Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/З песень беларускага мужыка

Воля З песень беларускага мужыка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Я мужык-беларус…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песень беларускага мужыка (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПЕСЕНЬ БЕЛАРУСКАГА МУЖЫКА

Я — багач, я — магнат! —
Усім рад, усім сыт!
Што мне пан, што мне кат!? —
Цэлы сьвет мне адкрыт!

Я усё закляну,
Усё сілай папру, —
З гор зраблю даліну,
А з далінкі гару!

Затрымаю ваду,
Цёмны бор павалю,
А як з сошкай пойду, —
Увесь сьвет накармлю!

Кажуць, кволы дух мой…
А ўсё-ж я маладзец:
Замахаю касой —
Трупам ляжа сівец!

Кажуць, крыўджу людзей…
Ах, каб іх жа багі —
Ці-ж ня з працы маей
Карыстае другі?!

Эй, дуж я да ўсяго —
На ральлі, на лугу!
Толькі гора свайго
Я змагчы не магу!..

Толькі шнур мой вузкі
Град аполе, пажне,
І залом ведзьмакі
Заплятуць на мяне.

Толькі ў хатцы маей
Зімой сьвішча віхор,
Хлябок вынасе зьмей,
Дроў ня дасьць панскі бор.

Толькі, як памру я,
Прападаю, як мыш, —
Няма хоць-бы гнільля
На труну і на крыж…

Толькі, як памру я,
Ня ўмірае бяда, —
Хоць з магілкі маей
Насып змые вада.