Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/З кірмашу

Бяжыць шыбка ручаінка… (Песьня) З кірмашу
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Хатка
Іншыя публікацыі гэтага твора: З кірмашу (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З КІРМАШУ

Я іду з кірмашу,
Ногі барануюць,
Вочы ані бачаць,
Вушы ані чуюць.

Ночка намагае,
Да сяла далёка,
Хітра пазірае
Месяц-ляжыбока.

Чорт зашоў дарогу,
Панічом зрабіўся
І на вуха шэпча
Нешта аб Марысі.

Што мне ўсё тут знача?
Панам я сягоньня!
Па калені мора,
Еду на сто коні.

Чорту аплявуху —
Зайцам абярнуўся
І ў лес пакаціўся,
Ані азірнуўся.

Ну, валяйце далей,
Ногі-мімаходы!
Вёска недалёка,
Зажывём выгодаў.

Эх-ці!.. Дома баба
Не прапусьце ціха;
Ну, мы ёй пакажам,
Пачом фунцік ліха!

Як палезе шэльма,
Жалам вельмі дойме,
Скажу, што дарогай
Чорт шаптаў аб ёй мне.

А во ўжо і хата;
Галава ўсё слаба…
Лягу пад паветкай —
Сьпі адна там баба!