэбны
У той часе ліхі, ганебны
Для збажынкі і для траў.
А той дождж ня вёў і вухам,
Як-бы ён прапаў суздром.
Хоць ты ў неба бі абухам,
Хоць ты дохні пад кажухам,
Хоць у сьценку стукай лбом.
Рэчкі ўсюды памялелі,
Пераходзяць куры ў брод,
І стаяць па дзьве нядзелі
Згоны, зьбіўшыся на мелі…
Эх, марнуецца народ!

Поп і ксёндз не памагалі,
Вецер вухам не павёў.
Хмары спалі, ці прапалі
І на шэлег не зважалі
Ні малітваў, ні тых слоў.

II

У сяле трывога,
Непакой, згрызота,
Охкае Гілёрык,
Божкае Дарота:

„Будзе галадоўля,
Людзям безгалоўе,
Прападзе збажынка,
Зьнішчыцца скацінка…
Дзе той дождж падзеўся?
Што ён так марудзіць?
Божа ты мой, божа!
Што ўжо гэта будзе?“

Загулі кабеты,
Як у вульлі пчолы —
Трэба даваць раду,
Выратоўваць сёлы,
Ліха насланае
Трэба нейк адвесьці —
Ня жывым-жа ў землю,
Родненькія, лезьці!
Ёсьць-жа тут прычына,
Ёсьць яна, няйнача!
Выкрыць яе трэба,
Вось у чым задача.

Можа даўся ў знакі,
Людзям грэх Піліпаў:
Гад, у пост вялікі,
На скрыпулі рыпаў!
Можа, Сёмка вінен,
Што папа аблаяў,
Ды плявузгаў, быццам
Няма пёкла, раю,
І такой распусты
Прыкладаў ня мала:
Грышка спавядаўся,
Нажоршыся сала!
Не шануюць людзі
Ні пастоў, ні сьвята.
Хлопцы, падлы, дураць,
Дураць і дзяўчата.
І калі наогул
Глянуць справядліва,
Папсаваны людзі,
Мілачкі, на дзіва!

Уздыхнула тут цётка Тарэся.
— Дарма, жаночкі, злуяцеся!
Праўда, грэшым мы, грэшым,
Чорта лысага цешым,
Ніводная з нас не сьвятая,
Толькі-ж прычына ня тая,
А паслухайце лепей мяне вы:
Усё ліха пашло ад Матэвы!
Гэта ён, ліхадзей,
Наклікаў бяду на людзей!
Ну, дзе-ж быць дабру, падумайце самі,
Плот гарадзіў між Юр‘ямі!
Я й казала: „Кінь трапёны!
Хто гародзіць між Юр‘ёў?!
А ён — гэта забабоны!
Напляваць на іх! — Шалёны!
Лаяў, гад, з апошніх слоў
Старасьвецкія ўстановы,
І дзядоў не шанаваў.
А ня цяміў, безгаловы,
Што, стаўляючы плот новы,
Суш тым самым наклікаў.
Вы-ж на кем вазьмеце самі,
Хіба можна так рабіць —
Нішчыць звычай, што ня намі,
А складаўся ўжо вякамі,
І вякі ён будзе жыць?

III

Вось дзе яна, тая прычына!
І дзіва, што дожджу няма!
Ах, Матэва, Матэва-чума!
Ах, паганец-жа ён, лайдачына!

Напусьціліся адразу
Цёткі на Матэву.
Разарваць яго, заразу!
Прывязаць да дрэва!
Абармот ён, абармот!
Вось зрабіў хто шкоду!
Зьнішчыць к чорту гэты плот
Каб ня была смроду!
— Ой, гарачкі не парэце!
Як рабіць, то ўжо рабіць.
А ня бух-барах!.. Маўчэце!
Так ня робяць справы ў сьвеце:
Мала плот той разбурыць!—
На пляцформу выступае
Кацярына Верабей
І адразу ўсіх спыняе
І на свой бок пахіляе,
Ды сама ўжо вядзе рэй:
— Трэба ў ночачку да ўсходу
Двойчы Нёман праараць,
Каб адвесьці перашкоду,
Ды самым саху па броду,
Жаначкі, нам пацягаць
І тады ўжо плот мітрэжыць,
Каб ён там і не сьмярдзеў.
Так, жанкі, рабіць належыць,
Каб паветра нам асьвежыць,
Каб мінуў нас боскі гнеў.—

І што скажаш насупроці?
Праўда ўсё, вядома рэч,
Дык маўчы і не пярэч:
Справа тут не ў адным плоце.

IV

Ночка. Хаты, бы сьляпыя,
Цёмнай плямаю стаяць.
Глухі вуліцы пустыя.
Моўчкі вербачкі крывыя
Думку нейкую таяць.
Дзесь агоньчык над ракою
Прабіваецца скрозь мрок
Ды працягла сьвіст парою,
Сэрца рэжучы жудою.
Нудна коціцца здалёк.

— Ціха вы, не гаманеце,
Бо абудзіце сяло!
Соху ў Дворны брод нясеце…
Юзя, Ганна! не драмлеце!..
Стой! куды вас панясло?
Ды скарэй адно, скарэй!—
Кацярына вядзе рэй,
Так і звоніць, бы званок,
Ды парадкуе жанок,
Прызначае ролі
Тэклі і Аўдолі,
Зосі і Настулі,
Каб саху цягнулі. —
— А ўжо ты, Марыся,
За рагач бярыся,
Або ты, Агата,
Будзь у нае араты. —

Прыпынілі жанкі гоман
Ды з сахою йдуць на Нёман,
Ідуць важна, урачыста,
Каб зрабіць, як ёсьць, начыста —
І замкнёны дождж, як трэба,
На зямельку зьвесьці з неба.

Вось і Нёман мелкаводны,
Бесстароньні і халодны,
Гоніць-коціць ерэбра-хвалі
На заход у тыя далі.
Месяц круглы бледналіцы,
Як пірог той на паліцы,
Сьвеціць шчыра, колькі можа
З палавіны падарожжа.
Ясны месячык! Ты многа,
Ціха сьвецячы ўначы,
Бачыў сьмешнага і злога,
Ды ня выказаў нічога,
І цяпер ты памаўчы.
Паднялі жанкі падолы
Ды аруць пясочак голы,
Раз прайшлі з сахой па бродзе
І другі прайшлі і годзе.
Зноў гуртом нясуць саху
І хаваюць пад страху,
Бо мужчын яны баяцца —
Ім-бы толькі выскаляцца,
А ў Каруся Дзівака
Год ня сойдеш з языка.

V

Нарабіў клапот
Той Матэваў плот!
Каля таго плоту
Расчалі работу:

Валяць гуртам жанкі нашы,
Як гавяда ўвесну з пашы,
Іх вядзе Тарэся
І вядзе пад плот Матэваў,
Пад той плот, што дождж угневіў,
Сьвет яму завесіў.
Сам Матэва дзесь на сплаве,
Сын Матэваў сьпіць на лаве,
Ды ня сьпіць Аўгеня.
Пад свой плот імчыцца лётам,
Прытаіла дух пад плотам,
Цісьне кій у жмені,
Бо хто-ж, беднай, ёй паможа,
Як ня гэты ёмкі вожаг,
Плот абараніці?
Прагна ловіць вухам зыкі,
Чуе — тлум ідзе вялікі,
Ловіць словы-ніці.
А Тарэся — вось хвароба! ―
Сыпле словамі, як бобам,
Вось ужо здалася!
Няма конца таму сьпеву
І ўсё плешча на Матэву!
А, каб ты спраглася!
„Ну, чакай-жа ты, брахуха!
Што-ж ты плешчаш, падла-шлюха?
Дакраніся плоту,
Адаб‘ю ахвоту!“
— Вось ён плот, няшчасьце наша!
Тут заварана ўся каша!
Раскідайце чортаў плот!
— Раскідаць мой плот?! папробуй!..
Ах, ты, гадаўка, хвароба!
Абармот ты, абармот! —
І Аўгеня―шусь з засады,
Не яна—дасьць вожаг рады,
А Тарэся—крок назад.
Анямелі жанкі нашы,
Так іх вожаг той настрашыў,
Не кабета, а вар‘ят!
Няўжо-ж марна іх турбота?
Нё-ж назад вярнуць ад плота?
Не, пастой, брат, дудкі!
Не дажджэцца яе ліха,
І Тарэся, як ваўчыха,
Налятае хутка.

ТАРЭСЯ

Не палохай, не палохай,
Шлюндра ты і замазоха!
Не махай мне кіем!
Распусьціла губы-трубы!
Як махну, дык зьбярэш зубы
І нятак завыеш!

АЎГЕНЯ

Ах, ты кручаная сука!
З за цябе ўвесь сьвет гарыць.
Гэта ўсё твая навука!
Ўсюды поўзаеш, гадзюка,
Каб каго дзе падкусіць,
Каб цябе нуда кусала,
Каб ты поўзала сама,
Каб спакою ты ня знала
І дзяцей не аглядала,
Каб цябе ўзяла чума!
Каб ты, даў бог, піць маліла,
Сама стоячы ў вадзе,
Каб на горах ты хадзіла,
Ды каб сонца не сьвяціла
У вачох табе нідзе!

ТАРЭСЯ

А каб ты крычала на свой жывот!
Каб табе язык павесілі на гэты плот!
Гарадзілі яго, каб табе загарадзіла вочы!
Каб ты-ж век тут хадзіла па ночы!
Каб ты не даждала сьвятой нядзелі!
Каб на твой язык скулы паселі!
А каб цябе задушылі залозы!
Каб праз твае рэбры сена цягалі козы!
Каб цябе заела нуда!
Брыда ты, брыда!
Падла насатая,
Ведзьма праклятая,
Заткала дурное!..
Вон пашла ты, ліха насланое!

АЎГЕНЯ

Ой, ты мешалка, завала!
А няшчасны квач!
Каб мяне яна вон гнала?!
Вось табе — пабач!
Павярнулася Аўгеня
Дынамічна, шустра
І зьбянтэжанай Тарэсі
Паказала… „люстра“!

Не сьцярпела Тарэся абразы,
На Аўгеню насела адразу,
Ды Аўгеня стала рубам —
Як-бы дуб саткнуўся з дубам!
Загулі яны, як восы,
Міг адзін — і хоп за косы!
Зашчамілі зубы,
Гыркнулі ад злосьці,
І няма тут жалю,
Ні тае літосьці.
— Ну, што? зьела?
— Што? ўкусіла?
— На табе!
— На і табе! —

Хвіга двойчы ўжо схадзіла,
Двойчы ім насы чапіла
І праехала па лбе.
І прымоўклі. Ня пускаюць
З рук суседзкіх валасоў,
Толькі зрэдка прагукаюць,
Калі трапна адшукаюць
Забіяцкіх пару слоў.
— Сунастка!
— Капач!
— Мешалка!
— Квач!
— Заткала!
— Брында!
— Задрыпа!
— Дзындра!
— Ну, пусьці!
— Сама пусьці!

І ня хочуць, ці ня могуць
Компромісу тут знайсьці
— Ну, што будзе?
— Скула будзе!
— Табе трасца!
— Табе дзьве!
І запыняцца, марудзяць
А іх рукі ў галаве.
― Ну?
― Гну!
— Каб цябе сагнула ў дугу!
― А каб цябе скруціла ў качаргу!

Перапынак, перадышка.
— Годзі! будзе вам, нябож!
Ну, палаяліся крышку,
І так будзе, дасьць бог, дождж. —
Іх тут годзяць
І разводзяць,
А яны,
Як бараны,
Пашчапляліся і квіта,
Толькі пыхкаюць сярдзіта.

Яны-б рады кончыць бойку —
Хіба-ж лёгка ваяваць?
Але як з вайны ім выйсьці,
Каб свой гонар захаваць?

— Ну, што будзе?
— А ня знаю!
— Дык пусьці!
— Пусьці сама!
— То-ж табе пусьціць я раю!
― Дык турбуешся дарма!
— Дык ня хочаш?
— Не, ня хочу!
Ты пусьці, пушчу і я.
Асядае пыл жаночы.
— Пусьці, ягадка мая!
— Ты пусьці, галубка!
— Не, пусьці ты, любка!
― Я пусьціла!
― І я пусьціла.

Так і кончылася чубка.

— Ха-ха-ха! глядзі, Тарэся:
Хмара прэцца ўжо, ды як! —
Зірк ― стаіць Карусь Дзівак!
― Слухай! дождж шуміць па лесе! ―
І рагоча, аж трасецца,
Аж дрыжыць яго гарляк.

1909 г.