Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Вясна

Засьвяціла цяпло… Вясна
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З песень аб вясьне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясна (Ой, вясна, ой, вясна!..).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНА

Ой, вясна, ой, вясна!
За душу ты мілей, —
З табой доля ясна,
З табой жыць весялей!

Як зьявілася ты,
Лес іначай шуміць;
Узлажыўшы лісты,
Як пан думны, стаіць.

Ты зялёнай травой
Скрыла чорну зямлю,
І прызвала сабой
Усіх к працы, к жыцьцю.

Гоман птушак-пяюх
Льлецца ў вушы твае,
На жалейцы пастух
Галасіста пяе.

Чуць заняўся усход
Неба яснай зарой,
Прэ на поле народ
З бараной і сахой:

Працавітай рукой
Засявае шнурок…
Ой, радзі, божа мой,
На пацеху хлябок!

А далей паглядзі, —
Там дзяўчаткі стаяць,
І з дзявочай грудзі
Песьні громка ляцяць.

Адным словам, кругом,
Вясна, права тваё!
З цябе долю бяром
І салодзім жыцьцё.

Засьвяці-ж ты, вясна,
Сваім бляскам для нас,
Калі сэрца, душа —
Сьпяць у чорненькі час!

Засьвяці, калі мы
Абліёмся сьлязьмі,
Разбудзі нашы сны!
Душу, сэрца вазьмі!