Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/З песень нядолі

З васеньніх напеваў З песень нядолі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З песень аб сваёй старонцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: З песень нядолі (Шумныя бярозы…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПЕСЕНЬ НЯДОЛІ

Шумныя бярозы
Пабяліў мароз.
Хацеў-бы я плакаць,
Дый ня маю сьлёз.

Хацеў-бы я пеці
Аб сваёй бядзе,
Дый мне сэрца ные,
Песенька ня йдзе.

Хацеў-бы, каб зімаў
Срогіх ня было,
Каб зарэла цягам
Летняе цяпло.

Хацеў-бы, каб доля
У хатцы жыла,
Каб з бурлівай рэчкай
Нядоля сплыла.

Хацеў-бы, каб воля
Гуляла са мной,
Каб сонейка грэла,
Як грэе вясной.

Але, божа мілы!
Долі ня відаць, —
Кайданы няволі
На руках зьвіняць.

Няма вясны, сонца,
Сьветлых дзён няма, —
Марозам марозіць
Срогая зіма;

Марозам марозіць,
Сьнегам адзяе,
На работу гоніць,
Есьці не дае.

Эх, пайду я ў поле
Долечкі шукаць,
З востраю касою,
Як на сенажаць!

Ой, пайду я ў поле,
Як-бы на вайну,
Шукаючы волю,
Шаблячкай махну!

Можа ўзойдзе доля
Ясьненькай зарой,
Можа блісьне сонцам
Воля нада мной!