Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Касцу

Касьба Касцу
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Песьня жней
Іншыя публікацыі гэтага твора: Касцу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАСЦУ

Стукі, стук, стук, малаток!
Кляпі коску, мужычок,
Кляпі востранька сваю,
А я песеньку сьпяю.
Гоп, гоп, гоп!
Я табе сьпяю.

Быў даўней народ хітрэй,
Ня знаў стрэльбаў, дык аей!
Коскі шаблямі былі,
Ваяваць з імі ішлі.
Гоп, гоп, гоп!
Ваяваць ішлі.

Касу ў шыйцы адагне
І насадзіць, і махне;
Сьмерць таму, хто ня зышоў:
Касой рэзалі ўрагоў.
Гоп, гоп, гоп!
Рэзалі ўрагоў.

І гарматаў быў ня страх,
Грамада вялікі гмах:
Адзін ляжа, сто ідзе,
А хто-ж роўны грамадзе?!
Гоп, гоп, гоп!
Роўны грамадзе?!

Дык і ты касу вастры,
І так хутка — раз, два, тры!
Ідзі з ёю на вайну,
А я йначай пець пачну.
Гоп, гоп, гоп!
Пець інакш пачну.

На вайну з травой ідзі,
Касі гладзенька, глядзі!
Пяруны грымоты б‘юць, —
Ты касі, адважным будзь.
Гоп, гоп, гоп!
Ты адважным будзь.

Пяюць птушкі пад вакном,
Лепшай долі даўно жджом…
Ну, досьць коску ўжо кляпаць,
Час з калодкі уставаць.
Гоп, гоп, гоп!
Час ужо ўставаць!