Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Вось тут і жыві…

Ад рана да рана… Вось тут і жыві…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Гоніш мяне, панічок…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вось тут і жыві…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЬ ТУТ І ЖЫВІ

Няма хлеба, няма солі, —
Чужому рабі;
Няма шчасьця, няма долі; —
Вось тут і жыві!

Во зіма, — мароз вялікі, —
Дровы ў Менск цягні;
Дзеткі зьмёрзьлі: енкі, крыкі, —
Вось тут і жыві!

Прайшла зімка, цёпла стала,
Вясна на зямлі,
А тут корму, хлеба мала, —
Вось тут і жыві!

Вясна, лета — час рабочы:
Ары, касі, жні;
Пот крывавы заліў вочы, —
Вось тут і жыві!

Прайшло лета, прышла восень, —
Падаткі нясі,
А дзяцей абдзёртых восем! —
Вось тут і жыві!

Вот і будзь шчасьлівы, браце,
Долі не кляні:
Холад, голад, бяда ў хаце, —
Вось тут і жыві!

Працуй цяжка дні і ночы,
Пагарду цярпі;
Сказаў праўду — дзяруць вочы, —
Вось тут і жыві!

У палацы п‘юць, гуляюць,
Сьвецяцца агні:
Мяне-ж з хаты выганяюць, —
Вось тут і жыві.