Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Бабулька-прадаўчыца зёлак

Лапці Бабулька-прадаўчыца зёлак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Старцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бабулька — прадаўчыца зёлак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАБУЛЬКА—ПРАДАЎЧЫЦА ЗЁЛАК

У Менску на рынку,
Ў канцы агароды,
Бабулька старая
Садзіцца заўсёды.

Усякія зёлкі
На рынак прыносіць,
І людцаў прахожых
Купляць у ёй просіць.

Ляжаць перад бабкай,
Ці вечар, ці ранак,
Пучкі дзівасілу,
Чабор і румянак.

Ад кожнай хваробы
Ё зёлкі, карэньне;
Лячыць можа імі
Падвей, парушэньне.

І любчыку нават
Дасьць вам пад сакрэтам,
Ды наўча, як зводзіць
Любізьнічкам гэтым.

І ўсякіх, усякіх
Дастанеце лекаў,
Якіх толькі людзі
Ня зналі ад векаў.

Шмат летак бабульцы:
Трасуцца ўжо рукі —
Ёсьць пэўна унукі,
Э! нават праўнукі.

Усяк ёй жылося
На сьвеце на божым —
І смутна, самотна,
З хлопцам прыгожым,

І сьлёзы ліліся,
І песьні зьвінелі,
Малойцавы грудзі
Туліла ў пасьцелі;

Ды ўсё-ж праляцела,
Як яснай маланкай;
Сьпяць думкі і песьні,
Ў магіле сьпіць Янка.

Эй, моладасьць-радасьць
Мінула ўдалая!
А старасьць-няўдаласьць
Ніяк ня мінае.

І кепска бабульцы:
Сівая, худая,
Брак сіл працаваці,
Дык зёлкі зьбірае.

Нясе іх да Менску,
На рынку садзіцца,
Збывае і вуча,
Як трэба лячыцца.

А можа паможа
Душы хоць адной дзе,
І праца бабулькі
На марна ня пойдзе.