Над Вільлёй ракой,
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Ні-то лом-ламок,
Ні-то дом-дамок
Там віднеецца.
Слаўны Гэдымін,
Князь Літвы — літвін,
Душа чынная,
Многа лет таму,
Ў гэтым жыў даму,
Жыў з дружынаю.
Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў,
Сьцяной крэпкаю;
Не аднэй бітвы
Тут сыны Літвы
Былі сьведкаю.
Сышоў век, другі,
І князі, багі,
Ўсё Літоўскія,
Уцяклі з зямлі,
І дзянькі пашлі
Нетакоўскія.
Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
Цэгла валіцца;
Нават гнёзды віць
Птушка не ляціць, —
Знаць, пужаецца.
Адно йдуць сюды
З гарадзкой нуды
Адказеліцца
Бедната і „знаць“ —
Віды аглядаць,
Што ў ног сьцелюцца.
Ды, як згасьне дзень,
Ночкі ляжа цень
Над дамочкамі,
Людзкіх шэптаў тут
Повен кожны кут
Пад кусточкамі.
А сівою мглой
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Ні-то лом-ламок,
Ні то дом-дамок
Там віднеецца.
|