Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Гарэлка

Кепска… Гарэлка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Чаго нам трэба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гарэлка (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАРЭЛКА

Атрутай маею
Хто стаў залівацца,
Астаўце надзею
Мець шчасьце у хатцы.

Мець шчасьце, багацьце,
Жыць згодна з раднёю,
Спакою зазнаці,
Ня плакаць душою.

Я з дзеткамі, з жонкай
Дзень кожны паваджу,
Зазнацца з палонкай
Пад‘юджу, параджу.

Маёй як атрутай
Душу атуманіш,
І мысьлі паплутаў,
І сьветла ня глянеш.

Ўсе людзі — дружочкі,
Ня людзі — анелі!
Адрокся-б сарочкі,
Каб толькі хацелі.

Такім добрым будзе
Той п‘яны бяз меры,
Хоць будуць-жа людзі
Глядзець, як на зьвера.

Хоць будзеш ты горай,
Як зьвер, выглядаці,
О, зьвер без пакоры,
Што шоў-бы кроў ссаці.

На лоб павылазяць
Чырвоныя вочы,
І воблік твой сказяць,
Твар плямы абскочаць.

Расхрыстаеш грудзі
Ты, п‘яны гуляка,
Язык-жа твой будзе
Брахаць, як сабака.

О, дзікім, о, страшным
Зраблю без прагляду.
Га! бойся, няшчасны,
Быць пад маёй ўладай.

Сягоньня шчасьлівы,
Як мною зальлешся,
А заўтра, о дзівы!
Піць больш заклянешся.

І каяцца будзеш,
Мяне праклінаці,
І сам сябе злудзіш, —
Карчомкі ня знаці.

Парваць-жа ня меціў
Маіх, брат, кайданаў,
Праходзе дзень трэці,
Ты йдзеш ужо п‘яны.

Атрутай маею
Хто стаў залівацца,
Астаўце надзею
Калі-будзь расстацца.