Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Да сваіх думак

Да песень Да сваіх думак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Думкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да сваіх думак (Думкі, думкі-весялушкі!..).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА СВАІХ ДУМАК

Думкі, думкі-весялушкі!
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песьняй азваліся?

Ці навеяў вецер вольны,
Што па горах скача,
Што у плоце, як бяздольны,
Па сіротках плача?

Ці бурлівыя паводкі
З вадой вас прыгналі,
Што вясною час кароткі
Зямельку змывалі,

Затаплялі, залівалі
Даліны і горы,
Аж сябе ў моры схавалі,
У глыбокім моры?

*

Думкі, думкі-весялушкі,
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песьняй азваліся?

Ці зрадзіў вас дух збадзяны
У хатцы дзюравай,
На зямельцы акаванай,
Бязвольнай, бясправай?

Ці ў калысцы у ліповай
Са мной узрасьлі вы,
Як дзіцём вучыўся мовы,
Вясёлы, шчасьлівы?

Сьвет здаваўся ясным раем,
Людзі — без аблуды,
Не калолі у няволі
Жыцьцявыя груды!

*

Думкі, думкі-весялушкі,
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песьняй азваліся?

Ці навеяў віхар з поля,
Як лісткі з бярозы?
Ці зрадзіла вас няволя,
Ці гора, ці сьлёзы?

Ці прыгожая дзяўчынка
Ў вуха нашаптала,
Што вачыма, як лучынка,
Міленька міргала?

І бажылася кахаці,
Век не пакідаці,
Разам гора гараваці,
А потым… ну, што там!?

*

Думкі, думкі-весялушкі,
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песьняй азваліся?

Ці вас выараў сахою
На шнуры вузенькім?
Ці вас выкасіў касою
На сіўцы сівенькім?

Ці вас выкапалі людзі,
Як праўду хавалі?..
Ачарнілі фальшам грудзі
І помстай шакаляй.

Відмы сьмерці і разлукі
На скаваных сеюць,
Ў крыві братняй мочаць рукі,
На трупох шалеюць!..

*

Думкі, думкі-весялушкі,
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песьняй азваліся?

Гэй-жа, думкі, громка пейце,
Покуль сэрца б‘ецца!
Громка пейце, не жалейце,
Што там хто сьмяецца!

Прыдзе хвіля і вас міла
Нехта прывітае, —
Можа хоць дзяўчынка тая,
Што мяне любіла!

Прыдзе хвіля, — поймуць людзі,
Дзе праўда зарэе…
Пейце-ж, думкі, шчасьце будзе,
Ночка разаднее!