Сонца хаваецца ў хмары,
Золкай слатой неба жаліцца,
Каўкі заслалі папары,
Чорна снуюцца, як мары…
Стужа збліжаецца.
Бусел сялібу пакінуў,
К вылету ў вырай зьбіраецца,
Лісьце скідае рабіна,
Так ня бушуе скаціна…
Стужа збліжаецца.
Людзі няўтульна схмурнелі,
Песьні ня так разьлягаюцца,
Дрож прабягае па целе,
Ціснуцца к хаце, к пасьцелі…
Стужа збліжаецца.
Нудна… Сяджу адзінокі, —
Думы дакучна чапляюцца,
Сьніцца край лепшы, далёкі,
Жаль падступае глыбокі…
Стужа збліжаецца.
Глуха прашлі год за годам,
Дні, што ідуць, ня ўсьміхаюцца,
Моладасьць з вольным паглёдам
Гасьне пад горасьці лёдам…
Стужа збліжаецца.
Цёмнасьць расставіла сеці,
Сьлёзныя віхры ўзьнімаюцца.
Губяцца сілы ў расьцьвеце…
Божа, як жутка на сьвеце!
Стужа збліжаецца.
|