Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Да песень

З маіх песень Да песень
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Да сваіх думак
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да песень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ПЕСЕНЬ

Песьні мае, песьні!
Смуткаў маіх дзеці,
Калі-ж вам час прыдзе
Весела запеці?
Ой! сваю ды з вашай
Роўну долю бачу:
Плачаце вы, песьні,
І я з вамі плачу.
Хацеў-бы вас, песьні,
Зрачыся, пакінуць, —
Сілачкі-ж мне мала,
Буду ўжо так гінуць.
Выплакаў вас сэрцам,
Высьніў вас душою,
Б‘ючыся з нядоляй,
Б‘ючыся з бядою.
І цяпер за мною
Ходзіце вы ўсюдах —
І вясной па траўцы,
І ў восень па грудах,
Па сьнягу зімою,
Па загонах летам;
Вы мяне спазналі
З горам, з людчым сьветам.
Шмат чаго нагналі
Мне ў душу смутную,
І йшчэ знаю, знаю,
Шмат чаго пачую.
І так мне здаецца,
Колькі ні тужыці,
Са мной вы, я з вамі
Вечна будзем жыці
Толькі, мае песьні,
Смуткаў маіх дзеці,
Калі-ж вам час прыдзе
Весела запеці?!