Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Ночка

Завітаў Пятрок… Ночка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Стужа збліжаецца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ночка (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧКА

Лягла туманом
Ночка на дварэ,
Зваяванай сном
Зямлі гоман мрэ.

Пусткаю аднэй
Поле, сенажаць, —
Ня відаць людзей,
Песень ня чуваць…

Пад ляском начлег
Распаліў агонь;
Заяц перабег,
Путам бразнуў конь.

Чуй! трывожыць сны,
Хвілі забыцьця,
Совы, кажаны
Лезуць з укрыцьця.

Недалёкі бор
Абярнуўся ў шум;
Цёмен, глух прастор,
Жудак, повен дум;

Повен ценяў, мар…
Штось трасе душой, —
Нейкі страх і чар
Ноч нясе з сабой.