Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Зімой у лесе

Зазімак Зімой у лесе
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Кат
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зімой у лесе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМОЙ У ЛЕСЕ

І лягла-ж цішына
У бары за гарой, —
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.

Сьнег пушаны залёг
На галінах сасон,
І чарнобель, і мох
Атуліў сабой ён.

Сокат птушак замёр,
Як-бы поўнач была,
Адно сьвісьне тапор
Ды зазвоне піла.

Гэта сілу сваю
Так прабуе мужык;
Рухнуў дуб на зямлю,
Як магуч і вялік…

Далей — глуш, цішына
У бары за гарой, —
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.