Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/На дудцы

Над калыскай На дудцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З песень аб мужыцкай долі
Іншыя публікацыі гэтага твора: На дудцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ДУДЦЫ

Як-жа можна ў маёй хаце
Жыць долі,
Калі хлеба ёй ня хваце
І солі?

З маёй хаткі пацех мала,
Як з лому;
З страхі бура пазьдзірала
Салому.

На падпорах сьцены, шульле
Гнілыя;
Вецер чуць не перакуле,
Як вые.

А праз нізкія ваконцы,
Як ночай,
Хоць-бы глянуць ясна сонца
Ня хоча.

Вясна з голадам прыходзе
Заўсёды,
І благія шле разводзьдзе
Прыгоды.

Летам — праца, пот сплывае
Ракою.
Што засею — град зьбівае
Бяз бою.

Прыдзе восень, золка стане —
Час цяжкі;
Па пустым таку б‘е з раньня
Цэп важкі.

А зімой завеі ў полі
Гуляюць,
Хаўтуры па маёй долі
Спраўляюць.