Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Гоніш мяне, панічок…

Вось тут і жыві… Гоніш мяне, панічок…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З песень безьзямельнага
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гоніш мяне, панічок…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГОНІШ МЯНЕ, ПАНІЧОК…

Гоніш мяне, панічок,
Ды ня ў пору з хаты,
Што я бедны мужычок,
Доляй не багаты.

Гоніш з хаты, хаця я
Плаціў акуратне,
Хоць за гонькі, дом з гнільля
Драў ты грош астатні.

Ці-ж на тое табе бог
Даў багацьця болей,
Каб ты бедных душыць мог,
Як быкоў у полі?

Гэй, з табой-жа мы браты,
Як лічыць з Адама,
А ты гоніш?!.. Каб-жа ты
Цягаўся таксама!

Каб цягаўся рабаком,
Бо рабак ты з сьмецьця, —
І пазнаў, як бедаком
Кепска жыць на сьвеце!