Дарогай шырокай, з дарогі нялёгкай,
Дый многа бяз ліку гадзін,
На кій абапёрты, стары і абдзёрты,
Ішоў падарожны адзін.
Ішоў ён да вёскі, што блізка дарожкі
У полі пад лесам была;
Там некалі даўна ён жыў добра, слаўна,
Там моладасьць-радасьць прашла.
Там кінуў ён хатку і бацьку, і матку,
І жонку пакінуў сваю,
І дзетак маленькіх, прыгожых, міленькіх,
Пакінуў усю там радню.
У дальняй старонцы лет многа бясконца
Пражыў у бядзе ён цяжкой;
Ні шчасьця, ні долі ня бачыў ніколі,
Бядуючы сьлёзна парой.
Цяпер на зямельку, сваю карміцельку,
Прышоў, каб пабачыць сваіх,
Убачыць каб хатку і бацьку, і матку,
І дзетак — калісьці малых.
Ідзець ён, падходзіць і вёску знаходзіць,
Таксама, як жыў ў ёй, глядзіць:
І хаты-ж такія — гнілыя, старыя,
Карчомка таксама стаіць.
Тут хата Захаркі, там Ёські, Ганчаркі,
Там Янкава жонка жыве,
Тут кум Давідзёнак, там сват Міхальчонак,
Там Сорка, што соль прадае.
А вот і садочак, а вот і дамочак
Даўнейшы яго тут відаць,
Во ганак той самы, з нізкімі вакнамі, —
Будынкі таксама стаяць.
Уходзіць у сенцы, аж гнуцца каленцы,
А сэрца трасецца, баліць:
Што будзе тут скора — ці радасьць, ці гора?..
Вось дзьверы адпёр і глядзіць…
Ушоў, пазірае, сваіх пазнавае…
Ах, што-ж? Ці пазнае калі?
Заплакаў нябожа і глянуць ня можа:
Чужыя ужо там былі!..
|