Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Зіма

Ой, чаму на хаты гэтыя?.. Зіма
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Мая хатка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зіма (Прыйшла зіма халодная…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМА

Прышла зіма халодная,
Нягодная зіма, —
Цярпі, зямелька родная,
Няма жыцьця, няма.

Прыцьмілась сонца яснае,
Прыціх шум баравы;
На полі пустка страшная —
Ні збожжа, ні травы.

Сьнег белы мёртва сьцелецца
Пасьцеляй грабавой,
Сапе, шуміць мяцеліца,
Мяце сьнег, як мятлой.

Мароз, як кат бязжаласны,
Ў лёд рэчкі акаваў,
Стральбой сваёй бязрадаснай
Па сьценах біць пачаў.

Стральбой сваёй праклятаю
Ў лёт слабых птушак б‘е,
Пры хаце і за хатаю
Спакою не дае.

Хаваюцца ў будоўліны
Жывёла і народ, —
У сьнег зямлі абноўленай
Ня міл для іх паглёд.

Ваўкі па сьцежках шляюцца
І ночкаю, і днём,
І жутка разьлягаюцца
Магільніцкім выцьцём.

О, гора падарожнаму
Іх стада напаткаць!
Ня жыць неасьцярожнаму,
Радні не аглядаць.

І вырвуць вочы ясныя,
І выхлебаюць кроў,
І пойдуць далей, страшныя,
Шукаць ахвяр ізноў.

Ой, жудасна-халодная
Ўзгулялася зіма,
Цярпі, зямелька родная,
Няма жыцьця, няма.

Цярпі, старонка родная,
Мучэньне пі да дна, —
Міне зіма нягодная
І ўскрэсьне зноў вясна!