Бяжыць час дзень за днём, — скуль вазьміся, Пятрок
Наляцеў і пагнаў к касьбе жыва людзей;
Пайшлі ў ход малаток і каса, і брусок, —
Стукі-бразь, маху-шась, а дружней, а бардзей!
Сьвішчуць косы ў траве, проста дзіва, гульба;
Размахаліся рукі, ўзыгралася кроў,
Сонца паліць агнём, пот ліецца з ілба —
Абмахнуў рукавом, ды і далей пайшоў.
І пракос у пракос вырастае, як стой, —
Пан з карэтай-бы пэўна праехаў між іх.
Эх, аддаўся рабоце люд бедны з душой!
Калі есьць, як бог даў, як рабіць — за траіх.
Махай дружна касой, пакуль згіне раса —
Куй жалеза, пакуль не астыне яно!
Рэж аселіцу, брат, калі зрэзаў гумно,
А там далей — на лог няхай мчыцца каса.
Люба выйсьці, прайсьці па лагу, па гумне:
Гоман нейкі стаіць, сенам пахне укруг;
Ляжыць трупам трава, як народ на вайне,
А ў траве конік шастае, радуе слух.
Вось падвяла крыху. Жыва бабы на лог!
Трэба скошанае разьбіваць, аграбаць.
Сюды-туды!.. глядзі, ўжо пракосы ў валох;
Глядзь… і копамі ўбралі усю сенажаць.
.................
Дружна йдзі, бедны люд, калі сонца к касьбе
Кліча з неба ды голадам мучышся ты;
Рэж траву, дабывай долю сілай сабе,
З часам выйдзеш і ты з беднаты, з цемнаты.
Дружна йдзі, бедны люд, і з зары да зары
Працуй, біся, ня гніся пад лямкай цяжкой,
І за праўду сваю, дачакаўшы пары,
З касой вострай сваёй дружна, сьмела пастой!
|