Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Над калыскай

Сірочая доля Над калыскай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
На дудцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над калыскай (Люлі, сьпі, мой сынку!..).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД КАЛЫСКАЙ

Люлі, сьпі, мой сынку!
Годзі плакаць, драцца!
Зашануй сьлязінку:
Некалі прыдасца.

Глянуць з неба зоры
На жыцьцё, на беды;
Пойдзеш ты з пакорай
Свайго бацькі сьледам.

Вырасьцеш, дзіцятка,
Сасьніне па вуха,
Будзеш дуж, мой братка,
Як мядзьведзь-маруха.

Толькі будзеш ніжай
Беднаты пакорнай,
Не пазбудзеш крыжа
Сваёй долі чорнай.

Сьцяжыну блудліву
Нойдзеш ты за хатай,
Зьмерыш сьвет шчасьліва,
Не спаткаўшы брата.

Сам скуеш ты путы
Гора векавыя,
Сам саўеш пятлю ты
На сваю ты шыю.

Зыдзе год за годам,
Зыдзе чарадою,
Буры, непагоды
Сьвіснуць над табою.

Ты з мучэньнем зжыўся,
Давядзе да рэшты:
Бедным нарадзіўся —
Бедным і памрэш ты.

Дык-жа сьпі, мой сынку!
Годзі плакаць, драцца!
Зашануй сьлязінку:
Некалі прыдасца.