І неба цямнейша ад сажы,
І крык далятае савы,
Падводзяць кабеціну стражы:
Ім трэба яе галавы.
Ўжо вісельня к дзелу гатова,
Гатова людзям паслужыць:
Слупочкі і роўны, і новы,
Пятля на пярэчцы вісіць.
Вяроўкаю вецер махае,
Варушыць асіна зямлю,
Ля століка кат пахаджае,
Намыліў сьлізгуча пятлю.
Рыхтуецца сьмелы, ахвочы,
На ўсходцы ахвяру вядзе;
Закрыты кабеціны вочы,
Ланцуг на руцэ і назе.
Кат глянуў на бабу, на неба,
Уніз на людзей, на зямлю,
Пятлю залажыў, як і трэба,
Пятлю ён на шыю… сваю.
Кабета зьляцела з усходаў,
І столік за ёю зьляцеў,
Пачуліся крыкі з народу,
Што тут-жа стаяў і глядзеў.
.............
Хістаецца труп на вяроўцы;
Кабета прыпала да ног,
І вырвалась страшнае слоўца:
„Сыночак, мой родны сынок!..“
А неба ўсё чорна, як сажа,
І крык далятае савы,
Падводзяць кабеціну стражы:
Ім трэба яе галавы.
|