Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Паўлюкова бяда

За дождж Паўлюкова бяда
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Батрак
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўлюкова бяда.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЎЛЮКОВА БЯДА

I

На дварэ даўно сьцямнела,
Людзі ў вёсках леглі спаць,
Толькі моладзь не хацела
Слаўны вечар пакідаць,
І дапраўды: быў прыўдалы
Першы цёплы вечарок!
Прэльлю пахнуў грунт адталы,
Глуха булькаў ручаёк,
Аб вясьне разносіў весьці
Мілым шэпатам сваім.
Сьмех дрыжэў у адным месьце,
Песьні чуліся ў другім.
Так зычліва зьзялі зоры,
Мабыць радыя вясьне,
А зьнямелыя прасторы
Штось таілі ў цішыне,
Мусіць радасьць, бо дзяўчата
Сьпевы ладзілі ў сяле,
А Паўло, йдучы да хаты,
Быў зусім навесяле.
„Ці тая дарога,
Ці ня тая?“
Сам сябе, нябога,
Ён пытае.
Дзе ты ходзіш, Паўлючок,
Гэтак позна?..
Ну, ну, годзі!.. маўчок.
Выпіць можна!
Пі, але розум май,
Меру, браце,
І парадак трымай,
Вядзі ў хаце!
Чалавек-жа з цябе
Ой, гаручы!
Кожны д‘ябал скубе,
Гад сьмярдзючы!
Не адзін-жа такі
Ты на сьвеце.
Плюнь, Паўлюк! Паўлюкі
Пацярпеце!
Ды чаго мне цярпець?
Што цярпеньне?!.
Ша, Паўлюк: ня дурэць ―
Тут каменьне!
Ой, глядзі, там раўкі…
Стой ты, морда!..
Не, Паўлюк не такі,
Ідзе цьвёрда!
Не ўпадзе, не ўпадзе,
Хоць і вып‘е.
Гартаваны ў бядзе,
Не, ня грыб я!..
Стой!.. Бадай-жа ты спух —
Паваліўся!
Ну, і зух з цябе, зух!
А хваліўся!
Пачакай, не пары
Так гарачкі!..
Ах, ядры, да ядры
Тваю качку!
Ці-ж ня бачыш, дурны,
Ты прычыны?
Вінаваты яны,
Раўчавіны!
Тут ня хмель вінават
І ня ногі.
Паднімайся, мой брат,
Ня будзь строгі!..
Дзеткі… эх, бедакі!
І ты, жонка!
Тата ваш не такі —
Ёсьць скарбонка!
Ось дзе, ось дзе яны,
Грашаняткі!
З імі будзем паны,
Небажаткі!
Зарабляў ад каляд
Усю зіму,
Не паддаўся ты, брат,

І Яхіму!

ІI

Вось я й дома, дзякуй богу! —
Сам сабе сказаў Паўлюк: —
Расьцягнуў-жа чорт дарогу —
Унь які зрабіў ты крук!..
Эх, ня хата, а хібарка!
Цыц! замкніся, Паўлючок!
Сьпеце, дзеткі! сьпі ты, Дарка, —
Павал п‘яны, як глячок! —

Прытуліўся ён да плоту,
Нібы ўжо ў сваім куту,
І скрозь п‘яную дрымоту
Меле розную лухту.
У яго мазгох зацьменьне,
І здаецца Паўлюку,
Што ён сеў не на каменьне,
А на печы у кутку.
Праўда, печ халаднавата,
Дый адкуль там быць цяплу?
Ветрам шыта яго хата
І ліпіць, як на калу,
Сьцены тонкі і дзіравы.
Гвалт крычы хоць — няма дроў.
Холад злосна дзьме з-пад лавы,
Як-бы мех той кавалёў.
„Бадай вас спалілі дымы,
І хаты такія і печы!
Няма, відаць, горшай турмы,
Як гэты прыпынак галечы,
Дзівота, які ты жывучы,
Ну, проста, як кот! —
І вешае Павал анучы
І лапці на плот.

„Хай за нач прасохнуць на печы:
І выпіў ты, Павал, а робіш дарэчы!“

І грошы дастаў ён з кішэні,
Памацаў квіткі,
Іх трохі пагоцкаў у жмені
Ды ў плот пад віткі!

„Нашто ў кішэні іх дзяржаць?
Няхай пад балькаю ляжаць:
Засьнеш—
Памнеш!
А заўтра ўставай, брат, раней…
Але-ж дзьме, падла, з сяней!

Вось сяк-так прымайстраваўся
На халодных камянёх,
Зьвіўся ў крэньдзель, скарцаваўся
І заснуў, як толькі лёг.


Прачнуўся назаўтра Паўлюк,
Зірнуў на пасьцель,
І ног ён ня чуе і рук,
Прапаў яго хмель.
Цоп за кішэню, другую, —
А грошай няма!
І пазуху вытраc пустую,
Калошы — дарма!
Агледзіў усе закарвашкі,
Каменьне і плот,
І ўздых вырываецца цяжкі,
І кідае ў пот.
Нуда агарнула такая,
Зьнямеў чалавек!
І грошай ён больш ня шукае —
Прапалі навек!
Бы сьціснуў яго у самоце
Жалезны абруч…
Вісяць адны лапці на плоце
Ды пара ануч.

1910 г.